Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмія Навук прызнала гістарычную каштоўнасьць БНР


Газэта «Зьвязда» правяла круглы стол з удзелам гісторыкаў Акадэміі Навук. Усе яны адзінадушна прызналі гістарычнае значэньне Беларускай Народнай Рэспублікі як нацыянальнай формы беларускай дзяржаўнасьці.

«Грамадзянін Рэспублікі Беларусь» — кажам пра сябе мы, яе жыхары. Кажам і не задумваемся часта пра тое, з чаго і як утваралася гэтая рэспубліка. Дзе быў той самы вызначальны момант, калі людзі маглі перастаць сябе лічыць проста насельніцтвам нейкай абстрактнай тэрыторыі. Калі яны змаглі перастаць сарамліва гаварыць пра сябе «мы — тутэйшыя». Калі нехта паставіў пытаньне пра тое, каб насельніцтва з годнасьцю магло называць сябе народам. І варта азірнуцца назад. Варта ўзгадаць той невялічкі пэрыяд у гісторыі гэтага асобнага — у чым сёньня няма сумневу — народу, калі яго «тутэйшасьць» была заменена дзяржаўнасьцю. Амаль сто гадоў таму ў нашай гісторыі быў момант, які дагэтуль яшчэ можа быць цалкам не ўсьвядомлены ўсім нашым грамадзтвам як лёсавызначальны, калі нацыя заявіла пра сябе праз спробу ажыцьцяўленьня дзяржаўнасьці. І галоўнае тут: заявіла. Каб празь нейкі час, у больш спрыяльных умовах, ідэя стала рэальнасьцю — у выглядзе незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Каб павярнуць грамадзян Беларусі да гісторыі, даўшы ім чарговы раз адчуць гонар за свой народ, у рэдакцыі газэты «Зьвязда» сабраліся гісторыкі, філёзафы, палітолягі на «круглы стол», які праводзіцца газэтай па ініцыятыве Аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Нашы экспэрты — тыя, хто прафэсійна займаецца навуковым асэнсаваньнем складаных і супярэчлівых падзей, якія разгарнуліся ў пачатку ХХ стагодзьдзя і прывялі да станаўленьня беларускай дзяржавы — ад Беларускай Народнай Рэспублікі да Рэспублікі Беларусь:

Аляксандр Каваленя, акадэмік-сакратар Аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафэсар; Вячаслаў Даніловіч, дырэктар Інстытуту гісторыі НАН, кандыдат гістарычных навук; Мікалай Сьмяховіч, загадчык Цэнтру гісторыі індустрыяльнага грамадзтва Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт; Сяргей Трацьцяк,загадчык аддзела найноўшай гісторыі Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук; Валянцін Мазец, старшы навуковы супрацоўнік аддзелу гісторыі беларускай дзяржаўнасьці Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт; Валеры Явароўскі, загадчык цэнтру гісторыка-філязофскіх і карпаратыўных дасьледаваньняў Інстытуту філязофіі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт; Андрэй Унучак, загадчык сэктару гістарыяграфіі мэтадаў гістарычных дасьледаваньняў Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук; Андрэй Зябко, выкладчык Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка; Мікалай Мятліцкі, галоўны рэдактар часопісу «Полымя», паэт; Юрый Царык, намесьнік дырэктара Дома прэсы, палітычны аналітык.

Аляксандр Каваленя: Апошнім часам зьявілася нямала публікацый палянафільскага і русафільскага напрамку, якія закранаюць праблему беларускай дзяржаўнасьці. Некаторыя аўтары імкнуцца адмаўляць наяўнасьць беларускай мовы, імкнуцца даказаць штучнасьць беларускай дзяржаўнасьці. Гэтыя факты ня могуць не непакоіць нас, гуманітарыяў. Так, адзін з аўтараў сьцьвярджае: «Луцевич взял себе псевдоним „Купала“ и стал одним из родоначальников псевдонародной субкультуры, которая впоследствии стала выдаваться большевиками за подлинно народную белорусскую культуру, что совпадало с их стратегией на эскалацию революционной борьбы с использованием национальных противоречий в многонациональной Российской империи...»
У канцы ХІХ — пачатку ХХІ стагодзьдзя ідэя беларускай дзяржаўнасьці была сфармулявана і нават зроблена спроба яе рэалізаваць.

Далей гэты аўтар імкнецца даказаць, што разам з «Элоизой Пашкевич и другими выходцами из шляхетского сословия он принял активное участие в создании «белорусского мифа»... Ёсьць шмат іншых выказваньняў, якія закранаюць нашых клясыкаў, тых, хто стаяў ля вытокаў фарміраваньня беларускай мовы. Вядома, названыя і некаторыя іншыя пасылы зьяўляюцца не толькі гістарычнай фальсыфікацыяй, але і палітычна шкоднай зьявай, якая падрывае незалежнае будаўніцтва Рэспублікі Беларусь.

Таму варта зьвярнуцца да нашай гісторыі канца ХІХ — пачатку ХХІ стагодзьдзя, калі сапраўды ідэя беларускай дзяржаўнасьці была сфармулявана і нават зроблена спроба яе рэалізаваць.

Перш за ўсё мы павінны зьвярнуць увагу на спрадвечнае геапалітычнае месцазнаходжаньне беларускіх земляў, якія ляжалі на перакрыжаваньні шляхоў зносін і зьяўляліся фарпостам духоўнага разлому. Беларусь была тэрыторыяй праваслаўнай, затым прыйшоў каталіцызм, гэты духоўны разлом тут меў сваё адлюстраваньне.

Другое: мы павінны зьвярнуць увагу на міжнароднае становішча напярэдадні абвяшчэньня БНР. Распачаты ваенны канфлікт перарос у сусьветную крывавую бойню, прывёў да распаду чатырох імпэрый: Германскай, Расійскай, Асманскай, Аўстра-Вугорскай. Ён падштурхнуў у шэрагу ваюючых краін унутрыпалітычны крызіс і прывёў да рэвалюцыйных зьмен у краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Становішча ў Расійскай імпэрыі ўскладнялася прадажнасьцю, казнакрадзтвам чыноўнікаў і недальнабачнасьцю палітычнай апазыцыі, якая ўзяла на ўзбраеньне лёзунг: «Чым горш — тым лепш». У выніку ўлада перайшла да той палітычнай сілы, якая заявіла аб выхадзе краіны з вайны, абвясьціла зразумелыя і даступныя для простага, зьнясіленага чатырма гадамі вайны «чалавека з ружжом» лёзунгі: «Далоў вайну!», «Далоў капітал», «Зямля — сялянам», «Фабрыкі і заводы — рабочым».

У рэчышчы размовы аб БНР хачу сказаць яшчэ пра адзін лёзунг — аб праве нацый на самавызначэньне аж да аддзяленьня. Заўважым, што гэтая ідэя была папулярная ня толькі сярод бальшавікоў, але і сярод мясцовых нацыянальна-дэмакратычных сіл, што і прывяло да развалу Расійскай імпэрыі.

Гэтыя ідэйна-прапагандысцкія лёзунгі бальшавікоў узмацнялі ўнутраны сацыяльны разлом і руйнавалі імпэратарскую армію.

Трэцяе: сацыяльна-эканамічнае і грамадзка-палітычнае становішча на тэрыторыі беларускіх земляў. Чацьвёртае: унутрыпалітычная барацьба і дзейнасьць розных грамадзка-палітычных плыняў, якія існавалі ў гэты час на тэрыторыі Расіі і ў першую чаргу ў нашым рэгіёне, заходніх губэрнях.

Сёньня некаторыя палітыкі і гісторыкі ігнаруюць прынцып гістарызму. Прычым робіцца гэта асэнсавана. З гістарычнага кантэксту вырываюцца факты і падзеі для дасягненьня асабістых мэтаў — палітычных ці сацыяльна-эканамічных. Мы, як гісторыкі, павінны сказаць, што абвяшчэньне БНР — гэта гістарычна абумоўленая падзея. Факт абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі і дзейнасьць яе Рады — гэта была першая спроба не толькі прадэкляраваць, але і ажыцьцявіць практычныя захады ўтварэньня беларускай дзяржаўнасьці, што мае вялікае гістарычнае значэньне.

Абвяшчэньне БНР аказала значны ўплыў на фарміраваньне нацыянальнай самасьвядомасьці беларускага народу, стала важным крокам далейшага дзяржаватворчага працэсу.
Абвяшчэньне БНР аказала значны ўплыў на фарміраваньне нацыянальнай самасьвядомасьці беларускага народу, стала важным крокам далейшага дзяржаватворчага працэсу

Ад размоў аб фарміраваньні беларускай ідэі мы прыйшлі да рэалізацыі гэтых ідэй. Ідэі за дзень не фарміруюцца, а ўзьнікаюць дзякуючы таму, што было ўжо напрацавана ў грамадзтве. Каб засьведчыць шлях беларускага народу да сваёй дзяржаўнасьці, Інстытутам гісторыі НАН выдадзена манаграфія «Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці» ў дзьвюх кнігах, дзе з навуковага пункту гледжаньня даецца ацэнка гэтых падзей.

Вячаслаў Даніловіч: Адной з актуальных, стрыжнёвых праблем нашай гістарычнай навукі стала праблема дасьледаваньняў беларускай дзяржаўнасьці. І менавіта гэтым мы кіраваліся, калі ў 2005 годзе ў нас у Інстытуце быў створаны аддзел гісторыі беларускай дзяржаўнасьці. Аддзел на сёньняшні дзень зьяўляецца каардынуючым цэнтрам па дасьледаваньні праблематыкі гісторыі беларускай дзяржаўнасьці для ўсіх навукоўцаў нашай краіны ў рамках дзяржаўнай праграмы навуковых дасьледаваньняў. Менавіта нашымі акадэмічнымі вучонымі-гісторыкамі была распрацавана навуковая канцэпцыя аб тым, што ў гісторыі Беларусі існавалі гістарычныя і нацыянальныя формы беларускай дзяржаўнасьці.

Гістарычныя формы, пачынаючы з Х стагодзьдзя, якія былі на нашай тэрыторыі — гэта Кіеўская Русь, Полацкае, Тураўскае княствы. І нацыянальныя формы дзяржаўнасьці: першая — Беларуская Народная Рэспубліка, пазьней БССР і, нарэшце, Рэспубліка Беларусь.

Гэта новае слова ў нашай гістарычнай навуцы. Да гэтага часу не было такой якасна абгрунтаванай канцэпцыі, якая дазваляе ўпарадкаваць формы дзяржаўнасьці, якія існавалі на нашай тэрыторыі.

«Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці» падрыхтавана ў адпаведнасьці з нашай нацыянальнай ідэалёгіяй. Мы выклалі матэрыял, гістарычныя факты так, як яны выглядаюць, калі падыходзіць да іх з аб’ектыўнага пункту гледжаньня, з пункту гледжаньня нас як народу, як нацыі беларусаў. Таму што мы лічым вельмі важным даводзіць да шырокай грамадзкасьці погляд на нашу гісторыю з пункту гледжаньня беларусаў. Калі мы гэта ня будзем рабіць, то можам атрымаць польскі, украінскі, расійскі варыянт нашай гісторыі, а ў нас павінен быць уласны погляд на гістарычныя падзеі, якія адбываліся на нашай тэрыторыі.

Напрацоўкі Інстытуту гісторыі па тэме беларускай дзяржаўнасьці сёньня актыўна ўключаюцца ў падручнікі і вучэбна-мэтадычныя дапаможнікі. З 2012 году мы пачалі чытаць спэцкурсы ў ВНУ краіны па гісторыі беларускай дзяржаўнасьці. Сымбалічна: першая ВНУ, дзе мы пачалі такі спэцкурс, — Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт.

Андрэй Унучак: Пытаньне дзяржаўнасьці вельмі шчыльна зьвязана з пытаньнем існаваньня асобнага народу. Няма асобнага народу — няма пытаньня пра асобную дзяржаву, увогуле няма прадмету для размовы. Таму лідэры беларускага нацыянальнага руху на пачатку ХХ стагодзьдзя займаліся сьцьвярджэньнем гэтага факта ў грамадзкай думцы Беларусі і ўвогуле ўсёй Расійскай імпэрыі: ёсьць беларуская нацыя, якая мае свае палітычныя правы і галоўнае — права на ўласную дзяржаву.

Галоўнымі асобамі беларускага нацыянальнага руху былі браты Луцкевічы, Іван і Антон, і Вацлаў Іваноўскі. Цэнтрамі руху — Санкт-Пецярбург, Вільня і Мінск.

Пачыналася ўсё ў сталіцы Расійскай імпэрыі — Санкт-Пецярбургу, у 1902 годзе, на той момант у Пецярбургу жыло 70 тысяч беларусаў (калі меркаваць па тым, дзе людзі нарадзіліся, па веравызнаньні, па мове)...

Мікалай Сьмяховіч: Трэба ўдакладніць, што дзяржаваўтваральныя працэсы і нацыяўтваральныя працэсы, якія пачаліся ў ХІХ стагодзьдзі, ішлі разам, а не паасобку. Дыялектыка такая: калі ёсьць народ, то ён патрабуе рэалізаваць сваё права на дзяржаву. Калі няма дзяржавы, то няма і народу. І ў нацыяўтваральным працэсе маюць вялікае значэньне такія рэчы, як мова ці веравызнаньне.

Але самае важнае — стварэньне нацыянальнай эліты. А гэта ня толькі палітычная эліта, гэта эліта эканамічная, культурная, навуковая. Кола нацыянальнай эліты можа быць вузкае. Але нацыянальная эліта праз барацьбу за нацыянальныя ідэалы, за рэалізацыю права беларусаў на сваю дзяржаву, за месца сваё ў арэале эўрапейскай геапалітыкі, рэалізоўвала думкі народу.

Ня трэба, каб увесь народ, усе сяляне ішлі стройнымі радамі са зброяй у руках. Ёсьць прадстаўнікі, мовай якіх агучваюцца ідэі.
Кола нацыянальнай эліты можа быць вузкае. Але нацыянальная эліта праз барацьбу за нацыянальныя ідэалы, за рэалізацыю права беларусаў на сваю дзяржаву, за месца сваё ў арэале эўрапейскай геапалітыкі, рэалізоўвала думкі народу.

Андрэй Унучак: Адметна, што пачынальнікі беларускага руху былі вельмі маладымі людзьмі. Напрыклад, на момант стварэньня першай беларускай палітычнай партыі Вацлаў Іваноўскі, адзін зь лідэраў, меў 22 гады. Іван Луцкевіч — 21 год. Але арганізацыі пачынаюць стварацца вельмі хутка: «Клюб беларускай народнай асьветы і культуры», пазьней узьнікае «Беларуская сацыялістычная грамада»...

На самым пачатку нашага адраджэньня выключную ролю мела газэта «Наша ніва». З 1906 да 1915 году выйшла каля 1 мільёну асобнікаў абодвума шрыфтамі (яна выходзіла да 1912 году кірыліцай і лацінкай, пасьля — толькі кірыліцай). З гэтай газэтай зьвязана падрыхтоўка грамадзтва ўвогуле да ідэі беларускай дзяржаўнасьці, беларускай незалежнасьці.

Ствараліся беларускія кнігарні, беларускі музычна-драматычны гурток, беларускія каапэратывы і іншыя арганізацыі. Запачаткоўваецца клясычная беларуская літаратура — Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі. Фактычна на момант пачатку Першай сусьветнай вайны ўжо была створана канкрэтная праграма. У праграме «Беларускай сацыялістычнай грамады» было заяўлена пра «краёвую аўтаномію». Мелася на ўвазе тэрыторыя сучаснай Літвы і Беларусі зь сэймам у Вільні.

Сама «Наша ніва» ў 1913 годзе пісала: «Чаго ў нас няма?» І адказвала: самая прынцыповая рэч, якой не было — нацыянальная царква, пісалі яны. Нацыянальная царква — гэта ёсьць сувязь паміж ідэяй і шырокімі масамі. Напрыклад, калі абвяшчалася літоўская незалежнасьць, то пра яе людзі даведаліся, прыйшоўшы ў нядзелю ў касьцёл.

У нас гэтая праблема заставалася аж да канца Першай сусьветнай вайны.

Аднак у тых умовах лідэры беларускага нацыянальнага руху зрабілі ўсё, што ад іх залежала: факт існаваньня народу быў сьцьверджаны, заснаваны беларускі друк, беларускае выдавецтва, выпрацавалася беларуская літаратурная мова, акрэсьлены межы, акрэсьлена колькасьць насельніцтва, зроблена вялікая справа, каб пачаць беларускае школьніцтва, і самае галоўнае: беларуская нацыянальная ідэя стала прызнавацца на міжнародным узроўні, зь ёй сталі лічыцца.

Мікалай Сьмяховіч: Вельмі важны гістарычны вопыт. Да гэтага беларусы не мелі вопыту дзяржаўнага будаўніцтва. Цяпер яны ўзяліся за яго. У гэтым сіла БНР: у полымі Першай сусьветнай вайны беларусы, закасаўшы рукавы, імкнуліся стварыць сваю ўласную дзяржаву. Гарыць зямля, сьвет гарыць, а тут людзі, на тэрыторыі, падзеленай франтамі, увасабляюць ідэю ў жыцьцё. Ці ж гэта не гераізм?

Андрэй Зябко: Першая сусьветная вайна была ня проста фонам, яна была выключным фактарам, які фактычна фарміраваў падзеі, пра якія мы сёньня згадваем. Мірнае насельніцтва знаходзілася ў складаных умовах: павысіліся цэны на тавары першай неабходнасьці, расла спэкуляцыя, з-за недахопу інфармацыі распаўсюджваліся чуткі. Таму людзі ставіліся да вайны нэгатыўна. Пра гэта сьведчаць лісты мясцовых жыхароў салдатам. Цэнзары Заходняга фронту адзначалі, што «ў многіх пісьмах у армію праглядае адкрытае жаданьне, каб вайна скончылася хутчэй».

Падобныя настроі панавалі і сярод вайскоўцаў на фронце. Напярэдадні 1917 году значна зьмяніўся кадравы склад арміі, у акопах пераважна знаходзіліся салдаты, якія ў мірны час не праходзілі баявой падрыхтоўкі або наогул былі вызвалены ад воінскай службы. Іх матывацыя і баявы дух былі слабейшымі, чым у кадравых салдат, што ўзмацняла ў іх жаданьне хутчэй скончыць вайну і накіравацца дадому. У арміі ў гэты час расьце дэзэрцірства, часьцей здараюцца выпадкі адмаўленьня ад выхаду на баявыя пазыцыі. Павялічваецца колькасьць пісьмаў, дзе вайскоўцы выказваюцца аб нежаданьні ваяваць. За 2,5 году людзі страшэнна стаміліся ад вайны, яны сталі нэгатыўна ставіцца да тых, хто яе разьвязаў, упаў прэстыж імпэрскага ўраду і самога імпэратара. Усё гэта стварыла ўмовы для розных альтэрнатыў далейшага разьвіцьця.

Сяргей Трацьцяк: Беларускі нацыянальны рух таксама аказаўся расколатым вайной. Частка яго дзеячаў апынулася па германскі бок фронту, частка — па расійскі. Атрымалася так, што да 1918 году нацыянальна-палітычныя памкненьні гэтых дзьвюх груп — якія можна назваць віленскім і мінскім цэнтрамі — разыходзіліся.

Віленская група адразу выставіла лёзунг «Аднаўленьне незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага». Што датычыцца мінскай групы, то ў 1917 годзе, пасьля лютаўскай рэвалюцыі, яна прапанавала лёзунг «Аўтаномная беларуская рэспубліка ў складзе фэдэратыўнай дэмакратычнай Расійскай рэспублікі».

Трэба зазначыць, што дзеячы зь Вільні і Мінску здолелі сустрэцца і дамовіцца аб тым, як дзейнічаць надалей. Арыентацыя на аднаўленьне ВКЛ адышла ў мінулае. Трэба было думаць пра тое, як будаваць нацыянальную дзяржаву. А што яе прыйдзецца будаваць, было відавочна.

І вось 25 сакавіка 1918 году, пасьля доўгіх спрэчак, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі з удзелам прадстаўнікоў Беларускай рады Віленшчыны прымае Трэцюю Ўстаўную грамату да народаў Беларусі, у якой абвяшчае поўную дзяржаўную незалежнасьць БНР у межах Магілёўскай, Мінскай, беларускіх частак Віцебскай, Віленскай, Гродзенскай, Смаленскай, Чарнігаўскай, і суседніх губэрняў.

На моцы гэтага, адзначалася ў Трэцяй Устаўнай грамаце, урад Беларускай Народнай Рэспублікі мае ўвайсьці ў зносіны з зацікаўленымі бакамі, прапануючы перагледзець тую частку «берасьцейскага трактату», якая датычыць Беларусі, і падпісаць мірную дамову з усімі дзяржавамі, што ваявалі. Рада БНР заяўляла, што Беларуская Народная Рэспубліка не была ўдзельнікам Першай сусьветнай вайны і таму яна мае поўнае права заключыць адпаведныя дагаворы з усімі бакамі: як з краінамі Антанты, так з краінамі Чацьвярнога саюзу.

А далей атрымалася тое, што атрымалася. Беларуская Народная Рэспубліка не ўваходзіла ў пляны германскай акупацыйнай улады. Акупанты беларускай Радзе перашкод не чынілі, але ўвесь час яскрава давалі зразумець: усё, на што яна можа разьлічваць — гэта роля органу нацыянальнага прадстаўніцтва пры акупацыйнай адміністрацыі.
Паьсля таго, як была абвешчана БНР, бальшавікі ўжо не маглі ігнараваць пытаньне стварэньня беларускай дзяржавы.

Савецкі ўрад не жадаў прызнаваць Беларускую Народную Рэспубліку і тут ішоў насуперак сваім заявам, якія рабіліся дзеячам Усебеларускага зьезду перад яго скліканьнем у сьнежні 1917 году: калі абвесьціце незалежную беларускую савецкую сацыялістычную рэспубліку — то так яно і будзе... У тым геапалітычным становішчы, у якім у 1917–18 годзе апынуліся беларускія нацыянальна-палітычныя сілы, яны зрабілі максымум таго, што маглі: яны абвясьцілі незалежную рэспубліку. Абвясьціўшы незалежнасьць Беларусі, яны задалі верхнюю плянку, ніжэй якой сягаць ужо было нельга.

Мікалай Сьмяховіч: Пасьля таго, як была абвешчана БНР, бальшавікі ўжо не маглі ігнараваць пытаньне стварэньня беларускай дзяржавы...

Валянцін Мазец: Само абвяшчэньне, кажучы словамі Аляксандра Цьвікевіча, аднаго з прадстаўнікоў ураду БНР, «не шукае для сябе апраўданьня, а сваім зьместам сьцьвярджае спрадвечнае права народу Беларусі на волю. Дзякуючы акту 25 сакавіка Беларусь ня стала незалежнай дзяржавай, але гэта не зьмяншае надзвычайнай гістарычнай вартасьці гэтага акту і галоўнейшага закону беларускага вызваленчага руху. Ён ня стаў законам, праведзеным у жыцьцё, але ён стаў законам беларускага жыцьця».

І далей у тым жа самым артыкуле «Чатыры гады: 1918 — 1922» Цьвікевіч піша: «Толькі беспасярэдняя воля народу, выражаная ў актыўным чыне, здольная стварыць трывалую дзяржаву. Калі такой волі няма, ці яна яшчэ недастатковая, то задача палітыкаў разьвіваць яе і ўсебакова культываваць». Гэта вельмі важная заўвага і для сёньняшняга дня. Дзяржава тады трывалая, калі дзяржаўныя інстытуты падтрымліваюцца большасьцю народу. Прадстаўнікі розных палітычных сіл абвяшчэньне БНР разглядалі як факт рэальны, крок неабходны, які дазволіць кансалідаваць усе народы, якія насялялі Беларусь, у дасягненьні дзяржаўнасьці і незалежнасьці.

У гэтым напрамку якраз дзейнасьць Рады БНР і Народнага Сакратарыяту ў тых умовах была майстэрствам магчымага.

Хачу зьвярнуць увагу, што на шляху інстытуалізацыі беларускай дзяржаўнасьці ў тых вельмі складаных умовах зроблена было даволі шмат. Па-першае, на акупацыйнай тэрыторыі было адкрыта (па папярэдніх падліках) ад 150 да 250 школак. Дзейнічаў тэатар і гастраляваў па Беларусі!

Рада БНР і Народны сакратарыят прынялі спэцыяльную інструкцыю, паводле якой праводзілі рэгістрацыю грамадзян Беларускай Народнай Рэспублікі. Удалося выявіць больш за 1000 такіх пасьведчаньняў. У архівах захавалася пасьведчаньне Народнага Сакратарыяту БНР за № 1042, выпісанае на імя Янкі Купалы.

Акрамя таго, у 1918 г. у друкарні Язэпа Галеўскага ў Бэрліне быў выпушчаны агульнаграмадзянскі пашпарт Беларускай Народнай Рэспублікі, які складаўся з 12 старонак, а на вокладцы была выява дзяржаўнага герба. На атрыманьне гэтых пашпартоў у Беларускім консульстве ў Адэсе запісалася каля 16 тысяч беларусаў, якія ваявалі тады на Румынскім фронце і жадалі вярнуцца дадому.

Акрамя іншага, праводзілася інстытуалізацыя БНР на месцах: ствараліся мясцовыя беларускія рады, яны фарміраваліся не па ўказаньні немцаў, а ўзьнікалі самастойна.

Выяўлена таксама вялікая колькасьць дакумэнтаў, дзе сяляне зьвяртаюцца да Народнага Сакратарыяту з просьбай абараніць ад гвалту з боку нямецкіх акупацыйных улад. Вялікую работу зрабіла бежанская камісія Рады БНР. Толькі на працягу ліпеня-лістападу1918 году празь яе намаганьні на радзіму праз Баранавічы вярнуліся 4 тысячы уцекачоў-беларусаў.
Весьці гутарку аб гарантыі правоў беларускага насельніцтва ва ўмовах акупацыі наогул немагчыма.

Разам з тым Беларуская Народная Рэспубліка была дзяржаўным утварэньнем у стадыі фарміраваньня. Хоць БНР абвяшчалася ў межах этнаграфічнага расьсяленьня беларусаў, але юрысдыкцыю на гэтай тэрыторыі не ажыцьцяўляла. Не было арміі, паліцыі, адсутнічала фінансавая сыстэма. Сфарміраваная ўлада на месцах абмяжоўвалася прадстаўніцтвам пры акупацыйных уладах. Весьці гутарку аб гарантыі правоў беларускага насельніцтва ва ўмовах акупацыі наогул немагчыма.

Вячаслаў Даніловіч: Сапраўды, формы ўлады БНР былі зародкавыя. Пры спрыяльных умовах яны маглі пераўтварыцца ў рэальную структуру. Але гэта ні ў якай меры не прымяншае важнасьці і значнасьці для нашай гісторыі самога факта абвяшчэньня (упершыню за тысячагодзьдзі) права беларусаў на нацыянальнае самавызначэньне.

Мікалай Сьмяховіч: Да 2011 году гісторыкі вялі гутарку аб тым, што БНР — гэта беларуская дзяржава, якую паспрабавалі стварыць дзеячы ў найскладанейшай геапалітычнай сытуацыі ва ўмовах Першай сусьветнай вайны, а канкрэтна — у рэаліях Брэсцкага міру 1918 году. Вакол гэтага пытаньня разгортваліся гарачыя спрэчкі. Адны казалі: так, была беларуская дзяржава, іншыя: не, яна не адбылася.

Сёньня мы зусім па-іншаму разглядаем гэтыя пытаньні. Мы вядзём гаворку пра тое, што БНР была нацыянальнай формай беларускай дзяржаўнасьці.

Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што ў калектыўнай манаграфіі «Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы ХVІІІ — пачатку ХХІ ст.» упершыню ў беларускай гістарыяграфіі распрацавана і рэалізавана новая канцэпцыя гісторыі беларускай дзяржаўнасьці.

У чым сутнасьць гэтай канцэпцыі? Мы ўпершыню катэгарыяльна вызначылі, што беларуская дзяржаўнасьць — гэта права этнанацыянальнай супольнасьці, патэнцыяльная здольнасьць і магчымасьць яе нацыянальнай эліты (палітычнай, эканамічнай, навуковай, культурнай) да працяглага самастойнага гістарычнага існаваньня. З гэтага вынікае: дзяржава — гэта канкрэтна-гістарычная форма ўвасабленьня дзяржаўнасьці ў часе і прасторы. Формы дзяржаўнасьці могуць мяняцца, эвалюцыянаваць, але яна сама (дзяржаўнасьць) заўсёды застаецца нязьменнай. Вызначэньне зьместу і сутнасьці дзяржаўнасьці — важнае навуковае адкрыцьцё, якім змогуць карыстацца прававеды, палітолягі, сацыёлагі, спэцыялісты іншых галін ведаў. А нам, гісторыкам, гэта дало магчымасьць прасачыць эвалюцыю і вызначыць формы беларускай дзяржаўнасьці.

Азначэньне паняцьця беларускай дзяржаўнасьці дало нам магчымасьць зусім па-іншаму паглядзець на ролю той нацыянальнай эліты, якая займалася справай стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, і на ролю сёньняшняй нашай нацыянальнай эліты.

Сама па сабе наяўнасьць нацыянальнай эліты — яшчэ не гарантыя, што супольнасьць зможа рэалізаваць сваё права на працяглае самастойнае існаваньне і разьвіцьцё. Трэба, каб для гэтага былі інтэлектуальныя, палітычныя, фінансава-эканамічныя, інфармацыйныя і кадравыя рэсурсы.

95 гадоў таму беларускі народ здабыў сабе права на ўласную дзяржаву. Яго нацыянальная эліта валодала здольнасьцю, неабходнай для ажыцьцяўленьня гэтага права. Але канкрэтна-гістарычная геапалітычная сытуацыя не спрыяла нам.
95 гадоў таму беларускі народ здабыў сабе права на ўласную дзяржаву. Яго нацыянальная эліта валодала здольнасьцю, неабходнай для ажыцьцяўленьня гэтага права. Але канкрэтна-гістарычная геапалітычная сытуацыя не спрыяла нам.

Немцы аб’ектыўна не маглі прызнаць БНР, яны тады казалі: «Няўжо нашы салдаты гінулі на ўсходнім фронце за тое, каб беларусы атрымалі сабе дзяржаву?» Савецкая Расія таксама была не зацікаўлена, каб ад яе аддзялілася частка тэрыторыі і ўзьнікла дзяржава, якая можа стаць зусім не прыхільнай да новай улады.

Тым ня менш, абвяшчэньне БНР было лягічным працягам усяго нашага нацыянальна-вызваленчага руху і барацьбы за ўласную дзяржаву. У гэтым таксама вялікі гістарычны ўрок. Вы ведаеце, якія спрэчкі зараз вядуцца ў Расіі наконт таго, што такое патрыятызм. На мой погляд, маральны пастулят нашай нацыянальнай эліты зьмяшчаецца ў наступным: «Дзе мая Радзіма — там мае грошы, мой дабрабыт — учора, сёньня, заўтра!» Гэта — прынцыпова новая пастаноўка пытаньня, тая лякмусавая паперка, па якой мы можам вызначаць, чые інтарэсы абараняе чалавек, які імкнецца да ўлады.

Аляксандр Каваленя: Сапраўды, сёньня ў моладзі набывае папулярнасьць ідэя пра тое, што Радзіма там, дзе болей плацяць. Але ж гэта трагедыя для любой дзяржавы.

Мікалай Сьмяховіч: Сёньня, як і ў 1918 годзе, місіяй беларускай нацыянальнай эліты зьяўляецца здольнасьць і надалей забясьпечыць сувэрэннае разьвіцьцё беларускай дзяржавы на працяглы гістарычны пэрыяд.

Дзеля таго, каб нацыянальная эліта здолела выканаць гэту сваю гістарычную місію (а інтэлігенцыя — неад’емная частка нацыянальнай эліты), мы і павінны весьці навуковы аналіз якасьці і месца інтэлігенцыі ў гэтым працэсе. А то мы мяркуем так: ёсьць у нас палітычная эліта, хай яны прымаюць рашэньні, а мы збоку будзем стаяць і назіраць, крытыкаваць. Ад нас таксама залежыць прыняцьце дзяржаўных рашэньняў.

Валерый Яварoўскі: Кожная дзяржава мае набор сымбаляў. Наша дыскусія паказала, што Беларуская Народная Рэспубліка — гэта сымбаль, які трэба абараняць, у тым ліку з аб’ектыўна-гістарычнага пункту погляду. Савецкая рэальнасьць зьнішчыла ўсялякія сьляды гісторыі БНР. Стваральнікі БНР, якія вярнуліся з эміграцыі, былі расстраляныя, іх працы забытыя, і, па сутнасьці, 20 апошніх гадоў нашай незалежнасьці — гэта два дзесяцігодзьдзі разграбаньня руін, пошуку не толькі ўласнай сымболікі, але і правільнага стаўленьня да яе.

Так атрымалася, што Беларуская Народная Рэспубліка праіснавала няшмат часу, але, як той казаў, мела доўгае жыцьцё пасьля сьмерці.

Мікалай Мятліцкі: Ёсьць усімі намі любімая кветка — васілёк. Ён вельмі ярка сымбалізуе сёньняшнюю нашу Беларусь. Гэты сымбаль увайшоў у вершы сотняў паэтаў нашай Айчыны.

А я вось думаю, з чым жа параўнаць БНР? Зь якой кветкай? Вы ведаеце, вось зараз сьнягі сыдуць, і на палянах лясоў нашых расьцьвіце сон, таксама вельмі блакітная, вельмі мімалётная ў часе кветка, якая будзе цьвісьці некалькі дзён, але вельмі памятная нам, беларускім дзецям вёскі, з нашага маленства. Дык вось, мне здаецца, што Беларуская Народная Рэспубліка вельмі падобна на гэту кветку.

Яна сваёй настраёвасьцю, сваім жаданьнем супрацьстаяць холаду вырасла на зломе чатырох імпэрый, яшчэ раз нам, беларусам, падказаўшы, што стагодзьдзі працуюць на нашу сувэрэнную краіну, якая можа заняць годнае месца ў сьвеце. І, на наша шчасьце, так адбылося.

Дык вось, сёньняшні наш абавязак — ніколі не забываць тыя інтэлектуальныя, духоўныя сілы, якія нас з вамі спарадзілі. Можа, мы яшчэ ня здолелі папулярна трансьляваць нашу гісторыю, яе малавата на тэлебачаньні, там, дзе яна павінна быць даступнай. Яе часта падмяняюць, таму што мы недапрацоўваем і, на жаль, ёсьць тыя, хто ня хоча гэтай гісторыі чуць. Таму што ў сёньняшнім разнасьцежаным сьвеце нямногім хочацца быць прывязаным да свайго бусьлінага гнязда. Здаецца, там грошы на Кіпры паклаў, яшчэ дзе, лятаеш да часу, а калі недзе задымела, успамінаюць Бацькаўшчыну. Нельга забыць тое, адкуль ты выйшаў — гэтага васілька і вось гэтай сон-травы, якая расьцьвітае па вясьне.

Мы не задумваемся, што цэмэнтуем сваю дзяржаву перш-наперш сваім паважлівым стаўленьнем да яе. І вось пакуль мы самі ня ўзбудзім у сабе гэтае пачуцьцё, будуць у сьвеце такія галасы: вас ніколі не было, вы — міт! Але мы ёсьць, беларуская дзяржава ёсьць. Мы нікога ня секлі, мы бараніліся і баранілі другіх, а сёньня баронім нашу дзяржаву і перш-наперш імкнемся да таго, каб яна перамагала ў сэрцы кожнага з нашых суайчыньнікаў.

Газэта «Зьвязда»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG