Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хваробы мочаполавaй сыстэмы


Мiкола Iваноў

Удзельнічае: старэйшы навуковы супрацоўнік лябараторыі апэратыўнае нэфралёгіі Беларускага Навукова-дасьледнага інстытуту кардыялёгіі Вячаслаў Казлоўскі.

(эфір 22.07.2000)

Аўтар праграмы: Мікола Іваноў.

(Вядучы: ) "Сярод 10 галоўных ворагаў чалавека, пра якія мы гаворым у перадачах сэрыі "Бывайце здаровы" сьмяротнасьць ад хваробаў мочаполавай сыстэмы займае, здавалася б сьціплае месца – сёмае. Сьмяротнасьць непасрэдна ад іх у Беларусі дасягае 12 асобаў на 100 тысячаў жыхароў у год. Але гэта толька частка праўды. Вельмі часта хваробы гэтыя бываюць першапрычынамі больш цяжкіх захворваньняў.

Пра гэта й пра іншыя праблемы нашага здароўя ў сёньняшняй перадачы сэрыі "Бывайце здаровы" расказвае Мікола Іваноў…"

(Іваноў: ) "І сапраўды, калі арыентавацца толькі на статыстыку, дык сьмяротнасьць ад хваробаў мочаполавай сыстэмы амаль 15 разоў меншая, чым ад ракавых хваробаў. Але гэта толькі вонкавае ўражаньне. Так, напрыклад, рак прастаты, які зьяўляецца адной з галоўных прычынаў сьмяротнасьці беларусаў ад ракавых хваробаў, пачынаецца ў выглядзе зусім задавалася б маланебясьпечнай інфэкцыі. Недалечаныя ў маладосьці розныя дробныя хваробы мочаполавай сыстэмы ў сталым веку могуць стаць прычынаю сур'ёзных хваробаў, нават такіх, якія становяць пагрозу для вашага жыцьця.

Хранічнае запаленьне мачавога пухіра, рознага рода нэфрыты, моча- і ныркакаменныя хваробы, цыстыты – вось толькі кароткі пералік мочаполавых хваробаў, якія могуць быць вельмі небясьпечнымі, калі да іх ставіцца без адпаведнае павагі.

У Беларусі за апошнія 10 год назіраецца выразны рост мочаполавых хваробаў. У чым прычына гэтае тэндэнцыі? Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне, я зьвярнуўся ў галоўную беларускую навукова-дасьледную ўстанову ў галіне мочаполавых хваробаў – лябараторыю апэратыўнай нэфралёгіі Беларускага Навукова-дасьледнага інстытуту кардыялёгіі. На нашыя пытаньні згадзіўся адказаць старэйшы навуковы супрацоўнік Вячаслаў Казлоўскі…"

(Казлоўскі: ) "Колькасьць захворваньняў павялічваецца ў сувязі з дрэнным харчаваньнем і дрэннай вадою. Гэнэтычныя дэфэкты, зразумела адыгрываць адпаведную ролю, але не такую значную, як дрэннае харчаваньне".

(Іваноў: ) "А вось якую думку выказаў доктар Вячаслаў Казлоўскі на тэму, якім жа чынам можна выправіць сытуацыю ў Беларусі ў сфэры мочаполавых захворваньняў…"

(Казлоўскі: ) "Не хапае перш за ўсе нармальнай дыягностыкі. Няма такога паняцьця як сямейны лекар, які б ставіў дыягназ на падставе аналізаў мачы, які б выкрываў камяні й пясочак на раньніх стадыях, калі іх яшчэ можна проста выгнаць, распусьціць, не дапускаючы да стадыі ныркавае недастатковасьці. Неабходна праводзіць абавязковую дыягностыку людзей раз на паўгоду. Пры гэтым, аналізы трэба здаваць прымусова, таму што людзей цяжка змусіць хадзіць да лекара, калі няма небясьпечных сымптомаў. Гэта датычыць ня толькі мочаполавой сыстэмы. Людзі прыходзяць да лекара ў хранічнай стадыі, калі ўжо немагчыма ні хадзіць, ні працаваць і ня рухацца".

(Іваноў: ) "Сёньня, калі гаворыш на тэму мочаполавых захворваньняў, часьцей за ўсё закранаеш тэму СНІДу. На нядаўняй усясьветнай канфэрэнцыі на гэтую тэму, якая адбылася ў Паўднёвай Афрыцы, ішла гаворка нават пра эпідэмію гэтае хваробы ў некаторых рэгіёнах сьвету. У статыстыцы Ўсясьветнай Арганізацыі здароўя яна фігуруе як заказная хвароба. Доктар Вячаслаў Казлоўскі лічыць, аднак, інакш…"

(Казлоўскі: ) "СНІДам заражаецца толькі кожны пяты. Пры полавым кантакце непасрэднае пагрозы няма. 80% – што не захварэеш пры кантакце з хворым на СНІД. Павінен быць ад пачатку дэфэкт імунітэту, пашкоджаньне сьлізістай пры кантакце з хворым на СНІД.

Але звычайна пры кантакце з хворым на СНІД чалавек застрахаваны на 80%. У нас у Рэспубліцы гэта хутчэй за ўсё зьвязана са Сьветлагорскам, дзе знаходзіцца цэнтар наркаманіі".

(Іваноў: ) "А вось, як старэйшы навуковы супрацоўнік лябараторыі апэратыўнае нэфралёгіі Вячаслаў Казлоўскі ацэньвае агульны стан разьвіцьця мэдыцыны ў галіне мочапjлавых хваробаў…"

(Казлоўскі: ) "З пункту гледжаньня нэфралёгіі ўсё ўпіраецца ў фінансавую базу. Хворыя з ныркавай недастатковасьцю на вельмі позьніх стадыях бяруцца на заменную тэрапію і дыяліз. Проста не хапае месцаў. Мы выкарыстоўваем самыя апошнія мэтодыкі лячэньня, але, калі ў чалавека ныркі не працуюць, заменнная тэрапія яму не дапаможа. А з перасадкаю ныркі ў нас вялікія праблемы".

(Іваноў: ) "І на заканчэньне нашае размовы доктар Вячаслаў Казлоўскі даў свае лякарскія парады тым з нашых радыёслухачоў, якія занепакоеныя станам свайго здароўя…"

(Казлоўскі: ) "У першую чаргу гэта лячэньне хранічных інфэкцыяў, каб не захварэць на адную з самых небясьпечных хваробаў (нэфрыт), якая прыводзіць да ныркавае недастатковасьці. Патрэбнае якаснае лячэньне хранічных інфэкцыяў: гаймарытаў, фарынгітаў, ангінаў і г.д. Бальшыня людзей пераносіць гэтыя інфэкцыі на ногах, нягледзячы на тое, што яны могуць прывесьці пазьней да вялікіх праблемаў. І другі фактар – гэта жыцьцё ў руху. Каб не сутыкацца з палавымі праблемамі, трэба прытрымлівацца ня тое, каб здаровага, але вельмі рухлівага стылю жыцьця, каб ня выклікаць застояў".

* * * (Іваноў: ) "А цяпер, паводле нашага добрага звычаю, прапануем вашае ўвазе навіны мэдычнага жыцьця".

Ангельскія навукоўцы-адмыслоўцы ў клінічнай мікрабіялёгіі знайшлі, што ў смале аднаго з рэдкіх гатункаў фісташкі, якая расьце толькі на грэцкай высьпе Хіос, знаходзіцца прыродны лек супраць язвы дванадцаціпальцавае кішкі. Адзін з адкрыўцоў, доктар Кокэйн, сьцьвярджае: штодзённае спажываньне аднаго граму смалы хіосавай фісташкі на працягу двух тыдняў цалкам вылечвае сьлізістую абалонку страўнікавага тракту.

У шпіталі гішпанскага гораду Кабуэкас лекары правялі ўнікальную хірургічную апэрацыю. Калі цяжарную на 6-м месяцы кабету нечакана напаткала клінічная сьмерць, яе арганізм быў падключаны да штучных ворганаў крывезвароту ды працягваў функцынаваць, хаця мозг кабеты знаходзіўся ў стане клінічнае сьмерці. Такім чынам лекары падтрымлівалі жыцьцё арганізму на працягу тыдня, каб даць дзіцяці падрасьці. Судовыя інстанцыі і сваякі памерлай далі дазвол на падобны экспэрымэнт. Пазьней дзіця было народжанае з дапамогаю кесарава сячэньня.

Экспэрымэнт амэрыканскіх навукоўцаў-дыетолягаў пацьвердзіў інфармацыю пра тое, што розныя модныя апошнім часам дыеты схудненьня зьніжаюць працаздольнасьць. Жанчынам-удзельніцам экспэрымэнту запрапанавалі адказаць на пытаньні адмысловага тэсту перад пачаткам працэдуры дыеты і ў часе яе. Высьветлілася, што на другім этапе экспэрымэнту амаль усім кабетам было патрэбна значна больш часу на роздум. Навукоўцы тлумачаць гэты факт псыхалягічнымі фактарамі: зьмена стылю жыцьця, зьвязанага з новым рэжымам харчаваньня, прыводзіць да стрэсу. Але як толькі кабета прызвычайваецца да дыеты, усё вяртаецца на свае месцы.

Вядомая нямецкая псыхааналітык Кляўдыя Сіес зь Дзюсэльдорфу ў інтэрвію газэце "Більд" паведаміла, што зларадства карыснае для здароўя. На яе думку, радавацца чужым непрыемнасьцям – нармальная рэч. Зларадства здымае стрэс, часам яно суправаджаецца шчырым сьмехам, які дапамагае разьняволіцца. Доктар Сіес лічыць, што людзі ня мусяць вінаваціць сябе за радасьць з нагоды чужое крыўды. Недахопы іншых людзей, над якімі мы сьмяемся, уласьцівыя і нам. Такім чынам мы саромімся сваіх недахопаў, не разумеючы гэтага. Людзям жа, якія сталі аб'ектам зларадства, нямецкая дасьледніца раіць пасьмяяцца над сабою разам зь іншымі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG