Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе наша свабода, Саша?


Андрэй Сахараў на трыбуне Першага зьезду народных дэпутатаў СССР, 1989 год
Андрэй Сахараў на трыбуне Першага зьезду народных дэпутатаў СССР, 1989 год

25 траўня 1989-га савецкія людзі глытнулі столькі свабоды, колькі ніколі да гэтага ня мелі. З таго дня тэрыторыя свабоды штодня пашыралася, з розным імпэтам, але пашыралася, у Беларусі – аж да моманту, калі прыйшоў той, хто гэтую свабоду адабраў.

Раніцай 25 траўня 1989 года у Доме друку (яшчэ «старым», які на праспэкце) атрымаў я ад Алеся Лукашука прынесеную ім з друкарні ягоную кніжку «Зьдзек». Гэта была першая выдадзеная ў Беларусі кніжка пра сталінскія рэпрэсіі, першая кніжка Алеся, ды яшчэ - з прадмовай Васіля Быкава. Кожнай з гэтых нагодаў хапала, каб увечары адзначыць. «Сяргею – у дзень вызваленьня народаў Афрыкі» - напісаў Алесь мне на кнізе. Пэўна, раніцай ён зазірнуў у «Каляндар памятных датаў».

Увечары – адзначылі, але ні сам аўтар, ні госьці пра кнігу, здаецца, не гаварылі.

Я увогуле сумняюся, ці была ў той вечар у Савецкім Саюзе хоць адна інтэлігенцкая кампанія, дзе тэмай размовы было б нешта іншае, чым убачанае удзень па тэлевізары.

Бо ў Маскве распачаўся першы З'езд народных дэпутатаў СССР, што калі і не зрабіла гэты дзень вызваленьнем народаў Савецкаму Саюза, дык вельмі істотна на працэс паўплывала.

Зь першых імгненьняў трансьляцыі дзесяткі мільёнаў, якія сядзелі перад тэлеэкранамі ці радыёпрымачамі, былі шакаваныя нерэальнасьцю, па-просту фантастычнасьцю таго, што адбывалася ў Крамлёўскім палацы зьездаў. Калі б сказалі: «Гэта гуляюць акторы, гэта ўсё не па-сапраўднаму» - далібог, можна было б паверыць

Не пасьпеў старшыня сказаць уступнае слова, як нейкі дэпутат выйшаў на трыбуну і запатрабаваў правесьці рассьледаваньне красавіцкіх падзеяў у Тбілісі, дзе войскі забілі мірных пратэстоўцаў.

Але справа ня ў зьмесьце выступу (пра тбіліския падзеі пісалі некаторыя лібэральныя выданьні кшталту «Огонька» ці «Московских новостей») - нават калі б прамоўца ўзяў «Буквар» зачытаў алфавіт, ды хоць бы нават і ўрывак з «Праграмы КПСС» -- узьдзеяньня было б не нашмат меншым.

Бо дзесяцігодзьдзямі нішто ў сьценах Крамля не адбывалася зьнянацку. Кожны, хто выйшаў бы на трыбуну гэтага палацу па-за сцэнаром (а там з пачатку 1960-ых праходзілі з'езды КПСС) – адразу быў бы ўзяты пад ручкі і пакладзены ў псыхіятрычную клініку (і гэта было б самым мяккім пакараньнем), а іншым патлумачылі б, што ня вытрымаў таварыш радасьці бачыць зблізку правадыроў. Дарэчы, пра правадыроў: члены Палітбюро ўпершыню сядзелі не ў прэзыдыюме, а ў партэры, разам зь іншымі. І гэта таксама ўражвала.

А потым ўзьняўся яшчэ адзін дэпутат і прапанаваў сябе ў альтэрнатыву Гарбачову.

Тэлекамэры зафіксавалі эмоцыі ў залі – стрыманы сьмех, але вельмі кароткі: ну вось гэтага, канешне, выведуць. Не расстраляюць (пры Сталіне б, ясна, да сьценкі гада!), але – выведуць.

Не вывелі.

А яшчэ на трыбуну ўзьняўся акадэмік Сахараў.

«Зараз адключаць трансьляцыю» - упэўнена сказаў нехта з тых, з кім глядзелі тэлевізар.

Не адключылі.
Міхаіл Гарбачоў сярод дэпутатаў, 25 траўня 1989 г.
Міхаіл Гарбачоў сярод дэпутатаў, 25 траўня 1989 г.
На наступны дзень зьезд працягваўся, і на Ленінскім праспэкце кожны трэці ішоў, прыклаўшы да вуха транзыстар – каб не ўпусьціць нейкае важнае слова! Зьезд імгненна дэвальваваў і прыгаданы «Огонёк», і «Московские новости» - бо слова, вымаўленае з дазволу Гарбачова журналістамі, імгненна набывала палітычную вагу. На вачах мільёнаў упершыню рабілася рэальная палітыка.

Напэўна, у Беларусі гэта быў найвышэйшы градус палітызацыі – шкада, яго не скарысталі дэпутаты зь Беларусі. Праўда, ніводнага кандыдата ад БНФ на тых выбарах не прапусьцілі: перш чым патрапіць у бюлетэні, трэба было прайсьці так званы «акруговы сход», дзе «прадстаўнікі грамадзкасьці» (вызначаныя райкамамі) выкрэсьлівалі ўсіх, хто быў зьвязаны з БНФ. Так зрабілі па некалькіх акругах з Пазьняком (ён безумоўна быў бы абраны). Так было і ў мяне ў Віцебску – хаця пасьля перамогі над АЭС вылучылі мяне калектывы найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў, прычым я дзеля гэтага і пальцам, як кажуць, не паварушыў – зусім невядомыя мне людзі выявілі ініцыятыву. Такі вось быў энітузыязм.

У тыя дні, гледзячы тэлевізар, я думаў – што б я рабіў, калі б быў там, у той крамлёўскай залі? Ну ясна ж, не сядзеў бы моўчкі. Вунь эстонцы, латышы, літоўцы – хаця і мякка, але гнуць сваю лінію: сувэрэнітэт. Не, пра выхад з СССР пакуль не гучала, але пра сувэрэнітэт – гаварылася.

Потым я дзякаваў Богу, што мне пашанцавала ў крамлёўскай залі не апынуцца – бо маючы мандат народнага дэпутата СССР я хутчэй за ўсё, ня ўдзельнічаў бы ў выбарах у Вярхоўны Савет Беларусі і не спрычыніўся б да гістарычных падзеяў 91-га.

Хуткасьць, зь якой у траўні 89-га яшчэ ўчора нікому невядомыя асобы набылі «агульнасаюзную» папулярнасьць, велічыня гэтай папулярнасьці – былі параўнальныя хіба што з касманаўтамі першага, «гагарынскага» прызыву. Потым будуць казаць, што, у прынцыпе, іх прапановы былі трывіяльнымі – на ўзроўні базавага разуменьня дэмакратыі якім-небудзь «сярэднім» эўрапейцам.

Але тое – эўрапейцам.

А для савецкіх людзей гэта было – адкрыцьцём.

І вельмі важна, што тыя словы, элемэнтарныя словы пра дэмакратыю, былі сказаныя.

Гэта як у 2006 годзе, калі кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін у прамым тэлеэфіры спытаўся - «Дзе грошы, Саша?». Ніхто не памятае выбарчую праграму Казуліна – але гэтыя словы запомнілі ўсе (а адрасат неўзабаве і прыпомніў іх апанэнту, турэмным зьняволеньнем). І тут справа ня толькі ў асабістай сьмеласьці, колькі ў рэалізаваным жаданьні пачуць нарэшце тое, што сам вымавіць ня можаш (ці ня хочаш, ці не дазваляюць). Свабодзе казаць і свабодзе слухаць.

У той дзень 25 траўня 1989-га савецкія людзі глытнулі столькі свабоды, колькі ніколі да гэтага ня мелі. З таго дня тэрыторыя свабоды штодня пашыралася, з розным імпэтам, але пашыралася, у Беларусі – аж да моманту, калі прыйшоў той, хто гэтую свабоду адабраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG