Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 15 САКАВІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Советская Белоруссия”, 1964 год. Ліст чытачкі са Шчучына Е.Плаўскай:

“Я вельмі хачу падзякаваць праз друк нашай роднай Камуністычнай партыі, савецкай уладзе, нашым мэдыкам за цёплы, чалавечы клопат аб людзях. Мой сын, 12-гадовы Пётар Плаўскі, зь дзяцінства застаўся глуханямы. Шмат вазіла я яго па лякарнях, аднак лячэньне не дапамагала. І вось даведалася я, што ў Менску пасьпяхова лечыць глухату доктар Н.Т.Еўстаф’еў. Я зьвярнулася сюды па дапамогу. Сына паклалі ў шпіталь, дзе ён прабыў чатыры месяцы. І — о радасьць! — сын пачаў чуць і размаўляць. Цяжка апісаць шчасьце маці, і таму я хачу падзяліцца з усімі ўсёй радасьцю”.

“Беларус”, 1974 год:

“У нядзелю 24 лютага ў Беларускім Грамадзкім Цэнтры на 401 Атлянтык Авэню ў Брукліне пасьля Богаслужбы ў саборы БАПЦ адбылася традыцыйная запусная бяседа. За супольнымі сталамі сустрэліся сябры Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, прыхаджане мясцовае парахвіі БАПЦ ды госьці. У бяседзе ўзяў удзел а.Васіль, настаяцель парахвіі. Адчыніў сьвята мгр. Мікола Кунцэвіч, старшыня акруговае ўправы БАЗА, ініцыятываю якое сьвяткаваньне было зарганізавана. Цікавай інфармацыяй пра свае разам з др.В.Кіпелям наведаньне Прэзыдэнта Ніксана ў Белым Доме падзяліўся з удзельнікамі др.Станіслаў Станкевіч. Бяседа прайшла вельмі прыемна ў гутарках ды спажываньні багатае й смачнае стравы”.

“Звязда”, 1984 год:

“Хвалюючыя, мэлядычныя галасы амаль дзьвюх тысяч духавых труб, большая зь якіх — з тэлеграфны слуп, а самая маленькая разьмерам з аловак, загучалі пад скляпеньнямі адрэстаўрыраванага касьцёла на Залатой горцы ў цэнтры Менску. Спэцыялісты чэхаславацкай фірмы “Рыгер-Клос” закончылі тут устаноўку і настройку другога ў сталіцы рэспублікі мэханічнага, дваццацішасьцірэгістравага аргана. У інструмэнта тры клявіятуры для рук і адна нажная, што дае магчымасьць выконваць творы вышэйшай складанасьці. Новы арган будзе галоўнай навіной маладой канцэртнай залі камэрнай музыкі Белдзяржфілярмоніі, якая адкрываецца ў памяшканьні былога храма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG