Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньня стаўка рэфінансаваньня — 18 працэнтаў гадавых


22 чэрвеня ў Беларусі чарговым разам павышана стаўка рэфінансаваньня — з 16 да 18% гадавых.

Такое рашэньне Нацыянальны банк прыняў "у межах пасьлядоўнай палітыкі, скіраванай на павелічэньне даходнасьці па ўкладах у беларускіх рублях і ўзмацненьне абароны рублёвых ашчаджэньняў у банках ад інфляцыйных працэсаў".

"Паэтапнае павышэньне стаўкі рэфінансаваньня ўлічвае інтарэсы крэдытных пазычальнікаў, даючы ім час адаптавацца да новых эканамічных умоў", — зазначаюць у Нацбанку.

Галоўны банк краіны абяцае "і надалей праводзіць узважаную працэнтную палітыку, аддаючы асаблівую ўвагу пытаньням захаванасьці і прывабнасьці рублёвых укладаў насельніцтва і арганізацый у банках".

Гэта ўжо пятае з пачатку 2011 году павышэньне стаўкі рэфінансаваньня. Раней стаўка павышалася 16 сакавіка (з 10,5 да 12%), 20 красавіка (да 13%), 18 траўня (да 14%) і 1 чэрвеня (да 16% гадавых).

Між тым "Асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі на 2011 год" прадугледжваюць зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня да канца году да 8—10% гадавых.

Стаўка рэфінансаваньня — інструмэнт грашова-крэдытнага рэгуляваньня, з дапамогай якога Нацбанк узьдзейнічае на стаўкі міжбанкаўскага рынку, а таксама на стаўкі па дэпазытах юрыдычных і фізычных асоб і па крэдытах, якія даюць ім крэдытныя арганізацыі.

Эканаміст Барыс Жаліба лічыць гэтае падвышэньне запозьненай рэакцыяй Нацыянальнага банку.

Барыс Жаліба

"Гэта запозьненая рэакцыя Нацбанку на рост інфляцыі. Стаўка рэфінансаваньня заўсёды павінна быць вышэйшая за рост інфляцыі, іначай банкаўская сыстэма будзе страчваць рэсурсы. Аднак афіцыйная інфляцыя за 5 месяцаў ужо перасягнула 25 працэнтаў. Нацбанк, каб не рабіць рэзкіх рухаў, падымае яе паступова. Нэгатыў у тым, што крэдыты пад такія працэнты могуць стаць непад'ёмнымі для слабых прадпрыемстваў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG