Паводле Тлумачальнага слоўніка беларускае мовы, “сіянізм” ёсьць
“рэакцыйнай ідэалёгіяй і палітыкаю яўрэйскае буржуазіі, якія адрозьніваюцца
ваяўнічым шавінізмам, расізмам, антысаветызмам і антыкамунізмам. Ад назвы
гары Сіён паблізу Ерузаліма” (т. 5, частка 1, с. 145, Менск, 1983
г.).
Слова “сіянізм” было страшней за словы “нацыяналізм” і “фашызм”,
які афіцыйна быў разгромлены ў 45-м.
І ўсё было б добра, калі б не “бязродныя касмапаліты” ды лекары-забойцы,
якія хацелі атруціць таварыша Сталіна…
Ідэя барацьбы зь сіяністамі ня згасла й пасьля сьмерці “бацькі
народаў”. Напрыклад, у Беларусі выкрывалі прыкметы ўсясьветнае жыда-масонскае
змовы ў нацыянальным беларускім дэкоры і нават у выявах… сьняжынак, шукалі
сіянісцкія матывы ў творчасьці сусьветна вядомых мастакоў Марка
Шагала й Барыса Заборава. У выніку імя вялікага нараджэнца Віцебску Шагала
яшчэ доўга выкрэсьлівалі зь беларускіх энцыкляпэдыяў і даведнікаў. А Барыс
Забораў жыве ў Парыжы, і ягоныя карціны выстаўляюцца ў шмат якіх сталіцах
сьвету, але толькі ня ў ягоным родным Менску.
Для дзясяткаў тысячаў нараджэнцаў Беларусі Ізраіль, дзе знаходзіцца
сьвятая гара Сіён, стаўся “абяцанай зямлёю”. Голда Мэір, Менахем
Бегін, Шымон Пэрэс, ды шмат хто яшчэ з выдатных дзеячоў дзяржавы Ізраіль
нарадзіліся ў Беларусі або маюць тут карані.
У Беларусі дасюль слова сіянізм ужываецца ў дзяржаўных сродках
масавае інфармацыі ў зьвязку з фальшывымі “пратаколамі сіёнскіх
мудрацоў”. Аўтары падобных перадачаў ды публікацыяў як быццам ніколі ня
чулі слова “галакост”, за якім стаіць татальнае зьнішчэньне гэбраяў у гады
другое ўсясьветнае вайны, або слова “Нюрнбэрг”. Зрэшты, як сказаў, адзін
вядомы ў Беларусі палітык, “ня ўсё толькі дрэннае было пры Гітлеры”.
Што тычыць уласна сіянізму, дык пасьля стварэньня ізраільскае
дзяржавы ён выканаў гістарычную задачу і заняў належнае мейсца сярод шматлікіх
“ізмаў” 20-га стагодзьдзя.
Віталь Тарас
Самае папулярнае
1