“Звезда”, 1923 год. Артыкул “Вывучаем беларускую мову”:
“У нас у дывізіі было мала такіх таварышаў, які б свабодна валодалі беларускай мовай. І хоць было бясконцае мноства сходаў, сходак, гутарак, дакладаў, хоць прамоўцы і імкнуліся казаць як найбольш зразумела… Усё ж адчувалася, што калі б аратар загаварыў на беларускай мове, вынік быў бы зусім іншы… Тым большае значэньне мае факт, што ў 2-й Беларускай дывізіі беларуская мова і беларусазнаўства ўвайшлі ў праграму школы па ліквідацыі малапісьменнасьці і заняткаў з кампалітсаставам і чырвонаармейцамі”.
“Беларуская газэта”, 1943 год:
“Гастрольныя падарожжы, зробленыя драматычнаю і канцэртнаю групамі Менскага Беларускага тэатра ў часе перапынку ў працы, выкліканага злачынным замахам 22-га чырвеня ў будынку тэатра, былі вельмі ўсьцешнымі і з мастацкага, і з фінансавага гледзішча. Ад другое палавіны ліпеня да канца верасьня драматычная група дала больш за 60 паказаў. Рэпэртуар гэтае групы складаецца з Шылеравае “Здрады і каханьня”, “Хітрае гаспадыні” Гальдоні, камэдыяў Ф.Аляхновіча “На Антокалі” і “Пан міністар”, Ібсэнаўскае “Норы” і вясёлае камэдыі Грубэра і Грунінгера “Юлечка”.
“Сталинская молодежь”, 1953 год. Заява Паўлюса савецкаму ўраду ў сувязі з рэпатрыяцыяй нямецкіх ваеннапалонных з СССР:
“Я вырашыў па вяртаньні на радзіму прыкласьці ўсе свае сілы для таго, каб садзейнічаць дасягненьню сьвятой мэты — мірнаму ўзьяднаньню Дэмакратычнай Нямеччыны і дружбе германскага народу з савецкім народам, а таксама з усімі іншымі міралюбнымі народамі. Перш чым я пакіну Савецкі Саюз, я хацеў бы сказаць савецкім людзям, што некалі я прыйшоў у іх краіну ў сьляпой паслухмянасьці, як вораг, цяпер жа я пакідаю гэтую краіну як яе сябра. 24 кастрычніка 1953 году. Фрыдрых Паўлюс, гэнэрал-фэльдмаршал былой германскай арміі”.