Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёгкія або супэрлёгкія цыгарэты небясьпечныя, як і клясычныя цыгарэты


Кастусь Бандарук, Прага

Лекары здаўна перасьцерагаюць, што лёгкія або супэрлёгкія цыгарэты небясьпечныя і гэтак жа, як і клясычныя цыгарэты, выклікаюць рак лёгкіх і бываць крыніцай праблемаў з сэрцам. Незважаючы на гэтае, многія курцы ўпарта вераць у тое, што пераходзячы на цыгарэты зь меншай колькасьцю нікатыну і смолаў, яны часткова засьцерагаюцца ад захворваньня. Аб тым, як яны моцна памыляюцца, сьведчаць вынікі дасьледаваньняў, праведзеных навукоўцамі Інстытуту тэхналёгіі Масачусэтс і Амэрыканскага таварыства раку, апублікаваныя ў “British Medical Journal”.

“Лёгкія” цыгарэты зьявіліся ў продажы пры канцы 60-х гадоў. Гэта быў своеасаблівы адказ на тое, што ў мэдыях усё настойлівей пачалі гаварыць пра шкоднасьць курэньня. Урадавыя экспэрты з ЗША і Вялікабрытаніі націскалі на вытворцаў цыгарэтаў, каб тыя зьменшылі колькасьць нікатыну і смолаў ў сваіх вырабах. Таксама тытунёвыя фабрыкі прыйшлі да высновы, што каб ня страціць зашмат кліентаў, яны мусяць знайсьці нейкую іншую, болей здаровую альтэрнатыву для клясычных цыгарэтаў.

Першапачаткова спэцыялісты лічылі, што зьмяншэньне колькасьці шкодных субстанцыяў у цыгарэтах, а таксама іншая канструкцыя фільтру і выкарыстаньне порыстай паперы зробяць цыгарэты болей бясьпечнымі. Экспэрымэнты, праводжаныя на спэцыяльных прыладах, пацьвердзілі, што такім чынам тытунёвы дым сапраўды лепей фільтруецца. Аднак аказалася, што мэханічныя прылады ня ў стане адлюстраваць паводзіны курцоў. Дасьледаваньні паказалі, што людзі, якія перайшлі на лягчэйшыя цыгарэты, міжвольна нівэлявалі перавагі гэтых удаскаленьняў. Яны, напрыклад, закрывалі вуснамі падоўжаны фільтр разам з вэнтыляцыйнымі дзіркамі, празь якія павінен быў выходзіць дым. Аказалася, што курцы лёгкіх цыгарэтаў зацягваюцца імі значны глыбей і даўжэй трымаюць дым у роце і лёгкіх.

Найболей трывожным аказалася тое, што пасьля пераходу з клясычных цыгарэт на лёгкія колькасьць выкурваных цыгарэт рэзка павялічвалася. Навукоўцы тлумачаць гэта перакананьнем курцоў, што лёгкія цыгарэты меней шкодныя. З другога боку, курцы намагаліся паставіць арганізму тую самую дозу нікатыну, і таму часьцей працягвалі руку па цыгарэты.

Дагэтуль большасьць дасьледаваньняў на тэму шкоднасьці курэньня засяроджвалася на клясычных цыгарэтах, асабліва на наймацнейшых, бязь фільтру і з найбольшай колькасьцю нікатыну ды смолаў. Гэтым разам вучоныя пад кіраўніцтвам Джэфры Гарыса вырашылі параўнаць зь імі “лёгкія” і “супэрлёгкія” цыгарэты. У дасьледаваньні ўзялі ўдзел амаль мільён амэрыканцаў – 364 тысячы мужчынаў і 576 тысяч жанчынаў. Сярод іх былі і курцы – 100 тысячаў мужчынаў і 124 тысячы жанчынаў, і не-курцы. Цягам 6 гадоў на рак лёгкіх памерлі 2600 мужчынаў і 1400 жанчынаў.

Як і выпадала спадзявацца, найболей выпадкаў сьмерці зафіксавана сярод тых, хто курыў самыя моцныя цыгарэты, а такім аддавалі перавагу мужчыны. Улічваючы факт, што ў большасьці разьвітых краінаў адносна няшмат прыхільнікаў цыгарэтаў бязь фільтру, вучоныя зацікавіліся карыстальнікамі клясычных, а таксама “лёгкіх” цыгарэтаў. Вынікі дасьледаваньня не пакінулі аніякага сумневу. Рызыка сьмерці з прычыны раку лёгкіх у тых, хто курыць усе тры віды цыгарэтаў – амаль ідэнтычная. У аднолькавай ступені пад пагрозай знаходзяцца і мужчыны, і жанчыны. “Такі вынік, гэта канец ілюзорных спадзяваньняў, якія мелі спажыўцы лёгкіх цыгарэтаў”, – падкрэсьлілі аўтары дасьледаваньняў.

Дарэчы, вучоныя з Каліфарнійскага дэпартаменту здароўя даказалі, што курэньне павялічвае таксама рызыку раку грудзей у жанчынаў. Пасьля абсьледаваньня 116 тысячаў жанчынаў аказалася, што жанчыны-курцы тры разы часьцей хварэлі на рак грудзей. Тытунь найболей шкодны ў выпадку тых жанчынаў, якія пачалі курыць яшчэ перад 20 годам жыцьця.

А цяпер – найноўшыя парады мэдычнай арганізацыі Real Age.

Спажываньне апэльсынаў можа быць адным з сакрэтаў доўгага жыцьця. Згодна з дасьледаваньнямі, адна дадатковая порцыя цытрусавых штодня на 50% зьмяншае рызыку захворваньня на рак вуснаў, горла і страўніка. Вучоныя лічаць, што гэта адбываецца дзякуючы вялікай колькасьці вітаміну C, які зьяўляецца выдатным антыаксыдантам. Гэты вітамін засьцерагае ад артэрыясклерозу і ўмацоўвае імунную сыстэму. У адным апэльсыне 70 міліграмаў вітаміну С і больш за 170 розных карысных для арганізму мікраэлемэнтаў. Спэцыялісты рэкамэндуюць пастаўляць арганізму 1200 міліграмаў вітаміну С у дзень, найлепей невялікімі дозамі цягам усяго дня.

Калі Вы ў часе сну чуеце вулічны рух за вакном, варта скарыстаць адмысловыя затычкі для вушэй. Орган слыху дзейнічае ў чалавека нават у часе сну. З дасьледаваньняў вынікае, што ў людзей, якія чуюць розныя гукі ў часе сну, падвышаецца ўзровень гармону стрэсу – картызолу, а гэта, у сваю чаргу, павялічвае рызыку розных хваробаў, у прыватнасьці, сардэчна-сасудзістых. Гоман спрыяе стрэсу, бо не ў пару мабілізуе арганізм да актыўнасьці, таму ў часе сну варта ізаляваць сябе ад любых гукаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG