Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Міра Лукша


Міра Лукша (фота Яанны Шараметы)
Міра Лукша (фота Яанны Шараметы)

Міра (Міраслава) Лукша нарадзілася ў 1958 годзе ў Гайнаўцы на Падляшшы. Гадавалася ў вёсцы Баравыя Нараўчанскай гміны. Скончыла факультэты польскай і рускай філялёгіі ў Філіяле Варшаўскага ўнівэрсытэту ў Беластоку. Журналістка, пісьменьніца, перакладчыца, рэдактар. Дэбютавала ў 1973 у тыднёвіку беларусаў Польшчы «Ніва», дзе працуе з 1985. Жыве ў Беластоку. Сяброўка Беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа» і Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Сярод іншага, выдала кнігі паэзіі «Замова» (1993),"Ёсьць" (1994), «Wiersze tutejsze» (2003), «Жывінкі з глыбінкі» (2009) ды прозы «Дзікі птах верабей» (1992), «Выспа» (1994), «Бабскія гісторыі» (2001), «Гісторыі зь белага сьвету» (2008).

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Пасьля 13 кніг я пераканалася, што найбольш пішу для дзяцей. Некалі спыніла мяне бабулька перад царквой у Міхалове і спыталася, ці я гэта Міра Лукша і ці гэта мой верш «Коцік», бо ўсе ў іх дома ў захапленьні — і старыя, і малыя. Ці адно «коцік маркотны» і «хворы коцік» па мне застануцца? :-) Але прыемна, што родную мову беларусы Беласточчыны вывучаюць па маіх вершыках!

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Найлепш дома, па вуліцы Вясёлай у Беластоку, хаця даводзілася пісаць у розных іншых месцах, напрыклад, у чарзе ў паліклініку ці на шпітальным ложку. Зусім добра мне працуецца ў маім куточку ў рэдакцыі, асабліва калі сябры збоку натхняюць да творчасьці. Добра пішацца вельмі раньняй раніцай, днём, увечары, ноччу.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Падарожжаў Гулівэра».

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

«Аня зь Зялёных дахаў» Люсі Мод Мантгомэры.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Люблю чытаць вершы і прозу Людмілы Рублеўскай. Яшчэ Максім Гарэцкі. І Анатоль Сыс.

6. Што вы цяпер чытаеце?

«Дзьве душы» Максіма Гарэцкага. «Sokrat Janowicz. Pisarz transgraniczny». «Мясцовы час» Алеся Аркуша.

7. На якіх замежных мовах (польская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Свабодна на рускай і ўкраінскай.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

«Бабскія гісторыі» і «Жывінкі з глыбінкі».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Сьпісаць «сны маёй бабулі Любы» — яе гісторыю. Зборнік вершаў для дзяцей «Вяснушкі». І сабраць творы старога хулігана Вандала Арлянскага, пад загалоўкам (ён ужо «вісіць» гадоў 10) «Сто твараў».

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

Найбольш, калі іду па дарозе ў Белавескую пушчу — да сябе, у вёску Баравыя ў Нараўчанскай гміне. Парэччам Нарвы, па ўрочышчах Марушка, Падкапоўскае. Калі ісьці далей у той бок — можна напароцца на дзяржаўную мяжу. Ды што там межы!

Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы пачалі яе ад «шорт- і лонг-лістараў» сёлетняй прэміі імя Гедройця, працягнулі сябрамі журы гэтай прэміі, а цяпер прапануем гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG