Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Энатэрапія


Праўдападобна, што распрацаваная яшчэ Гіпакратам мэтодыка лекаваньня вінаграднымі вінамі — энатэрапія — перажывае чарговы бум. Усьлед за францускімі лекарамі — лідэрамі ў гэтым напрамку клінічнай мэдыцыны — вывучэньнем узьдзеяньня вінаў на органы і сыстэмы арганізму чалавека пачалі займацца і мэдыкі іншых краінаў зь вінаробчымі традыцыямі.

Апошнім часам турыстычныя агенцтвы Гішпаніі, Партугаліі Францыі, Італіі, Нямеччыны, балканскіх краінаў усё часьцей запрашаюць на энатэрапэўтычны адпачынак у вэлнэсы — высокатэхналягічныя аналягі савецкіх санаторыяў. Што да постсавецкай прасторы, дык тут энакурорты існуюць найперш ва Ўкраіне, у Крыме. На падобных вэлнэс-курортах прапануюць разнастайныя ванны, масаж, манікюр і іншыя працэдуры з выкарыстаньнем віннага сырца і алею зь вінаградных костак. У лячэньне, зразумела, уваходзіць і "традыцыйнае" спажываньне віна.

Доктар Фран Кіфэр, адзін з кіраўнікоў такога цэнтру непадалёк ад Франкфурту-на-Майне (там радзіма вядомых мозэльскіх вінаў), лічыць: дзякуючы высокаму ўтрыманьню такіх карысных рэчываў, як жалеза, хром, цынк, магній і іншыя, віно падвышае імунітэт, нармалізуе функцыі сардэчна-сасудзістай і нэрвовай сыстэмаў, замаруджвае працэс старэньня.
У белага і чырвонага віна сваё карыснае прызначэньне. Аднак ня трэба злоўжываць напоямі і піць аднаму.

Паводле доктара Кіфэра, у розных гатункаў белага і чырвонага віна — сваё прызначэньне. Так, чырвоныя віны зь вінаграду "Мэрло" і "Кабэрнэ" добра ўзьдзейнічаюць на сасуды, кровазварот, спрыяюць вываду радыенуклідаў, здольныя забіваць халерны вібрыён і нават узбуджальніцу тубэркулёзу — палачку Коха. Чырвонае віно прызначаюць і празь некаторы час пасьля працяглага курсу антыбіётыкаў. Што да белага віна, асабліва зь вінаграду "Піно блан", то лічыцца, што яно абараняе людзей сталага веку ад хваробы Альцгаймэра, падтрымлівае водна-салявы балянс у арганізьме чалавека. Пры гэтым доктар Кіфэр падкрэсьлівае, што прызначэньні ў энатэрапіі патрабуюць індывідуальнага падыходу. Перш чым прыступіць да яе, у пацыентаў бяруць аналіз крыві, робяць адпаведныя абсьледаваньні.

Нямецкі доктар раіць устрымацца ад спажываньня віна тым, хто мае праблемы са страўнікам або алергію. Таксама ён ня раіць піць віно, асабліва чырвонае, якое ўтрымлівае тэрамін, перад сном — бо гэта можа выклікаць прыступ галаўнога болю. Акрамя таго, карысныя рэчывы, якія ўтрымліваюцца ў віне, уначы проста не засвойваюцца. Яшчэ адна парада — ня піць аднаму (гэта шлях да залежнасьці) і не злоўжываць сьпіртовымі напоямі. Алькаголь, які ўтрымліваецца ў віне, таксычны і ў вялікіх дозах наносіць удар па арганізьме, аднак дзякуючы таму ж алькаголю віно мае высокія антысэптычныя якасьці.
Прыродны вінны антыаксыдант — рэсвэратрол – падвышае эфэктыўнасьць тэрапіі раку падстраўнікавай залозы.

Тым часам за дасьледаваньне якасьцяў віна шчыльна ўзяліся і вядучыя ўнівэрсытэцкія лябараторыі сьвету. Так, навукоўцы Рочэстарскага ўнівэрсытэту (ЗША) прышлі да высновы, што чырвонае віно, дзякуючы прыроднаму антыаксыданту — рэсвэратролу, падвышае эфэктыўнасьць тэрапіі раку падстраўнікавай залозы. Гэтае рэчыва, якое ўтрымліваецца як у самім віне, так і ў скурцы вінаграду, парушае функцыянаваньне адказнага за абменны энэргетычны працэс мітахандрыяльнага апарату клетак раку. Зразумела, лекаваньне не азначае, што віно ў чалавека трэба ўліваць бочкамі. Хворым будуць прызначацца створаныя на аснове віна мэдыкамэнты з высокай канцэнтрацыяй рэсвэратролу.

Тым часам гішпанскія навукоўцы, якія правялі маштабнае дасьледаваньне на тэму ўплыву віна і іншых алькагольных напояў на арганізм чалавека, сьцьвярджаюць, што іх ужываньне, прычым у вялікай колькасьці, істотна зьніжае рызыку разьвіцьця сардэчна-судзінных захворваньняў, асабліва ў мужчын.

У экспэрымэнце ўзялі ўдзел больш за 15,5 тысяч мужчын і 26 тысяч жанчын ва ўзросьце ад 29 да 69 гадоў. Штодня на працягу дзесяці гадоў яны адзначалі ў дзёньніку кожны выпадак ужываньня любога алькагольнага напою.
Ужываньне алькаголю зьніжае рызыку разьвіцьця сардэчна-судзінных захворваньняў у мужчын.

Прааналізаваўшы статыстыку, навукоўцы высьветлілі, што алькаголь у вялікай колькасьці больш карысны для сэрца, прынамсі ў мужчын, чым калі яго ўжываць малымі дозамі.

У сваю чаргу, брытанскія экспэрты з Каралеўскага каледжу ў Лёндане скептычна паставіліся да высноваў сваіх гішпанскіх калегаў. Яны зьвяртаюць увагу на само месца правядзеньня экспэрымэнту — Гішпанію, дзе традыцыйна высокі ўзровень ужываньня алькаголю і нізкі ўзровень сардэчна-сасудзістых захворваньняў. Таксама брытанцы ў якасьці контрадоваду прыводзяць статыстыку Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя: штогод у сьвеце ад хваробаў, так ці інакш зьвязаных з алькаголем, паміраюць 1,8 мільёна чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG