Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадары краінаў Балтыі ўшануюць памяць закатаваных у Курапатах


Ілюстрацыйнае фота - польская ўрадавая дэлегацыя наведвае мэмарыял у Курапатах, 11 красавіка 2015 году

Праваабарончая грамадзкая арганізацыя «Мэмарыял» і грамадзкая ініцыятыва «За ўратаваньне Курапатаў» усталююць крыж і мэмарыяльную дошку ў памяць грамадзян краінаў Балтыі, закатаваных у Курапатах.

Жалобная цырымонія прымеркаваная да 75-годзьдзя пачатку акупацыі Літвы, Латвіі і Эстоніі Савецкім Саюзам. Удзелам у акцыі прымуць прадстаўнікі амбасадаў краінаў Балтыі. Пра гэта Свабодзе паведаміла актывістка ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Ганна Шапуцька:

«У 2009 годзе невядомыя вандалы раскапалі адну з магілаў у Курапатах, і мы прымалі ўдзел у перазахаваньні выкінутых вонкі парэшткаў. Сярод людзкіх костак мы пабачылі таксама абутак, які не належыў савецкай вытворчасьці і нават польскай, бо падобных рэчаў не знаходзілі ў магілах, дзе маглі быць пахаваныя грамадзяне Заходняй Беларусі. Як засьведчылі гісторыкі, даўнасьць гэтых пахаваньняў прыпадае якраз на пэрыяд пасьля акупацыі краінаў Балтыі. Таму ёсьць падставы меркаваць, што грамадзяне гэтых краінаў таксама былі расстраляныя ва ўрочышчы. Таксама гісторыкі спасылаюцца на сьведчаньні былых вязьняў і НКУС-аўцаў, якія мелі дачыненьне да тых падзеяў, што ў турмах былі зьняволеныя жыхары Літвы, Латвіі, Эстоніі.

На месцы тае раскапанае магілы падчас суботняй талакі мы ўсталявалі крыж. Сёньня ж, 15 чэрвеня, у дзень 75-гадавіны пачатку акупацыі краінаў Балтыі, мы ўсталюем на крыжы мэмарыяльную шыльду ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў з гэтых краінаў. Надпіс такі: „Жыхарам краінаў Балтыі, расстраляным на тэрыторыі Беларусі ў 1940 годзе“. Амбасадары краінаў Балтыі ўжо адгукнуліся на нашае запрашэньне і таксама прымуць удзел у гэтай памінальнай імпрэзе.

Мы лічым, што гэта мае быць зроблена ў памяць бязьвінна закатаваных людзей, месцы пахаваньня якіх невядомыя. Каб іх нашчадкі маглі прыйсьці ў гэтае сымбалічнае месца пахаваньня ўшанаваць памяць сваіх забітых продкаў».

Як паведаміла Ганна Шапуцька, грамадзкая ініцыятыва «За ўратаваньне Курапатаў» усё лета праводзіць талокі для ўпарадкаваньня Курапатаў. Яны адбываюцца двойчы на тыдзень: у аўторак і суботу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG