Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАТРЫМАНАЙ У ВІЦЕБСКУ ПЭНСІЯНЭРЦЫ МІЛІЦЫЯНТЫ ПАРАІЛІ ЦЕШЫЦЦА, ШТО ЗАРАЗ НЕ 1937 ГОД, А ТО Б ЁЙ ДАВЯЛОСЯ “ВЫЛІЗВАЦЬ ІМ БОТЫ…”


Алег Жукоўскі, Віцебск

У пастарунку міліцыянты адначасова сабралі вельмі стракатую кампанію: пэнсіянэрку – прыхільніцу БНФ, семярых непаўнагадовых «зуброў» і падпітага сябра БПСМ, які скардзіўся на тое, што супрацоўнікі аддзелу яго зьбілі і забралі частку грошай.

Спадарыню Людмілу Церашонкаву затрымалі каля крамы «Прагрэс», дзе яна распаўсюджвала недзяржаўныя газэты, у тым ліку незарэгістраваныя «Права на волю» і «Выбірай!», а таксама ўлёткі са «Зваротам да беларускага народу і сусьветнага грамадзтва». Усе 95 паасобнікаў выданьняў былі сканфіскаваныя. На Церашонкаву склалі пратакол, пры гэтым міліцыянты пагражалі ёй штрафам у дзесяць мінімальных заробкаў, які больш за яе пэнсію. І дадавалі: няхай скажа дзякуй, што на двары ня 37-мы год, бо яна тут бы поўзала па падлозе і вылізвала ім боты.

«Зуброў» высачыў з балькону нейкі пільны стары і патэлефанаваў у міліцыю. Моладзь якраз рыхтавалася разьехацца па горадзе з налепкамі і спэцвыданьнямі «Нашай свабоды» і «Беларускай маладзёжнай». Большасьць пасьпела разьбегчыся, але сямёх падлеткаў міліцыянты затрымалі. У пастарунак прывезьлі Алеся Сухадолава, Дзьмітрыя Семянкова, Кірыла Волкава, Дзьмітрыя Рабаконя, Ёрана Максімава, Дзьмітрыя Калашнікава і Ігара Альшанку. Апошні, дарэчы, пять гадзінаў таму быў разам з маці у інспэкцыі ў справах непаўнагадовых і атрымаў за гэткую ж дзейнасьць суворае папярэджаньне.

Хлопцаў абшукалі і сканфіскавалі разам з торбачкамі, на якіх напісана «Час выбіраць 9-га верасьня», некалькі соцень выданьняў і розных налепак. Значную частку налепак з выявай двух бамбізаў-АМАПаўцаў, якія цягнуць, заламіўшы рукі, чалавека, вельмі падобнага да цяперашняга кіраўніка дзяржавы, супрацоўнікі разабралі на сувэніры.

Падчас маруднага складаньня пратаколаў міліцыянты распачалі з падлеткамі дыскусію і ўпікалі іх чамусьці Шушкевічам, які быццам бы разваліў дзяржаву і давёў народ да галечы. Хлопцы, якія ў тыя часы толькі пачалі хадзіць у школу і ніякага Шушкевіча і тагачаснай галечы ня памятаюць, упарта пераводзілі размову на сучасную рэчаіснасць і неабходнасць пераменаў.

І Людмілу Церашонкаву, і «зуброў» пратрымалі ў пастарунку больш за тры гадзіны да паловы на першую ночы. Зараз яны будуць чакаць позваў у суд і на камісію ў справах непаўнагадовых.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG