Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму даюць прытулак у Нямеччыне


Мігранты ў Вугошчыне пратэстуюць, бо іх не пускаюць у Нямеччыну. 4 верасьня 2015 году
Мігранты ў Вугошчыне пратэстуюць, бо іх не пускаюць у Нямеччыну. 4 верасьня 2015 году

Сярод мігрантаў, якія прыбываюць у Нямеччыну, — выхадцы зь Сірыі, Аўганістану, Іраку, Эрытрэі і дзяржаваў Заходніх Бальканаў. У некаторых зь іх значна больш шанцаў атрымаць статус бежанца, чым у іншых.

Больш за ўсё шанцаў у выхадцаў зь Сірыі. У 2014 годзе было адмоўлена толькі 1% з больш як 26 тысяч сірыйцаў, якія падалі хадайніцтва аб прысваеньні статусу ўцекача. Нямеччына — самая гасьцінная краіна ЭЗ для бежанцаў зь Сірыі, дзе ў выніку чатырохгадовай грамадзянскай вайны загінула больш за 240 тысяч чалавек і каля чатырох мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі.

На гэтым тыдні Бэрлін зрабіў яшчэ адзін важны крок: 31 жніўня ў Фэдэральным офісе па міграцыі і бежанцах Нямеччыны заявілі, што ў дачыненьні да сірыйцаў прыпыняюць прымяненьне палажэньня ЭЗ, паводле якога краіны прызначэньня — такія як Нямеччына — могуць адправіць тых, хто просіць прытулак, назад у краіну першага перасячэньня агульнай мяжы ЭЗ (Дублінская дамова). «Нямеччына бярэ на сябе адказнасьць разгледзець іх хадайніцтвы», — гаворыцца ў заяве.

Грамадзяне заходнебальканскіх дзяржаў, якія спадзяюцца атрымаць прытулак або статус бежанца, маюць значна менш шанцаў, паколькі Бэрлін лічыць усе гэтыя краіны стабільнымі. Летась другой, пасьля Сірыі, краінай па колькасьці тых, адкуль просяць прытулак, стала Сэрбія. Аднак 63 адсоткі хадайніцтваў былі адхіленыя. Трэцяй буйной групай былі македонцы, якім адмовілі ў 65 працэнтах хадайніцтваў. Летась было таксама адмоўлена 50 % заяўнікаў з Косава, 60 % — з Босьніі і 82 % — з Альбаніі.

Працэнт прадстаўленьня прытулку для выхадцаў зь іншых частак сьвету залежыць ад таго, знаходзіцца краіна ў стане вайны ці міру. Чацьвёртай буйной групай летась былі выхадцы з Аўганістану, якім у хадайніцтвах адмовілі ў 21 % выпадкаў. Іракцам, якія складаюць шостую па колькасьці групу, было адмоўлена ў 9 % выпадкаў. У абедзьвюх краінах ёсьць як нестабільныя, гэтак і мірныя рэгіёны.

Колькі часу трэба на атрыманьне прытулку?

Звычайна для рашэньня наконт статусу ўцекача і выдачы субсыдыяў міграцыйныя органы патрабуюць каля сямі месяцаў. Аднак падыход да розных груп заяўнікаў не аднолькавы. У Нямеччыне дзейнічае экспрэс-сыстэма для хадайніцтваў з краін, якія лічацца стабільнымі. У лютым Бэрлін заявіў, што хадайніцтва выхадцаў з Косава аб прысваеньні статусу бежанца будуць разглядацца на працягу двух тыдняў. Падобныя працэдуры дзейнічаюць для выхадцаў з Босьніі, Сэрбіі і Македоніі.

— Абмяркоўваецца мэханізм стварэньня вельмі хуткай працэдуры для тых, у каго мала шанцаў на прадстаўленьне ^[статусу ўцекача^], каб утрымліваць іх да вынясеньня рашэньня ў спэцыяльных уцякацкіх дамах, — кажа Райнэр Олігер, дасьледчык па пытаньнях міграцыі ў арганізацыі Network Migration in Europe, у якую ўваходзяць навукоўцы і супрацоўнікі ў сфэры міграцыі ў Бэрліне.

Ён адзначае, што ў кожнага чалавека — зь любой краіны паходжаньня — ёсьць права на падачу хадайніцтва і яго паўнавартасны разгляд. Аднак мэта экспрэс-сыстэмы — разгрузіць міграцыйную службу, каб яна магла хутчэй рэагаваць на патрэбы выхадцаў з крызісных краін.

Што адбывалася падчас разгляду?

Усе заяўнікі першыя тры месяцы пражываюць у інтэрнатах. Гэта могуць быць абнесеныя плотам былыя баракі ўдалечыні ад буйных гарадоў. Пражываньне там бясплатнае, і заяўнікам выдаюць грошы на кішэнныя выдаткі ў памеры каля 140 эўра на чалавека ў месяц, а таксама забясьпечваюць бясплатнае мэдычнае абслугоўваньне ў выпадку пільнай неабходнасьці. Гэтыя тры месяцы заяўнікі ня маюць права на працу. Памер дапамогі на кішэнныя выдаткі заяўнікам зьяўляецца пастаянным прадметам абмеркаваньня ў Нямеччыне.

Цяпер вядуцца палітычныя спрэчкі аб тым, што гэта можа стаць стымулам з пункту гледжаньня Паўднёвай Эўропы, дзе сярэдні даход сям’і можа складаць, напрыклад, у Альбаніі, ад 300 да 500 эўра на месяц, — кажа Райнэр Олігер. Некаторыя прапануюць перастаць выплачваць гатоўку і замест гэтага ўвесьці сыстэму ваўчараў.

Па заканчэньні трох месяцаў заяўнікі пераводзяцца ў гарады і расьсяляюцца па кватэрах. Пасьля гэтага яны могуць шукаць працу, але іх могуць прыняць толькі тады, калі змогуць даказаць, што пасада ня можа быць занятая кваліфікаваным грамадзянінам Нямеччыны ці іншай краіны ЭЗ.

Што адбываецца пасьля атрыманьня прытулку?

Пасьля атрыманьня статусу бежанца людзі маюць роўныя з грамадзянамі Нямеччыны правы на працу і сацыяльныя паслугі. Яны могуць удзельнічаць у пошуку працы на роўных умовах і ў выпадку беспрацоўя атрымліваюць такую ж дапамогу, што і грамадзяне Нямеччыны. Ім даецца права на поўнае мэдычнае абслугоўваньне. Аднак іх жыцьцё яшчэ ня цалкам уладкаванае. Праз тры гады кожная справа зноў пераглядаецца, каб праверыць, ці застаецца неабходнасьць у статусе ўцекача. Калі не — гэты статус можа быць скасаваны.

Тыя, каму было адмоўлена ў хадайніцтве, могуць абскардзіць рашэньне ў судзе і ініцыяваць працэс, які можа працягнуцца некалькі месяцаў. Калі суд адхіліць апэляцыю, іх дэпартуюць.

Калі, як чакаецца, у Нямеччыну сёлета прыбудзе 800 тысяч тых, хто просіць прытулку, гэтая колькасьць паб’е мінулы рэкорд, які дасягнуў 438 000 ў 1992 годзе пасьля распаду Савецкага Саюзу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG