Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьні возьмуць шлюб за кратамі


У Паўла Вінаградава – вясельле праз месяц, а Зьміцер Буланаў амаль угаварыў сваю нявесту на шлюб у калёніі.

"Дзяўчына” ці “нявеста” – недастатковы статус, каб пабачыць свайго каханага, атрымаць спатканьне. Застаецца – жаніцца за кратамі. Ці гатовыя дзяўчаты да такога павароту падзеяў? Эўрарадыё дасьледавала дзьве падобныя гісторыі з рознымі акалічнасьцямі.


Фотаздымкі з сайту Эўрарадыё


Актывіст “Гавары праўду” Павел Вінаградаў атрымаў 5 траўня 4 гады зьняволеньня. Яго дзяўчына Святлана Гарохавік за паўгода сьледзтва бачыла каханага некалькі разоў у СІЗА, бо там правілы мякчэйшыя. Пасьля таго, як Паўла этапавалі ў Івацэвіцкую калёнію, між імі паўсталі краты. Каханыя супольна вырашылі: трэба шукаць любую магчымасьць бачыцца, таму – вясельлю быць.

Святлана Гарохавік: “Троху болей чым праз месяц у нас вясельле за кратамі. Іду на гэты крок сьвядома, бо Павел – вельмі блізкі мне чалавек, мы ўжо два гады жывем разам. І цяпер склалася такая сытуацыя, што мы не можам сустракацца, бачыцца. І таму, каб мець магчымасьць гэтых сустрэч, мы вырашылі ажаніцца цяпер”.

Святлана напісала ліст у калёнію з запытам пра шлюб. Ёй адказалі, што праблемы няма, адзінае, што дату прызначае кіраўніцтва калёніі, бо цырымонія адбываецца прыкладна раз на месяц-два і адразу для некалькіх пар.

Святлана Гарохавік: “Мне дайшоў афіцыйны ліст з калоніі, як грамадзянскай жонцы. Калі ажэнімся – то будуць дазволеныя тры доўгатэрміновыя спатканні на год і тры ці чатыры кароткатэрміновыя”.

Павал Вінаградаў


На само вясельле маладыя атрымліваюць дадатковы падарунак ад калёніі – трохдзённае спатканьне. Святлана ўжо высьветліла, як гэта будзе выглядаць.

Святлана Гарохавік: “Тры дні даюць. Пакойчыкі падобныя да інтэрнатаўскіх. Наколькі я ведаю, у Івацэвіцкай калёніі такіх пакойчыкаў шэсьць, яны ўсе ў адным калідоры. Туды заводзяць, замыкаюць дзьверы. Праверка адзін раз на дзень. І мы там тры дні знаходзімся”.


Сьвятлана Гарохавік. Фота Эўрарадыё

Правілы – што можна, а што нельга на вясельлі за кратамі – усталёўваюць у кожнай калёніі асобна. У дадзеным выпадку можна прынесьці звычайныя атрыбуты – пярсьцёнкі і вясельныя строі. Шлюбныя пярсьцёнкі Сьвятлана ўжо шукае, а вось белую сукенку апранаць не будзе – лічыць гэта недарэчным.

***

Гісторыя палітвязьня Зьмітра Буланава і яго дзяўчыны Надзеі Макарэвіч падобная – іх разьдзялілі краты, а адсутнасьць штампа ў пашпарце зрабіла спатканьні немагчымымі. Зьміцер атрымаў тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Для каханых – шалёна доўгая разлука. За апошнія паўгода яны бачыліся ўсяго двойчы – на судзе і адзін раз пасьля прысуду. Надзея лічыць, што жаніцца ў турме (цяпер Зьміцер знаходзіцца ў Магілёўскай калёніі) – значыцца, прыняць гэтыя вусьцішныя правілы гульні, дазволіць сябе зламаць.

Надзея Макарэвіч:
“Мы два гады жылі разам. Плянавалі, вядома, ажаніцца – але, магчыма, яшчэ праз некалькі гадоў. Такога жаданьня моцнага жаніцца не было, проста жылі”.

Зьміцер Буланаў


Зьмітру Буланаву і Надзеі Макарэвіч дазволілі ўбачыцца ўсяго двойчы за апошнія паўгода

Надзея прыйшла ў роспач, калі судзьдзя адмовілася даць ёй хаця б адно спатканьне, каб абмеркаваць з каханым, ці жаніцца за кратамі.

Надзея Макарэвіч: “У нас інстытута грамадзянскай жонкі не існуе” – гэта мне сказала асабіста ў твар судзьдзя, да якой я прыходзіла прасіць спатканьня. Я да яе прыйшла і па-чалавечы патлумачыла сытуацыю – што я нявеста, і нам трэба вырашыць пытаньне з Дзімам, жаніцца ці не. Яна кажа: “У вас у заяве пазначана “грамадзянская жонка”. Грамадзянская жонка – гэта хто? Ніхто. Вы – ніхто! І я вам спатканьня ніколі не дам”.



Надзея Макарэвіч. Фота Эўрарадыё

Многім запомнілася, што яшчэ на судзе ў сваім апошнім слове Зьміцер Буланаў прызнаўся Надзеі ў каханьні і зрабіў прыхаваную прапанову.

Надзея Макарэвіч: “Дзіма мне адразу прапанаваў ажаніцца, ён яшчэ на судзе намякнуў на гэта. У сваім апошнім слове замест апраўданьняў перад гэтымі людзьмі, ён прызнаўся мне ў каханьні ў чарговы раз і сказаў: “Я спадзяюся, з грамадзянскай жонкі ты хутка станеш маёй сапраўднай жонкай”. Вядома, спачатку я думала, што варта расьпісацца. Але потым зразумела: мала таго, што яны яго пасадзілі ні за што, спрабуюць загубіць ягонае здароўе – дык цяпер яны яшчэ і наша асабістае жыцьцё спрабуюць пакласьці пад гэтую сыстэму, каб мы ва ўсіх ракурсах плясалі пад іх дудку!”

Апошнія два месяцы каханыя ўвесь час абмяркоўваюць у лістах пытаньне, ці жаніцца ў турме. Пакуль пэўнасьці няма, бо ваганьні абгрунтаваныя.

Надзея Макарэвіч: “Пасьля суда гэтае пытаньне існуе ўвесь час. Дзіма гэтага хоча – ён расцэньвае гэта як допуск на спатканьні. Аднак ён адначасова ведае, што мне гэта не вельмі падабаецца. Ён не хоча, каб я праходзіла гэтыя зьневажальныя вобшукі, якія на зонах чыняць над жонкамі зьняволеных перад доўгатэрміновым спатканьнем – так званы “асабісты поўны дагляд”. Я яго пераконваю пачакаць яшчэ некаторы час. Нам не давалі бачыцца шэсьць месяцаў. Я вытрымала гэтыя шэсьць месяцаў. І вытрымаю яшчэ, каб захаваць чалавечую годнасьць”.

Надзея Макарэвіч спадзяецца, што хутка ўсіх палітвязьняў выхваляць, таму просіць Зьмітра пачакаць з вясельлем у калёніі

Дзяўчына кажа, што гатовая пайсьці супраць сябе і пагадзіцца на такі шлюб, калі Зьміцер будзе далей настойваць.

Надзея Макарэвіч:
“Зразумела, калі ён напіша “Надзя, не магу, вельмі цяжка,” – я паеду да яго і пастаўлю гэты штамп. Але пакуль я трымаюся, ён трымаецца. Я думаю, мы вытрымаем”.

Надзея кажа, што нават калі шлюб адбудзецца, ніякіх цырымоній яна ў гэтай сытуацыі не дапускае.

Надзеі вельмі запомнілася адна фраза, кінутая суддзёй Людмілай Грачовай, якая пакарала яе каханага трыма гадамі ўзмоцненага рэжыму.

Надзея Макарэвіч:
“Ведаеце, усялякія экстрым-вясельлі робяць – і пад вадой, і з парашутам скачуць. У турме жаніцца спэцыяльна – неяк не прыдумалі яшчэ. Але я не думаю, што гэта добрая ідэя. Лепш, калі такая радасная падзея не зьвязаная з такімі ўспамінамі, і з прымусам нейкім. Судзьдзя Грачова мне сказала: “А што вам замінае ажаніцца?!” То бок, яна пасадзіла чалавека – а потым пытаецца, што нам замінае жаніцца, разумееце?..”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG