Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Хадановіч: “Свабода слова для пісьменьніка – сродак вытворчасьці”


Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

Нешматлікая, але крэатыўная дэлегацыя беларускіх пісьменьнікаў нядаўна вярнулася з Украіны, дзе чарговым разам праходзіў фэстываль культуры “Беларуская вясна”. Адным зь яго ўдзельнікаў быў паэт і перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Андрэй Хадановіч.


Міхась Скобла: “Андрэй, фэстываль “Беларуская вясна” ладзіўся ўжо трэцім разам, і вы бралі ўдзел ва ўсіх трох. Чым сёлетняя “Вясна” адрозьнівалася ад папярэдніх?

Андрэй Хадановіч: “Калі раней былі проста чытаньні, прэзэнтацыі кніжак, паэтычныя слэмы, што да літаратараў, то сёлета зьявілася ініцыятыва на ўзроўні выдаўцоў і кнігарняў. Праект пад назвай “Беларуская палічка” прэзэнтаваўся адначасова ў некалькіх украінскіх гарадах – там, дзе ёсьць сетка ўкраінскіх кнігарняў “Е”. Паўсюль, дзе ёсьць “Е”, цяпер ёсьць беларускія кніжкі на беларускай мове. Спачатку дэсант нашых маладых паэтаў у складзе Віталя Рыжкова, Андрэя Адамовіча і Сяргея Прылуцкага наведаў Харкаў і Кіеў. Дарэчы, у кіеўскай кнігарні “Е” сустрэча выклікала вялікі энтузіязм: быў арганізаваны тэлемост з беларускім літаратарам Паўлам Касьцюкевічам, які з экрану прачытаў сваё апавяданьне і сарваў воплескі. А мы з шаноўнымі калегамі Барысам Пятровічам і Вольгай Бабковай наведалі Львоў, дзе адбылася сустрэча ў кавярні “Кабінэт”, потым мы паехалі ў Івана-Франкоўск, пасьля ізноў вярнуліся ў Львоў, дзе мелі дзьве сустрэчы ў кнігарнях “Е”.

Міхась Скобла
Скобла: “Беларуская палічка” ва ўкраінскіх кнігарнях… Мне прыгадваецца “ўкраінская палічка” ў сталічнай кнігарні “Сьветач”, якая камплектуецца, па-мойму, паводле прынцыпу “на Табе, Божа, што нам самім нягожа”. А хто будзе сачыць за папаўненьнем беларускіх палічак у Львове ці Харкаве?”


Хадановіч: “Усё робіцца цэнтралізавана – паміж Менскам і Кіевам. З украінскага боку гэта арганізатары “Беларускай вясны”, а з нашага боку – гэта менская кнігарня “Ў” і Ігар Логвінаў. Сымбалічна, што дзьве адметныя літары нашых алфавітаў так сустрэліся. У выніку, зразумела, першыя дваццаць выдавецкіх пазыцый, якія паехалі ва Ўкраіну, – гэта ўсё прадукцыя незалежных кнігарняў, маленькіх, недзяржаўных. Прыемна, што Ігар Логвінаў праявіў талерантнасьць, і, скажам, у гэтым топ-сьпісе ня толькі кнігі выдавецтва “Логвінаў”, а й іншых таксама. Скажам, кнігі выдавецтва “Галіяфы” – Альгерда Бахарэвіча і Зьміцера Вішнёва, кнігі Барыса Пятровіча “Жыць ня страшна” і “Плошча”.

Скобла: “Вы лічыце, што ўкраінцы будуць набываць беларускія кнігі па-беларуску?”

Хадановіч: “Будуць набываць і чытаць. У 2005 годзе ў кіеўскім выдавецтве “Факт” выйшла кніжка Хадановіча – па-беларуску. Выдавец Леанід Фількенштэйн вырашыў, што гэта можа быць нечакана і прыбыткова. Кніжка выйшла без аніякіх дафінансаваньняў – і дзьвюхтысячны наклад разышоўся за некалькі месяцаў. Так што і ва Ўкраіне чытаюць па-беларуску. Можа быць, таму, што мовы нашыя блізкія і ўзаемапразрыстыя – 86 адсоткаў агульнай лексыкі. Зь іншага боку – усё ж такі розныя. І чытач можа адчуць сябе паліглётам, які раптам дазнаецца, што ведае яшчэ адну замежную мову”.

Скобла: “Сёлета ва Ўкраіне зьмяніўся прэзыдэнт, і, падобна на тое, зьмяняецца і геапалітычны курс краіны. “Все, що може сонце, – це просто рухатись зі Сходу на Захід”, – пісаў украінскі паэт Сяргей Жадан, якога, дарэчы, вы перакладалі…”

Хадановіч: “У тым ліку працытаваны вамі тэкст”.

Скобла: “…І вось ужо афіцыйны Кіеў заявіў, што не імкнецца ў НАТО, а куды імкнецца – пакуль невядома. Як ва ўмовах гэтых геапалітычных зьменаў, па вашых адчуваньнях, пачуваецца ўкраінская нацыянальная культура?”

Хадановіч: “Украінская культура і літаратура ў той частцы, з якою я кантактую, не зьмянілася. Пісьменьнікі як былі ўкраінскімі патрыётамі, так імі і засталіся, як арыентаваліся на заходнія каштоўнасьці і на заходні літаратурны канон, так і працягваюць арыентаваацца. Ніхто з маіх знаёмых украінскіх літаратараў не перайшоў за адну ноч на расейскую мову, альбо, скажам, да больш наіўнай эстэтыкі. Можа быць, як і ў нашым выпадку, зьмены ў тамтэйшым палітычным жыцьці – гэта нейкі дадатковы выклік, дадатковае выпрабаваньне для ўкраінскай культуры. Можа быць, адсеюцца нейкія кан’юктуршчыкі, якія спадзяваліся на дывідэнты ад дзяржавы. Зь іншага боку, украінская паэзія была досыць гермэтычная, варылася ў сваім соку, можа быць, цяпер (і тут харошы прыклад згаданы Сяргей Жадан) яна робіцца ўсё больш сацыяльнай, чапляе нейкія балючыя тэмы, якія ўсіх хвалююць. Маладыя ўкраінскія паэты б’юць па нэрвах сваіх чытачоў, і гэта будзе пашыраць аўдыторыю”.

Cкобла: “Нядаўна Аляксандар Лукашук расказаў у эфіры нашага радыё, як ён быў на вечарыне Іосіфа Бродзкага, дзе нобэлеўскі ляўрэат прачытаў шавіністычны верш “Прощевайте, хохлы”. У вершы гаварылася, маўляў, калі вам прыйдзецца цяжка, вы яшчэ прыгадаеце радкі Аляксандра, а не “брехню Тараса” (меліся на ўвазе Пушкін і Шаўчэнка). Як на вашу думуку, Украіна за гады незалежнасьці ўмацавала сябе нацыянальна, ці ў адзін цудоўны дзень і там можа быць праведзены рэфэрэндум накшталт беларускага?”

Хадановіч: “Антыўкраінскі верш ня робіць гонару вялікаму і, нягледзячы ні на што, любімаму мной паэту Бродзкаму. Паэт – таксама чалавек і мае права на свае слабасьці, комплексы, нэрвовыя зрывы. Думаецца, Бродзкі, які пацярпеў ад савецкай імпэрыі, не чакаў такога хуткага яе скону. Сёньняшнія ўкраінцы жывуць у іншай псыхічнай сітуацыі. Вырасла цэлае пакаленьне ўкраінцаў, якія іншай сваю краіну і не ўяўляюць, якія гавораць па-украінску і ня памятаюць савецкіх часоў. Разам з тым, як былі ўсходняя Ўкраіна, Адэса і Крым у значнай сваёй частцы расейскамоўнымі, так яны і засталіся. Відаць, ёсьць сэгмэнты ва ўкраінскім грамадзтве, якія настальгуюць па Савецкім Саюзе. І ўсё ж нармальная культурная палітыка – у дадзеным выпадку праўкраінская – не павінна адступаць перад геапалітыкай. Зь іншага боку, калі ёсьць магчымасьць ведаць замежную расейскую мову дасканала, чытаць таго ж Бродзкага ці Пушкіна ў арыгінале, – нічога кепскага, думаю, у гэтым няма”.

Скобла: “Вы ўзначальваеце Беларускі ПЭН-Цэнтар. Чым канкрэтна сёньня займаецца гэтая арганізацыя?”

Хадановіч: “Рознымі рэчамі – літаратурнымі і калялітартурнымі. Усё, што датычыць правоў чалавека і свабоды слова, – не чужое ПЭН-Цэнтру, бо для літаратара свабода слова – не абстракцыя, а проста сродак вытворчасьці. Я, напрыклад, балюча рэагую ня толькі на цэнзуру зьверху, але перадусім на самацэнзуру. Так атрымалася, што ў Беларусі – з аднаго боку ідэалягічная несвабода, а з другога боку – недаразьвіты кніжны рынак, які я для сябе называю кніжным базарам, найбольш балюча ўдарылі па літаратарах, якія толькі пачынаюць пісаць. Іх ня клічуць у дзяржаўныя холдынгаўскія выданьні (а можа, кагосьці клічуць, а ён сам не ідзе). Зноў жа, незалежны выдавец не рызыкне выдаць маладога паэта з нераскручаным імем, бо можа прагарэць. Вось тут ПЭН стараецца дапамагчы, чым можа. Мы кожны год стараемся ладзіць конкурсы маладых літаратараў. Пачыналі з Натальлі Арсеньневай, праводзілі конкурс памяці Ўладзімера Караткевіча, конкурс, прысьвечаны 700-годзьдзю Франчэска Петраркі, летась ушаноўвалі памяць Карласа Шэрмана і праводзілі конкурс ягонай памяці. Сёлета конкурс маладых быў прысьвечаны 100-годзьдзю Ларысы Геніюш. Хораша, калі паэт неабыякавы да асобы і творчасьці Геніюш, але мы прымалі ня толькі вершы ці эсэ, прысьвечаныя ёй, большасьць твораў былі на вольную тэму. Сёлета мы вызначылі ня толькі 15 фіналістаў, але і адзначылі дыплёмамі конкурсу яшчэ 15 удзельнікаў”.

Скобла: “А колькі аўтараў бралі ўдзел у конкурсе?”

Хадановіч: “Усіх удзельнікаў было 73. Назаву імёны, напрыклад, Цімура Хоміча ці Аляксея Арцёмава (апошні – родам з Тулы). 30 траўня мы нон-стопам чыталі, слухалі пераможцаў і ўзнагароджвалі іх. У 15-ці пераможцаў, як заўсёды, будзе некалькі бонусаў. Яны апублікуюцца ў адмысловым зборніку, для іх будзе арганізаваны тур, як мы заўсёды гэта робім, па найбуйнейшых унівэрсытэцкіх гарадах Беларусі. І, нарэшце, супэр-прыз для пераможцаў – у жніўні мы паедзем у Прагу, дзе дзесяць гадоў пражыла Ларыса Геніюш. Мы спадзяемся правесьці там вечарыну ў дзень стагодзьдзя нашай выбітнай паэткі – 9 жніўня”.

Скобла: “Сёлета вы зладзілі яшчэ адзін конкурс – пры інтэрнэт-часопісе “ПрайдзіСьвет”. А там якія вынікі?”

Хадановіч: “На гэтым конкурсе мы хацелі раскруціць постаць перакладчыка. “ПрайдзіСьвет” – гэта такая пляцоўка, дзе жывыя клясыкі сустракаюцца і канкуруюць з дэбютантамі. Да апошняга дня не было зразумала, каму аддаць перавагу ў намінацыі “Паэзія”, бо галасы журы падзяліліся: Лявон Баршчэўскі – перакладчык “Цара Эдыпа” Сафокла, канкураваў з Антосем Францішкам Брылём – перакладчыкам стараангельскай паэмы “Бэовульф”. І толькі ў апошні момант адным голасам вызначылі пераможцу – ім стаў Антон Францішак Брыль. У галіне прозы журы адзінагалосна адзначыла Веру Бурлак – за пераклад казкі Льюіса Кэрала “Аліса ў Залюстроўі”. У намінацыі “Публікацыя “ПраідзіСьвета” перамагла Ганна Янкута. Плюс да гэтага мы, “ПрайдзіСьвет” і Беларускі ПЭН-Цэнтар, вырашылі сёлета ўручыць самую галоўную і важную прэмію – за агульны ўнёсак у беларускі пераклад. Гэтая прэмія называецца “Пячатка майстра”, яна адзінагалосна прысуджаная Васілю Сёмуху”.

Скобла: “Мне здаецца, што ў сучаснай літаратуры неяк размыты панятак “клясык”. Што для вас азначае – быць клясыкам?”

Хадановіч: “Клясык – гэта той, каго прыемна і радасна перачытваць. Клясык – гэта той, чые радкі ёсьць цытатамі і беспамылкова ўсплываюць у памяці. Калі малады літаратар Віталь Рыжкоў, вывешваючы ў ЖЖ свае вершы, арыентуецца на Алеся Разанава, то Алесь Разанаў ёсьць клясыкам для Віталя Рыжкова”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG