Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кава прадухіляе дыябэт


Дасьледчыкі зь Японіі, ЗША і Партугаліі адкрылі новыя карысныя якасьці кавы.


Паводле навукоўцаў зь японскага ўнівэрсытэту Нагоя, кава дапамагае пры пагрозе разьвіцьця дыябэту і павелічэньні пячонкі. Як цьвердзіць кіраўнік дасьледчай групы прафэсар Фуміхіка Хорыё, рэгулярнае спажываньне кавы зьніжае рызыку разьвіцьця дыябэту другога тыпу.

Свае досьледы японскія навукоўцы праводзілі на мышах. Адной групе грызуноў, якія мелі парушэньне абмену рэчываў, давалі каву, другой — толькі ваду. У мышэй, якіх паілі кавай, узровень цукру ў крыві стаў ніжэйшы, чым у тых, якія сядзелі на вадзе. Таксама высьветлілася, што спажываньне кавы зьнізіла ў грызуноў інтэнсіўнасьць запаленчых працэсаў і працэсу атлусьценьня пячонкі.

У сваю чаргу, амэрыканскія экспэрты прааналізавалі дадзеныя 18 іншых незалежных адно ад аднаго дасьледаваньняў, у якіх агулам узялі ўдзел амаль паўмільёна чалавек.

Як вынікала, у людзей, якія цягам дня выпівалі тры-чатыры кубкі кавы ці гарбаты (у якой кафэіну яшчэ больш, чым у каве), небясьпека разьвіцьця дыябэту другога тыпу зьмяншалася на 20% і нават болей. Дыябэт другога тыпу звычайна ўзьнікае ва ўзросьце каля 40 гадоў, калі арганізм яшчэ здатны самастойна выпрацоўваць інсулін, аднак ужо недастаткова. Гэты від дыябэту патрабуе здаровага харчаваньня і фізычнай актыўнасьці, аднак нярэдка яго лечаць выключна мэдыкамэнтамі.

Калі высновы экспэртаў пацьвердзяцца, то лекары-эндакрынолягі будуць раіць сваім пацыентам ня толькі часьцей займацца фізычнымі практыкаваньнямі, а і рэгулярна піць каву ці гарбату. Усяго толькі адзін дадатковы кубак кавы ў дзень зьніжае рызыку захворваньня дыябэтам на 7%.

Навукоўцы лічаць, што пазытыўную ролю адыгрывае цэлы набор кампанэнтаў, якія ўтрымліваюцца ў каве і гарбаце. Гэта, у прыватнасьці, магній ды антыаксыданты — напрыклад, лігнаны ці хлёрагенная кіслата.

Тое, што піць каву карысна, прызналі і адмыслоўцы з партугальскага ўнівэрсытэту Порту. Прааналізаваўшы дадзеныя 26 незалежных экспэртаў, навукоўцы прыйшлі да высновы, што рэгулярнае ўжываньне гэтага напою зьніжае рызыку хваробы Паркінсана на 25%. Гэтая лічба, праўда, тычыцца мужчын. Для жанчын гэты паказчык ніжэйшы — усяго толькі 14%. Характэрна, што падобны эфэкт назіраўся ў людзей, якія пілі сама меней два-тры кубкі кавы ў дзень.

Тым часам брытанскія навукоўцы высьветлілі, што рэпутацыя кавы як напою, які танізуе і надае бадзёрасьці, — ня больш як ілюзія.

У экспэрымэнце ўзялі ўдзел 379 аматараў кавы. Палова зь іх атрымлівала капсулу з кафэінам, а другая палова — таблетку-пустышку (пляцэба).

"Мы не атрымалі аніякіх доказаў танізуючага ўзьдзеяньня кафэіну", — кажа лёнданскі прафэсар Пітэр Роджэрс. — "Іншая рэч, што каву можна разглядаць як карысны напой у тым сэнсе, што яна прадухіляе ўтварэньне тромбаў у крывяносных сасудах, засьцерагае ад дыябэту, паляпшае доўгатэрміновую памяць, стымулюе выдзяленьне жоўці і працу нырак".

І яшчэ адна выснова адносна кавы. Яна належыць аўстралійцам. Мэльбурнскія навукоўцы даведаліся, што салодкая кава спрыяе аднаўленьню мышцаў. Кафэін дапамагае цягліцам засвойваць глюкозу і істотна павялічвае хуткасьць аднаўленьня запасаў глікагену ў мускулах пасьля цяжкіх фізычных нагрузак.

"У людзей, якія цягам дня выпівалі тры-чатыры кубкі кавы ці гарбаты (у якой кафэіну яшчэ больш, чым у каве), небясьпека разьвіцьця дыябэту другога тыпу зьмяншалася на 20% і нават болей".

"Каву можна разглядаць як карысны напой у тым сэнсе, што яна прадухіляе ўтварэньне трамбозаў у крывяносных судзінах, засьцерагае ад дыябэту, паляпшае доўгатэрміновую памяць, стымулюе выдзяленьне жоўці і працу нырак".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG