Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хваробы лідэраў уплываюць на гістарычныя падзеі


"Мы ня ведаем аніводнага кіраўніка дзяржавы (калі не лічыць нядаўняга выпадку ў маленькай краіне Цэнтральнай Амерыкі), які б нечакана падаў у адстаўку ў сувязі са станам здароўя", пісаў у выдадзенай на пачатку 2000-х кнізе "La médecine de demain" парыскі прафэсар-онкагематоляг, першы прэзыдэнт Францускай нацыянальнай кансультатыўна-этычнай камісіі Жан Бэрнар. Менавіта прафэсару Бэрнару належала ў 1988 годзе ініцыятыва стварыць з дазволу Канстытуцыйнай рады незалежную мэдычную структуру, каб бараніць дэмакратычную Францыю ад магчымых памылак кіраўнікоў дзяржавы, калі каго зь іх напаткае цяжкая хвароба.

Цяжкія дыягназы прэзыдэнтаў найчасьцей не раскрываюцца


Паводле францускага прафэсара Жана Бэрнара, цяжка хворыя дзяржаўныя дзеячы досыць рэдка знаходзяць у сябе мужнасьць, каб шчыра інфармаваць публіку пра ход свайго анкалягічнага захворваньня. Так зрабіў, прыкладам, чэскі прэзыдэнт Вацлаў Гавэл.

Найчасьцей жа кіраўнікі дзяржаў не раскрываюць сваіх цяжкіх дыягназаў, асабліва калі невядома, наколькі сур’ёзна яны захварэлі і як надоўга. З аднаго боку, яны лічаць гэта часткай свайго прыватнага жыцьця, а з другога — мяркуюць, што такія зьвесткі могуць сур’ёзна ўзрушыць нацыю. Так было з прэзыдэнтам ЗША Вудрам Ўілсанам, які кіраваў падчас Першай усясьветнай вайны, добра выконваў свае абавязкі і быў практычна здаровы, пакуль у 1919 ў яго ня здарыўся інфаркт. Стан здароўя прэзыдэнта хаваўся ад грамадзкасьці і многіх прадстаўнікоў улады да канца тэрміну кіраваньня. Гісторыкі пасьля ўстанавілі, што жонка Ўілсана Эдыт узяла выкананьне яго прэзыдэнцкіх абавязкаў на сябе.

Так было з Джонам Кэнэдзі, які трымаў у таямніцы сваю хваробу Эдысана (хранічную недастатковасьць кары наднырнікаў). Гэтая хвароба ў 1950-я прыроўнівалася да раку. Амэрыканскі прэзыдэнт штодня мусіў прымаць таблеткі, а перад публічнымі выступамі, паседжаньнямі яму часта рабілі абязбольвальныя ўколы.

Так было і з хворымі на рак францускімі прэзыдэнтамі Жоржам Пампіду і Франсуа Мітэранам. Іхнія лекары, сьледам за
У палітыцы нярэдка выкарыстоўваюць хваробу суперніка, каб атрымаць з гэтага выгаду.
высокапастаўленымі чыноўнікамі ад мэдыцыны, мусілі трымаць дыягназы ў сакрэце.

Як выказаўся прафэсар Жан Бэрнар у адным з апошніх інтэрвію (ён памёр у 2006 годзе), сапраўдная праблема палягае нават ня ў тым, каб даведацца пра дыягназ хворага кіраўніка, а ў тым, каб вызначыць, наколькі ён здатны кіраваць цывільнымі службоўцамі і аддаваць каманды вайскоўцам. Ад 1988 году ў Францыі такую адказнасьць узяла на сябе нацыянальная кансультатыўна-этычная камісія.

Чаму Напалеон прайграў Ватэрлёо


У сваіх публікацыях Жан Бэрнар нярэдка зьвяртаў увагу на тое, якую вызначальную ролю адыгрывалі хваробы кіраўнікоў на паваротах гістарычных падзеяў. Сярод магчымых прычын надзвычайнай нерашучасьці і шматлікіх тактычных памылак Напалеона І у бітве пры Ватэрлёо называюць недастатковасьць функцыі шчытападобнай залозы. Калі зьвярнуцца да найноўшай гісторыі, то мэдыкі ўзгадваюць уплыў хваробы Паркінсана ў Гітлера на паразу пад Сталінградам, пухліны мозгу ў першага лорда Брытанскага адміралцейства Паўнда — на гібель мноства марскіх канвояў у Паўночным моры падчас Другой усясьветнай вайны.

Гаворачы пра ролю той ці іншай хваробы ў разьвіцьці пэўных падзеяў, прафэсар Бэрнар падкрэсьліваў:

"Лічу, што ў прынцыпе ход гісторыі перадвызначаны, але гэта не выключае момантаў, калі роля аднаго чалавека робіцца вырашальнай. Напрыклад, у XVI стагодзьдзі дзеячы з такой выразнай псыхічнай паталёгіяй, як Гітлер або Сталін, не адыгралі б той ролі, што ў XX стагодзьдзі. Калі сучасьнікі кажуць пра цяжкі саматычны стан Рузвэльта ў Ялце, я пытаюся ў сябе: а ці не валодаў Сталін дакладнай мэдычнай інфармацыяй, з дапамогай якой ён наўмысна змарыў прэзыдэнта ЗША доўгім падарожжам і такім чынам атрымаў перавагу? У палітыцы хваробу суперніка або ворага нярэдка выкарыстоўваць сабе на карысьць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG