Нічога, што слова чужое, але як жа яно дарагое!
Калі табе сем гадоў і ты дастаеш ад бацькоў сапраўдны, “дарослы” ровар
– ты ня толькі стаесься шчасьлівым уласьнікам, якому пачынаюць зайздросьціць
твае бязроварныя сябрукі. Ты таксама бярэш адразу некалькі прыступак
у даросласьць. Жыцьцё для цябе пачынае рухацца шпарчэй, як, дарэчы, і ты
сам у прасторы.
А калі твой ровар мае лапку, на якую можаш яго абаперці і паставіць
дзе заўгодна, а да таго званочак, лямпачку і дынама, а яшчэ набор ключоў
у адмысловай скураной сумачцы пад рамай – немагчыма адразу й прыдумаць,
чаго яшчэ можна было б жадаць. Калі б жыцьцё ўвесь час было такое, як у
тыя першароварныя дні!
У нас на Беласточчыне польскія ровары мелі ўсе гэтыя дадатковыя
снасьці. А вось у савецкіх “веласіпедах” пад назовам “Урал”, якія таксама
можна было купіць у крамах у Бельску, Гайнаўцы, ці нават у Нарве, не было
лямпачак, дынамаў і лапак. “Уралы” былі таньнейшыя за польскія самакаты
і лічыліся куды горшым набыткам. Нават узьнікла зьдзеклівая прысьпеўка
пра кавалераў на “Уралах”. Рэфрэн гучаў прыблізна так: “Каханая, чакай,
я к табе прыеду рускім роварам Урал”. Прыехаць на ім завідна да дзяўчыны
ў суседнюю вёску яшчэ было можна, але як жа вярнуцца дахаты недзе пад поўнач?
Пяшчаная разьежджаная дарога ў полі альбо лесе, зрэдзьчасу жвіроўка,
у вёсках брукаванка – ня надта каб было дзе разагнацца роварам на
Беласточчыне ў 60-я і 70-я гады. Дый цяпер асфальтовак пабольшала не нашмат.
Але народ езьдзіў на роварах часта й густа. Ровар – аўтамашына
дзятвы і бядоты. У згаданым часе аднаго й другога на Беласточчыне было
адволі.
Дзядулі, што помнілі “першага і другога немца”, казалі, што цяперашнія
рускія й польскія ровары – гэта барахло ў параўнаньні зь нямецкімі.
“Нямецкі, о-то-то быў ровар!” – пераконвалі. Але колькі я ні прыглядаўся
да іхніх самакатаў, на якіх яны езьдзілі нядзелькамі ў царкву, мне ніколі
ня ўбачыўся ні адзін “о-то-то” ровар…
Мабыць, усе “о-то-то” ровары існуюць адно ў нейчым дзяцінстве…
Ян Максімюк
Самае папулярнае
1