Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэкс на здароўе - ІІ


Мiкола Iваноў

(эфір 2.09.2000)

Аўтар і вядучы: Мікола Іваноў

Шчасьлівае і радаснае сэксуальнае жыцьце, як сьцьвярджаюць лекары-сэксолягі, – падстава псыхічнага і фізычнага здароўя, ключ да посьпехаў у грамадзкім і палітычным жыцьці. Здаровы сэкс – гэта фактар доўгага і шчасьлівага жыцьця.

"Сэкс замест таблеткі" – такія рэкамэндацыі дае сваім пацыэнтам адзін зь вядомых і аўтарытэтных польскіх нэўролягаў, доктар Багуслаў Габрат з Варшаўскага Інстытуту псыхіятрыі і нэўралёгіі. Шчасьлівы рэгулярны сэкс – гэта, на думку польскага спэцыяліста, найлепшая тэрапія такіх захворваньняў, як сардэчна-судзінныя хваробы, рак, рознага роду нэўрозы, праблемы эндакрыннай сыстэмы і шмат іншых.

Але што ж гэта за такі цудоўны сродак – здаровы сэкс? У чым сутнасьць ягонага аздараўляльнага дзеяньня на арганізм чалавека, і чаму лекары з такім энтузыязмам гавораць пра яго тэрапэўтычныя якасьці?

Сэкс – гэта перш за ўсё прыемнасьць, але прыемнасьць, якая далёка не вычэрпваецца задавальненьнем непасрэдна сэксуальнай патрэбы. Ён пазытыўна ўплывае практычна на ўсе без выключэньня часткі чалавечага арганізму. Доктар Дэвід Вікс, брытанскі нэйрапсыхоляг з Каралеўскага Эдынбургскага шпіталя лічыць, што сэксульны стасунак – гэта сапраўдны лек прыгажосьці, лепшы ад любой касмэталягічнай працэдуры.

Падчас сэксуальнага кантакту скура чалавека нацягваецца, яна самаачышчаецца, атрымлівае больш крыві, і ў выніку чалавек заўсёды пасьля кантакту выглядае маладзей. Рэгулярны шчасьлівы сэкс мае выразны станоўчы ўплыў на малады выгляд кожнага чалавека. Сэкс амалоджвае.

Сэкс найлепшы сродак пахудзеньня. Дасьледаваньня доктара Вікса з Вялікай Брытаніі сьведчаць, што падчас сэксуальных забаваў жанчына вагой 54 кг. на працягу хвіліны спальвае 4,2 кілякалёрый. Гарачы пацалунак – гэта страта 12 кілякалёрый, а сам сэксуальны стасунак гэта ўжо больш за 200 кілякалёрый страты. Доктар Вікс лічыць, што чым даўжэйшы і больш палкі сэксуальны стасунак, тым большы пахудальны эфэкт ён можа мець. Некаторыя людзі такім спосабам худзеюць на 2 кг. штомесяц.

Сэкс спрыяе разумовым здольнасьцям. Падчас стасунку шэрыя клеткі мозгу атрымліваюць шмат ачышчанай, багатай кіслародам крыві. І гэтым сэкс спрыяе іх лепшай працы.

Падобным спосабам сэкс спрыяе таксама лепшай працы печані, легкіх, эндакрынных залозаў і нават страўніка.

Пазытыўны ўплыў сэксу на здароў'е чалавеа ня могуць замяніць фізычныя спартовыя практыкаваньні. Бо сэкс – гэта ўнівэрсальны сродак, які аднолькава аздараўляльна дзейнічае на ўсе ворганы арганізму чалавека. Спартовыя ж практыкаваньні разьлічаныя пераважна на тыя ці іншыя групы мышцаў і ворганаў.

Сэкс – моцны сродак аднаўленьня псыхічнай роўнавагі. Ён дае пачуцьцё паўнаты шчасьця, расслабляе і спрыяе аптымістычным настроям.

Кожны з элемэнтаў сэксуальнай гульні мае свой уплыў на стан агульнага здароў'я чалавека. Ужо папярэднія пяшчоты (пацалункі, масажы, абдымкі) выклікаюць у арганізме плыню гармонаў, якая вельмі пазытыўна ўплывае на разумовыя здольнасьці, узмацняе імунную сыстэму, ліквідуе пачуцьцё напружанасьці ці страху. Лекары зьвярнулі ўвагу на факт, што найбольш сэксуальна актыўныя мужчыны радзей хварэюць рознымі відамі прастудаў і грыпаў.

Надзвычай важную ролю ў гэтай сэксатэрапіі адыгрывае аргазм. Мэханізм яго стаў вядомы лекарам адносна нядаўна. Толькі ў 30-я гады гэтага стагодзьдзя навукоўцы высьветлілі, што ў момант аргазму арганізм чалавека выдзяляе натуральны наркатычны сродак – эндарфін, дзеяньне якога вельмі падобнае да дзеяньня морфію.

Вучоныя зьвярнулі ўвагу на тое, што пасьля аргазму чалавек як бы знаходзіцца пад дзеяньнем абязбольваючага сродка. Так што для тых жанчынаў, якія часта маюць мігрэнь, аргазм найлепшы абязбольваючы сродак.

Доктар Пітэр Стаатс з амэрыканскага ўнівэрсытэту ў Балтыморы правёў наступны экспэрымент. 64 дабраахвотнікам-мужчынам ён загадаў трымаць рукі ў вельмі халоднай вадзе так доўга, як толькі яны змогуць вытрымаць. Палове з удзельнікаў экспэрымэнту ён загадаў пры гэтым думаць пра сэкс з прыгожай бляндынкай, а другой палове пра ўстрыманьне ад сэксу. Першая група, якую натхнялі думкі пра сэкс, вытрымала ў халоднай вадзе ў два разы даўжэй, чымся другая група.

Аргазм – гэта выбух гармонаў. У жанчынаў падчас яго рэзка ўзрастае ў крыві ўзровень эстрагенаў, а ў мужчынаў тэстастэрону. Павышаецца фізычная здольнасьць арганізму. Расьце імкненьне да новых дасягненьняў. І таму, як сьцьвярджае доктар Эммануіл Яннін з унівэрсытэту Л'Акіла ў Італіі, сэкс перад спаборніцтвамі дапамагае спартоўцам перамагчы, а не аслабляе і не зьмяншае фізычныя здольнасьці арганізму. Доктар Янін рэкамэндуе спартоўцам займацца сэксам напярэдадні важных стартаў.

Сэкс падвышае крывяны ціск, павялічвае пульс, ачышчае лёгкія. Падчас сэксуальнага акту працуюць тыя групы мышцаў, якія амаль не выкарыстоўваюцца падчас іншых фізычных заняткаў.

Аднак, нават самы гарачы і шчасьлівы сэкс з каханым чалавекам ня можа быць гарантам вечнага шчасьця. З сэксам у людзей зьвязана таксама шмат нэгатыўных зьяваў. Шчасьлівым можа быць толькі бясьпечны сэкс. Шчасьлівы сэкс – гэта таксама сэкс, які пабудаваны на гарманічным спалучэньні з духовай блізкасьцю паміж партнэрамі. Але аб гэтым – у адной з наступных перадачаў сэрыі "Бывайце здаровы".

Нашую традыцыйную рубрыку "Новыя навуковыя распрацоўкі ў галіне мэдыцыны і мэдычныя парады" мы традыцыйна пачнем з навінаў, якія могуць засмуціць некаторых нашых слухачоў:

1. Ваш язык – люстра страўніка. Але ён можа расказаць і пра некаторыя іншыя хваробы. Бледны язык папярэджвае аб анэміі. Калі ж ён мае жаўтаваты адценак, магчымы лішак жоўці ў жоўцевым пухіры, альбо гэта сьведчаньне хваробы печані. Блакітны колер языка паказвае на дрэнную працу сэрца. Калі пасярэдзіне языка бачная вертыкальная лінія, гэта сымбаль пачатку скрыўленьня хрыбта. Белы колер языка сыгналізуе, што ў страўніку назьбіраліся токсыны. Падвышаная чульлівасьць бакавых частак языка і задняй сьценкі папярэджвае аб парушэньнях працы нырак. Гэта можа таксама сыгналізаваць пра слабыя легкія. Карычневы язык можа сьведчыць аб пнэўманіі. Калі ежа дрэнна стравуецца страўнікам, на языку могуць заставацца адпячаткі зубоў. Расколінкі на языку ўказваюць на хранічныя хваробы страўніка.

2. У сучаснай гарадзкой кватэры навукоўцы звычайна рэгіструюць ад 60 да 300 чужародных хімічных рэчываў. Калі іх канцэнтрацыя высокая, арганізм чалавека рэагуе на іх рознымі захворваньнямі: насмаркам, галаўным болем, рознымі алергічнымі рэакцыямі. Каб прычынай хваробаў не была ўласная кватэра, трэба хаця б раз у год праводзіць яе дыягностыку. Гэта можна зрабіць самому. Пасьля доўгага шпацыра на сьвежым паветры, калі дома вы адчуваеце рэзкія непрыемныя пахі, знайдзіце іх крыніцу. Часам гэта могуць быць новыя рэчы (мэбля, лінолеўм, шпалеры і т.п.) Калі новыя рэчы маюць непрыемны пах на працягу двух-трох дзён, гэта нармальна. Калі ж болей, трэба пракансультавацца са спэцыялістамі. Зьвяртацца да спэцыялістаў неабходна і тады, калі ў некалькіх членаў сям'і зьяўляюцца аднолькавыя алергічныя захворваньні.

А цяпер так званыя "добрыя" навіны мэдычнага жыцьця:

3. Навукоўцы Філядэльфійскага ўнівэрсытэту з ЗША правялі экспэрымент, вынікі якога сьведчаць: якім чынам фармуюцца смакавыя прэфэрэнцыі чалавека. 46 цяжарных кабетаў былі падзеленыя на дзьве групы. Першая група ў якасьці штодзённых напояў ужывала толькі ваду, а другая – сок з морквы. Калі іх дзецям споўнілася па поўгады, ім далі бутэлікі з вадой і сокам. Тыя дзеці, якія ведалі смак морквы з таго часу, калі знаходзіліся ў жываце маці, ахвоча пацягнуліся да соку з морквы, а ў іншай групы падобных прэфэрэнцыяў не заўважана. На гэтай падставе навукоўцы прыйшлі да высновы, што смакавыя прэфэрэнцыі чалавека фармуюцца яшчэ ў перадродавы пэрыяд.

4. Навукоўцы з Паўдзённай Карэі адкрылі, што кубачак моцнай кавы дзейнічае як лек супраць насмарку ды іншых прастудаў. Кава мае таксама антыстрэсавае дзеяньне. Экстракт кавы давалі мышам, у якіх перад гэтым выклікалі стрэс. Бальшыня мышэй выжыла дзякуючы адной дзесятай міліграма экстракту кавы на кіляграм цела, што ў выпадку чалавека адпавядае аднаму кубачку кавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG