Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА АРЫШТАВАНЫХ СЁНЬНЯ ЎНАЧЫ Ў МЕНСКУ "ЗУБРОЎ" ЗАВЯЛІ КРЫМІНАЛЬНЫЯ СПРАВЫ ЗА ГРАФІЦІ


Ганна Соусь, Менск

Сябар "Зубру" Зьміцер таксама быў уначы разам зь імі ды бачыў, як адбывалася затрыманьне.

(Зьміцер: ) "Было гэта прыкладна на палову другой начы, на адрэзку вуліцы Ціміразева, там ёсьць такі вялізны плот у бок Другога кальца. Сябры руху "Зубар" рабілі на гэтым плоце надпісы "Дзе зьніклыя людзі? Дзе Захаранка, Ганчар, Красоўскі?"

Выпадкова праяжджалі міліцыянты, заўважылі надпісы ды вырашылі вярнуцца. Хлопцы ўжо скончылі пісаніну, але іх затрымалі міліцыянты. Яны нават не рабілі спробы зьбегчы.

Праз хвілін 10-15 прыехала яшчэ адна машына для дапамогі міліцыянтам. Усім чатыром хлопцам начапілі кайданкі ды паклалі тварам на зямлю. Яны ляжалі пад аховай некалькіх міліцыянтаў з аўтаматамі. Гэта ўсё адбывалася каля 30 хвілінаў. Потым яшчэ прыехала іншамарка, у якой знаходзіліся два афіцэры міліцыі вышэйшага чыну".

Зьміцер не разумее, чаму хлопцаў затрымлівалі як нейкіх крымінальнікаў ды абышліся гэтак жорстка.

Сябраў незарэгістраванага руху "Зубар" завезьлі ў Цэнтральны РАУС. Цімоха Дранчука пасьля допыту павезьлі ў суд Цэнтральнага раёну, а потым ізноў у РАУС. Цімох Дранчук пасьпеў толькі сказаць журналістам, што на яго завялі крымінальную справу за апаганеньне пабудоваў ды псаваньне маёмасьці.

Крымінальную справу па гэтым жа артыкуле завялі таксама на Аляксея Шыдлоўскага, Зьмітра Драпачку ды Алеся Апроніча. Іх могуць пакараць штрафам альбо трохмесячнымі папраўчымі работамі, ці пазбаўленьнем волі на 3 месяцы.

Распавядае адвакатка Цімоха Дранчука Марыяна Сямашка:

(Сямашка: ) "Цяпер затрыманы Цімох Дранчук. Яго падазраюць у злачынстве, паводле артыкулу 341 Крымінальнага кодэксу. Быў допыт, ён адмовіўся даваць паказаньні. Яго затрымлівалі незаконна, з парушэньнямі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Я заявіла хадайніцтва пра ягонае неадкладнае вызваленьне.

На працягу гадзіны паўнамоцныя асобы вырашаюць гэтае пытаньне, але пакуль не прыйшлі да высновы. Астатніх яшчэ не дапытвалі, яны чакаюць сваёй чаргі. Прадастаўлены другі адвакат яшчэ й Шыдлоўскаму", — распавяла адвакатка Цімоха Дранчука Марыяна Сямашка.

У часе, калі рыхтаваўся гэты сюжэт, Аляксей Шыдлоўскі, Цімох Дранчук, Зьміцер Драпачка ды Алесь Апроніч яшчэ былі ў РАУС Цэнтральнага раёну Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG