Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром” не прызнае запазычанасьці, пакуль не падпішуць дамову


Кропка ў газавай вайне пакуль не пастаўленая. Нягледзячы на заявы афіцыйнага Менску, «Белтрансгаз» і «Газпром» пакуль не падпісалі дадатковае пагадненьне да кантракту аб транзыце расейскага газу празь Беларусь, з павышаным тарыфам.

Пра падпісаньне дадатковага пагадненьня, заплянаванае на 1 ліпеня, учора паведаміў журналістам першы віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка. Прадстаўнік «Белтрансгазу» Уладзімер Чэкаў сёньня ня змог пацьвердзіць словы віцэ-прэм’ера:

«У мяне пакуль інфармацыі няма. Праца ідзе. Калі будзе паведамленьне, скажуць вам давесьці, я давяду».

Паводле Ўладзімера Сямашкі, дакумэнт ужо ўзгоднены з «Газпромам» і той прызнае свой доўг. Таксама расейскі бок нібыта прызнаў стаўку транзыту ў памеры 1,88 даляра за тысячу кубамэтраў газу на сто кілямэтраў. Падчас газавай вайны «Газпром» заплаціў Беларусі 228 мільёнаў даляраў доўгу за транзыт газу паводле меншай стаўкі — у памеры 1,45 даляра. Беларускі бок настойвае на павелічэньні стаўкі транзыту да 1,88 даляра і таму патрабуе, каб «Газпром» даплаціў за транзыт 32 мільёны даляраў. У адваротным выпадку, як 25 чэрвеня прыгразіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, афіцыйны Менск можа перакрыць транзыт расейскага газу.

Начальнік упраўленьня інфармацыі «Газпрому» Ігар Валабуеў паведаміў карэспандэнту «Свабоды», што там таксама спадзяюцца на падпісаньне пагадненьня. Камэнтуючы заяву спадара Сямашкі, што «Газпром» пагадзіўся на транзытную стаўку ў памеры 1,88 даляра, спадар Валабуеў сказаў:

«Дакумэнты для гэтага павінны быць падпісаныя. Пагадзіцца — гэта адно, а падпісаць — гэта ўжо фармалізаваць. Спачатку трэба падпісаць. Дык вось, дакумэнты, якіх мы з вамі чакаем, яшчэ не падпісаныя. Мы пагаджаемся, але толькі на пэўных умовах, якія прадугледжаныя кантрактам. Павінна быць павялічана для „Белтрансгазу“ аптовая надбаўка на газ, і потым ужо стаўка. А ня проста так — стаўка, і ўсё».

Уладзімер Сямашка паабяцаў Аляксандру Лукашэнку, што ў Менск, каб падпісаць дакумэнт, прыедуць прадстаўнікі «Газпрому». У пагадненьні будзе нават зафіксавана прызнаньне доўгу і тэрмін, калі «Газпром» мае вярнуць яго беларускаму боку. Сямашка папрасіў у Лукашэнкі ня два дні, а максымум два тыдні, каб урэгуляваць гэтае пытаньне. Пазьней зьявіліся паведамленьні, што дэлегацыя «Газпрому» не прыедзе і дакумэнты могуць быць падпісаныя дыстанцыйна. Адносна запазычанасьці па доўгу, якую патрабуе афіцыйны Менск, спадар Валабуеў патлумачыў:

«Які за намі можа быць доўг, калі мы заплацілі ўсё, як і належыць згодна з кантрактам, паводле стаўкі 1,45? Іншай стаўкі на гэты момант не існуе яшчэ. Вось калі яна будзе падпісана, скажам, на 2010 год — 1,88 даляра, тады, натуральна, мы даплацім розьніцу. А пакуль не падпісана дапаўненьне да кантракту, якое агаворвае транзытную стаўку на 2010 год. Пакуль падпісаньня не адбылося, ніякіх даўгоў за намі няма. Мы ўсё заплацілі паводле той стаўкі, якая дзейнічае на гэты момант. А яна пакуль — 1,45».

Дакумэнты мяркуецца падпісаць завочна, пры ўмове, што абодва бакі «дасягнуць узаемнай згоды».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG