Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго Беларусь страціла ў 2017 годзе


У 2017 годзе ў лепшы сьвет адышло шмат выбітных асобаў: грамадзкіх дзеячаў, кампазытараў, літаратараў, мастакоў, артыстаў.

Антон Шукелойць, адзін з найстарэйшых беларусаў сьвету (Яму было 102 гады)

Антон Шукелойць нарадзіўся 16 ліпеня 1915 году на Ашмяншчыне, у 1939 годзе скончыў Віленскі ўнівэрсытэт Стэфана Баторыя. Студэнтам працаваў ва ўнівэрсытэцкім этнаграфічным музэі, быў сябрам Беларускага студэнцкага саюзу. Пасьля прыходу саветаў працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Падчас нацысцкай акупацыі працаваў у аддзеле асьветы і культуры Менскай гарадзкой управы, быў загадчыкам Беларускага гістарычнага музэю. Зь лета 1944 году на эміграцыі.

У ЗША актыўна ўдзельнічаў у беларускім руху, шматгадовы старшыня Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня, сябра рэдакцыі газэты «Беларус», Беларускага інстытуту навукі і мастацтва.

Аўтар дзясяткаў артыкулаў, успамінаў, нэкралёгаў, апублікаваных у газэтах «Бацькаўшчына» і «Беларус».

Памёр 7 студзеня.

Пазьняк пра Антона Шукелойця: «Асоба беларускага духу, беларускай гісторыі і беларускай шляхетнай этыкі»

Валеры Панамароў, рэжысэр, які экранізаваў Купалу і Быкава (73)

Стажыраваўся ў Леаніда Гайдая і Георгія Данэліі. Пэўны час працаваў рэжысэрам Купалаўскага тэатру, а потым перайшоў у камэдыйнае кіно. Вядомасьць рэжысэру прынесьлі на пачатку 90-х два фільмы: «Тутэйшыя» па Янку Купалу і «На чорных лядах» па Васілю Быкаву. Стужку «На чорных лядах», у якой распавядаецца пра падзеі антысавецкага Слуцкага паўстаньня 1920 году, паклалі на паліцу. Забаронены фільм паказваўся толькі двойчы, і толькі на нямасавых праглядах у Расеі.

Памёр 8 студзеня.

Аляксандар Ціхановіч, народны артыст Беларусі (64)

Нарадзіўся 13 ліпеня 1952 году ў Менску. Вучыўся ў Сувораўскай вучэльні, граў на трубе ў вайсковым духавым аркестры. Скончыў Маладэчанскую музычную вучэльню і Беларускую кансэрваторыю. З 1971 году саліст ВІА «Верасы».

З 1987 году саліст-вакаліст Дзяржаўнага аркестру сымфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі, стваральнік і кіраўнік (з жонкай Ядвігай Паплаўскай) першага ў Беларусі Тэатру песьні. Выступаў з Паплаўскай у складзе эстрадна-вакальнага дуэту. Аўтар папулярных эстрадных песень. У 2006 годзе Аляксандру Ціхановічу і ягонай жонцы Ядвізе Паплаўскай прысвоены званьні «Народны артыст Беларусі».

Памёр 28 студзеня.

Віктар Саяпін, краязнаўца, які напісаў пра Горадню 20 кніг (68)

Віктар Саяпін адпрацаваў 25 гадоў у мытнай службе: прайшоў шлях ад інспэктара да намесьніка начальніка Горадзенскай рэгіянальнай мытні. Першая ягоная кніга была прысьвечаная гісторыі Горадзенскай мытні і выйшла ў двух тамах. Актыўна займаўся краязнаўствам, працаваў у архівах, а выдаваць кнігі пачаў ужо на пэнсіі.

Ягоныя кнігі прысьвечаныя гісторыі горадзенскай штодзённасьці ХІХ—ХХ стагодзьдзя, архітэктуры, біяграфіям горадзенскіх вуліц, горадзенскім храмам, кінатэатрам і прадпрыемствам. Апошняя кніга «Гродна i гродзенцы. 1944–1974» выйшла зусім нядаўна.

Памёр 2 лютага.

Уладзімер Шыцікаў, грамадзкі актывіст з Гомля (70)

Уладзімер Шыцікаў нарадзіўся 28 красавіка 1946 году ў Коўне ў сям’і вайскоўца. Інжынэр-тэхноляг на Гомельскім электратэхнічным заводзе, ён з энтузіязмам сустрэў абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі, уступіў у Партыю БНФ. А калі яна падзялілася на дзьве плыні, застаўся ў КХП-БНФ.

Уладзімер Шыцікаў быў актыўным удзельнікам шматлікіх акцый, за што ўлады ня раз каралі яго штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі. З прычыны рэпрэсій Уладзімер Шыцікаў зьвяртаўся ў Камітэт правоў чалавека ААН, але адказу на сваю скаргу не дачакаўся.

Памёр 2 сакавіка.

Май Данцыг, народны мастак Беларусі (87)

Май Данцыг нарадзіўся 27 красавіка 1930 году ў Менску. Сябра Саюзу мастакоў СССР з 1960 году. У 1995 годзе Май Данцыг быў уганараваны званьнем «Народны мастак Беларусі», у 2005 годзе ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Найбольш вядомыя працы мастака прысьвечаныя Менску, Вялікай Айчыннай вайне. Пісаў ён і партрэты сучасьнікаў, у тым ліку Алеся Адамовіча і Васіля Быкава. Мая Данцыга называлі мэтрам так званага «суровага стылю». Яго працы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі, Дзяржаўнай Трацьцякоўскай галерэі ў Маскве, музэйных калекцыях Расеі, Галяндыі, Нямеччыны, Бэльгіі, Італіі, ЗША і іншых краін.

Памёр 26 сакавіка.

Міхась Кавыль, паэт, перакладчык, рэдактар (101)

Сапраўднае імя Язэп Лешчанка. Нарадзіўся ў 1917 годзе. Вучыўся ў Менскім пэдагагічным тэхнікуме. Друкавацца пачаў у 1929 годзе ў газэце «Беларуская вёска». Уваходзіў у літаратурную арганізацыю «Маладняк».

23 лютага 1933 году арыштаваны і асуджаны на 3 гады зьняволеньня па справе «Беларускай Народнай Грамады». Пакараньне адбываў на Далёкім Усходзе. З пачаткам Другой усясьветнай вайны ваяваў на Ўкраінскім фронце. У 1942 трапіў у палон, у 1943 выйшаў на волю, вярнуўся ў Менск.

З 1944 году ў эміграцыі ў Нямеччыне, Бэльгіі, з 1950 у ЗША. Рэдактар газэты «Беларуская трыбуна», часопіса «Беларуская думка». На эміграцыі выйшлі зборнікі паэзіі «Ростань», «Пад зорамі белымі», «Першая рана», «Цяжкія думы», кніга выбраных твораў «Міжагнёўе».

Памёр 6 красавіка.

Юры Бохан, беларускі гісторык і археоляг (51)

Нарадзіўся ў Менску 21 лютага 1966 году. Дасьледаваў урбаністычнае разьвіцьцё, узбраеньне і арганізацыю войска, шляхецкі побыт у Вялікім Княстве Літоўскім. Юры Бохан — фактычна заснавальнік гістарычнага збраязнаўства ў Беларусі.

Адзін з аўтараў кніг «Археалёгія Беларусі» (т. 4, 2001), «Гісторыя Беларусі» (т. 3, 2004).

Памёр 13 красавіка.

Міхась Паўлаў, краязнаўца і адзін з заснавальнікаў суполкі БНФ у Віцебску (59)

У 1986 годзе, калі ў Віцебску ўзьнікла пагроза зьнішчэньня Пакроўскай царквы, Міхась Паўлаў разам з археолягам Ігарам Цішкіным сталі ініцыятарамі стварэньня «Ўзгор'я». Клюб займаўся захаваньнем гісторыка-культурнай спадчыны Віцебшчыны.

Таксама Паўлаў актыўна ўдзельнічаў у зборы подпісаў супраць будаўніцтва пад Віцебскам атамнай электрастанцыі. Пазьней ствараў у Віцебску структуры БНФ, да канца 1990-х быў старшынём гарадзкой рады. Апошнія гады займаўся вырабам сувэнірнай прадукцыі з выявамі «Пагоні», герба Віцебску і архітэктурных помнікаў.

Памёр 22 красавіка.

Анатоль Мяльгуй, музычны крытык, журналіст і пісьменьнік (59)

Анатоль Мяльгуй быў адным з самых вядомых сучасных беларускіх музычных крытыкаў i стваральнікаў рок-руху ў Беларусі, аўтарам мноства рэцэнзій ды іншых публікацый. Ён удзельнічаў у арганізацыі першых беларускамоўных рок-фэстаў «Тры колеры» (на якіх упершыню выступілі гурты «Мроя», «Бонда» і іншыя).

Сумесна зь Вітаўтам Мартыненкам выдаў кнігi пра айчынны рок: «Праз рок-прызму» і «222 альбомы беларускага року і ня толькі...». Апошняя кніга была адзначана спэцыяльным прызам на Рок-каранацыі-2006.

Памёр 22 красавіка.

Мікола Аўрамчык, паэт, пісьменьнік перакладчык (97)

Мікола Аўрамчык нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Плёсы на Бабруйшчыне. У 1938 годзе паступіў у Менскі пэдінстытут, адначасова працаваў у рэдакцыі газэты «Піянер Беларусі». Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. У чэрвені 1942 году трапіў у палон, быў вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. У красавіку 1945 году вызвалены англічанамі. Пасьля вайны працаваў на аднаўленьні Данбасу. Скончыў філялягічны факультэт БДУ. Працаваў у «Чырвонай змене», «ЛіМе», часопісах «Полымя», «Маладосць».

Дапамагаў Нілу Гілевічу ствараць знакамітую паэму «Сказ пра Лысую гару».

Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і мэдалямі. Ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы.

Памёр 8 траўня.

Аляксандар Буд-Гусаім, першы беларускі пажыцьцёвік, які дамогся вызваленьня (58)

Аляксандра Буд-Гусаіма пасадзілі на пачатку 1999-га за забойства егера са зброі, зь якой, паводле экспэртызы, не было зроблена аніводнага стрэлу. У 2014-м ён выйшаў на волю. Вярхоўны Суд вымушаны быў палічыць прызначанае яму пакараньне занадта жорсткім і замяніў яго на «мякчэйшае» — 20 гадоў за кратамі. З улікам амністыі выйшла на некалькі гадоў менш.

Памёр 22 траўня.

Нерэабілітаваны пажыцьцёвік Аляксандар Буд-Гусаім. Апошняе інтэрвію перад сьмерцю

Віктар Купрэйчык, шахматыст, які галасаваў супраць абраньня Лукашэнкі кіраўніком НАК (67)

Віктар Купрэйчык — адзін з самых моцных шахматыстаў сьвету, міжнародны гросмайстар, пераможца і прызэр больш як 70 міжнародных турніраў у складзе зборных камандаў СССР і Беларусі. Апроч спартовых дасягненьняў, Віктар Купрэйчык быў вядомы сваёй грамадзянскай пазыцыяй.

У 1997 годзе ён прагаласаваў разам з гімнасткай Аленай Ваўчэцкай супраць таго, каб месца прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Ўладзімера Рыжанкова, які заўчасна памёр, заняў Аляксандар Лукашэнка.

У 2013 годзе Кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі шахматаў (FIDE) пастанавіў уключыць беларускага шахматыста Віктара Купрэйчыка ў сваю Залю славы.

Памёр 22 траўня.

Аляксандар Крывіцкі, знаўца беларускіх дыялектаў (90)

Аляксандар Крывіцкі
Аляксандар Крывіцкі

Нарадзіўся 15 жніўня 1927 году ў сялянскай сямʼі на Мсьціслаўшчыне. У 16 гадоў ваяваў на 2-м Украінскім фронце, быў удзельнікам баёў у Аўстрыі, Вугоршчыне, Чэхаславаччыне.

Яшчэ гады навучаньня на філфаку Магілёўскага пэдінстытуту пачаў вывучаць беларускія народныя гаворкі.

Больш за паўстагодзьдзя — ад 1952 да 2007 году — навуковы супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі. Езьдзіў у дыялекталягічныя экспэдыцыі, складаў карты для «Дыялекталягічнага атляса беларускай мовы». Зь ягонай ініцыятывы Інстытут мовазнаўства падрыхтаваў і выдаў лексыкаграфічныя зборнікі «З народнага слоўніка», «Народная лексыка», «Жывое слова» і іншыя.

Аўтар «Тураўскага слоўніка», збораў дыялектнай лексыкі «Жывёльны сьвет. Тэматычны слоўнік», «Расьлінны сьвет. Тэматычны слоўнік», «Чалавек. Тэматычны слоўнік».

У 1971 годзе Аляксандар Крывіцкі стаў ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР, у 2001-м узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны.

Памёр 30 чэрвеня.

Вікторыя Ткачук, грамадзкая актывістка (39)

Працавала маркетолягам. Сябра аргкамітэту гісторыка-культурніцкага аб’яднаньня «Вяртаньне памяці», займалася акцыямі ў абарону Курапатаў, зьбірала грошы на падтрымку незалежнасьці Ўкраіны, заклікала падтрымліваць арыштаваных па «Справе патрыётаў», пісаць ім лісты.

Вікторыя пісала вершы пад псэўданімам Вічка Крывічка.

Памерла 6 ліпеня.

«Вось і ўсё... А што застанецца?». Вянок памяці Вікторыі Ткачук

Уладзімер Мехаў, пісьменьнік, журналіст (89)

Уладзімер Мехаў (Няхамкін) нарадзіўся ў 1928 годзе ў Рагачове. Скончыў БДУ, працаваў у рэдакцыі газэты «Літаратура і мастацтва», ва ўнівэрсытэцкай шматтыражцы, «Чырвонай зьмене».

У літаратуры — з 1951 году. Пісаў прозу, п'есы для падлеткаў, перакладаў, быў сцэнарыстам дваццаці дакумэнтальных фільмаў, шэрагу радыёпастановак. Аўтар кніг «Станцыя паблізу Тамбова» (1964), «Добры вечар, камбат» (1970), «Слухаецца справа аб замаху» (1972), «Старадаўняя гравюра» (1974). Доўгі час працаваў рэдактарам і камэнтатарам на Беларускім радыё.

Памёр 7 ліпеня.

Раман Сашчанка, музыка, удзельнік гурту «ЛСП» (29)

Шырокай аўдыторыі ён вядомы пад псэўданімам «Рома Англічанін». Дуэт «ЛСП» утварыўся ў Менску. Сёлета гурт выпусьціў трэці студыйны альбом «Tragic City», які крытыкі і калегі называюць найлепшым у гісторыі гурту. Адной з самых вядомых песень стала «Манэтка». Кліп на гэты гіт на YouTube сабраў амаль 9,5 мільёна праглядаў.

Памёр 30 ліпеня.

Алеся Фурс (Умпіровіч), сябра Саюзу беларускіх патрыётаў, асуджаная на 25 гадоў (92)

Нарадзілася 24 сьнежня 1926 году ў вёсцы Азярава Відзаўскага (цяпер Браслаўскага) раёну.

У 1943 годзе, калі вучылася ў Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі, уступіла ў Саюз беларускай моладзі (СБМ). Яна змагалася «за сапраўдную, а не дэкляратыўную дзяржаўнасьць, самастойнасьць Беларусі, дзяржаўнасьць беларускай мовы, бел-чырвона-белы сьцяг, герб „Пагоня“, сувэрэнітэт, свабоднае разьвіцьцё беларускага народу».

25 сакавіка 1946 году для цырымоніі прыняцьця прысягі сяброў СБП Алеся намалявала «Пагоню». У 1948 годзе дзяўчыну арыштавалі і прысудзілі ёй 25 гадоў зьняволеньня ў савецкі канцлягер у Мардовіі. У лягеры Ўмпіровіч сябравала зь вядомай беларускай паэткай Ларысай Геніюш. Пасьля вызваленьня ў 1956 годзе выйшла замуж за сябра Глыбоцкай філіі СБП Антона Фурса, яны жылі ў Казахстане.

У 1982 годзе вярнуліся на радзіму, жылі ў Паставах. Алесю Фурс рэабілітавалі 23 лістапада 1992 году.

Памерла 19 жніўня.

Кніжачка без акладаў. Памяці Алесі Фурс

Алег Багуцкі, палітоляг і паліттэхноляг (49)

Паходзіў з Полаччыны, быў дэпутатам гарсавету. На выбарах 2001 году падтрымліваў Леаніда Сініцына. Потым перайшоў у штаб Мікалая Статкевіча, аднак празь нейкі час сышоў. Апошнія гады Багуцкі жыў у Кіеве, адкуль працягваў супрацоўнічаць шмат зь якімі беларускімі выданьнямі. Памёр 30 жніўня.

Сідарэвіч пра памерлага Багуцкага: «Гэта быў сапраўдны партыйны апаратчык, у добрым сэнсе гэтых слоў»

Радзівон Бас, заснавальнік фэстывалю «Славянскі базар» (64)

Радзівон Бас быў дырэктарам фэстывалю «Славянскі базар» 21 год — з 1992 па 2013. У 2013 годзе заснавальніка «Славянскага базару» замяніў на пасадзе чыноўнік Аляксандар Сідарэнка, былы намесьнік начальніка ўпраўленьня культуры Віцебскага аблвыканкаму.

Памёр 9 верасьня.

Галіна Руднік, вэтэран Радыё Свабода (87)

Галіна Руднік (з дому Ганчарэнка) нарадзілася ў Бабруйску ў 1930 годзе. Бацьку-вайскоўца расстралялі ў 37-м, маці арыштавалі і засудзілі праз год. У акупаваным Менску Галіна-школьніца разам з цёткай упісвала ў рускія лібрэта опэр беларускія пераклады, якія рабіла паэтка Натальля Арсеньнева. У 14 гадоў яна апынаецца пад бамбёжкай ужо ў Бэрліне, побач з той жа Арсеньневай, якую выцягне з завалу і выратуе ёй жыцьцё.

Скончыўшы нью-ёрскі City College, Галіна марыла працаваць у заснаванай ААН. Аднак прэзыдэнт БНР Мікола Абрамчык рэкамэндаваў яе на працу ў Беларускую рэдакцыю Радыё Вызваленьне, што ў 1954 годзе адкрывалася ў Мюнхэне.

Радыё Свабода Руднік аддала больш як сорак гадоў. Яе мультылінгвістычныя здольнасьці, рэдактарская разважнасьць і выразны голас былі запатрабаваныя ня толькі ў беларускай, але і ўкраінскай ды рускай рэдакцыях. Беларуску прызначалі дарадцай і асыстэнтам амэрыканскіх мэнэджэраў, урэшце яна стала кіраваць вялікім аддзелам прадукцыі. Аднак сама Галіна лічыла галоўным вынікам сваёй працы тое, што Савецкі Саюз распаўся, а Беларусь стала незалежнай.

Памерла 13 верасьня.

«Калі б ня Галя, мяне б сёньня наогул не было». Данчык узгадвае Галіну Руднік

Юлія Андрусышын, дзяячка беларускай эміграцыі (85)

Юлія Андрусышын нарадзілася ў 1932 годзе ў Менску. У яе радаводзе перапляліся чатыры шляхоцкія роды: Луцкевічы — Песьлякі — Шабуні — Каралёвы. У 12 год яна пакінула Беларусь. Ёй давялося перажыць вайну ў акупаваным немцамі Менску, потым — лягер для «перамешчаных асобаў» у Нямеччыне, а з 1950 году — Амэрыка, Нью-Ёрк. Тут яна выйшла замуж за ўкраінца Паўла Андрусышына, нарадзіла дваіх сыноў — Юрку і Багдана. Беларусь наведала толькі ў 1993 годзе.

У 2015 годзе ў выдавецтве «Лімарыус» выйшла кніга ўспамінаў Юліі Андрусышын «Забыцьцю не адданае», дзе, сярод іншага, надрукаваны яе дзёньнік падарожжа з Данчыкам па Беларусі.

Памерла 16 верасьня 2017 году.

Вянок памяці: Юлія Андрусышын, маці Данчыка

Аляксей Кавалец, грамадзкі актывіст (64)

Аляксей Кавалец — вайсковец, капітан у адстаўцы, доўгі час быў актывістам Беларускага Народнага Фронту, затым руху «За свабоду».

У 2001 годзе Кавалец быў кіраўніком менскага гарадзкога штабу кандыдата на прэзыдэнта Сямёна Домаша. У 2006-м быў у нацыянальным штабе Аляксандра Мілінкевіча, пасьля чаго стаў ягоным памочнікам.

«Пяшчотна любiў Беларусь, натхнёна распавядаў пра сваё любiмае Палесьсе, куды хацеў вярнуцца на вечны спачынак», — напісаў Аляксандар Мілінкевіч.

Памёр 17 верасьня.

Дзьмітры Смольскі, кампазытар, прафэсар Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі (80)

Нарадзіўся ў Менску ў сям’і музыказнаўцы Браніслава Смольскага. Напісаў 15 сымфоній, 3 опэры, шмат аркестравай, камэрнай, вакальнай музыкі. Больш за паўстагодзьдзя выкладаў у Беларускай акадэміі музыкі.

У канцы 1970-х стварыў опэру «Сівая легенда» на лібрэта Ўладзімера Караткевіча, пастаноўка атрымала Дзяржаўную прэмію. Опэра запісаная для фонду Беларускага радыё, на тэлебачаньні быў пастаўлены аднайменны фільм-опэра.

Пазьней Дзьмітры Смольскі напісаў іншыя знакавыя опэры, сярод іх «Францішак Скарына» і «Апалён-заканадаўца».

Памёр 29 верасьня.

Георгі Паплаўскі, народны мастак Беларусі (86)

Мастак працаваў у шырокім дыяпазоне, валодаў тэхнікай лінагравюры, літаграфіі, афорту, малюнку пяром. Аўтар антываеннай анталёгіі «Памяць», касьмічнай сагі «Высокае неба», цыкляў «Белы кантынэнт» і «Камандор», жывапісных сэрый «Мой край» і «Браслаўшчына — край азёрны».

Ягонымі працамі аздобленыя выданьні Янкі Купалы і Якуба Коласа, Васіля Быкава і Алеся Адамовіча, школьныя падручнікі. Блізкі сябар Васіля Быкава, Алеся Адамовіча.

Памёр 29 кастрычніка.

Алесь Каско, паэт (66)

Нарадзіўся ў 1951 годзе ў вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёну. Першы ягоны верш «Пралескі» зьявіўся ў ганцавіцкай раёнцы ў 1968 годзе. Працаваў карэспандэнтам у жабінкаўскай раённай газэце «Сельская праўда», на Берасьцейскім абласным тэлебачаньні. Сябар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, адказны сакратар Берасьцейскай філіі.

За зборнік паэзіі «Час прысутнасьці», які выйшаў у 1994 годзе, паэт быў узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова. У 2001 годзе стаў першым ляўрэатам Мядовай літаратурнай прэміі.

Памёр 26 лістапада.

Іван Макаловіч, рэдактар «Звязды» і «Народнай Волі» (77)

Нарадзіўся ў вёсцы Дубаўка Лунінецкага раёну. Скончыў БДУ, абараніў кандыдацкую дысэртацыю. Пачынаў з працы ў калгасе ў Лунінецкім раёне. Працаваў у «Мінскай праўдзе», «Звяздзе», «Народнай газеце», быў старшынём Дзяржаўнага камітэту па друку, старшынём Саюзу журналістаў Беларусі, галоўным рэдактарам творчай студыі «Фота і жыцьцё» (1990), намесьнікам галоўнага рэдактара «Народнай газеты»

Калегі Івана Макаловіча з «Народнай Волі» пісалі: «Іван Пятровіч Макаловіч усёй душой успрыняў незалежнасьць Беларусі, ён ня толькі марыў пра росквіт краіны, адраджэньне яе самабытнай культуры, гісторыі, але і шмат зрабіў для гэтага...». Памёр 29 лістапада.

Памяці Івана Макаловіча

Іван Мацкевіч, вядучы артыст драмтэатру імя Горкага (70)

Іван Мацкевіч (справа) у спэктаклі «Пане Каханку» Андрэя Курэйчыка
Іван Мацкевіч (справа) у спэктаклі «Пане Каханку» Андрэя Курэйчыка

Іван Мацкевіч нарадзіўся ў вёсцы Грабава на Ваўкавышчыне 9 красавіка 1947 году. У 1968-м скончыў Тэатральна-мастацкі інстытут па спэцыяльнасьці «актор драматычнага тэатру і кіно». Працаваў у Берасьцейскім тэатры драмы, потым у Тэатры-студыі кінаактора.

​Заслужаны артыст Беларусі, Мацкевіч апошнія два дзесяцігодзьдзі служыў у драмтэатры імя Горкага. У бягучым сэзоне быў заняты ў спэктаклях «Зойкіна кватэра» Міхаіла Булгакава, «Пане Каханку» Андрэя Курэйчыка, «Леў зімой» Джэймса Голдмэна ды іншых.

Таксама быў вядомы па кінаролях: «Дзяржаўная мяжа», «Раскіданае гняздо», «Сакрэтны фарватар», «Анастасія Слуцкая», «Маёр Ветраў», «Вольф Месінг: Хто бачыў скрозь час», «Снайпэр. Зброя адплаты».

Памёр 10 сьнежня.

Валянцін Бадзьяраў, кампазытар, адзін са стваральнікаў ансамбля «Сябры» (70)

Валянцін Бадзьяраў скончыў Беларускую дзяржаўную філярмонію па клясе скрыпкі. Быў удзельнікам, аўтарам песень і аранжыровак ансамбляў «Песьняры» і «Поющие гитары». Пачынаючы з 1976 году 5 гадоў быў мастацкім кіраўніком ансамбля «Сябры». Пазьней стварыў уласны гурт. Ляўрэат міжнародных і ўсесаюзных музычных конкурсаў і фэстываляў.

Разам з кампазытарам з Барнаула Алегам Івановым стварыў гіт «Алеся» («Дзяўчына з Палесься»). Песьню прысьвяціў сваёй дачцэ Алесі. З 1989 году жыў у Нямеччыне, кіраваў і дырыжыраваў камэрным ансамблем гораду Бадэнвайлер, быў канцэртмайстэрам розных аркестраў.

Памёр 21 сьнежня.

Дзьмітры Бугаёў, крытык і літаратуразнаўца (88)

Дзьмітры Бугаёў — сябра Беларускага ПЭН-цэнтру (з 1989 году), сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР (з 1961 году). Нарадзіўся 12 студзеня 1929 году ў вёсцы Сычык на Крычаўшчыне ў сялянскай сямʼі.

Ад 1964 году — дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, кандыдат філялягічных навук, прафэсар.

За савецкім часам быў адным з тых падзьвіжнікаў, якія паступова праводзілі рэабілітацыю літаратуры 1920-х (Дубоўка, Гарэцкі, Мікуліч, Каваль, Галавач), уключалі яе шматгранную палітру ў акадэмічны фармат. Гады незалежнасьці адкрылі Бугаёва як бескампраміснага крытыка таталітарнай сыстэмы, камуністычнай утопіі, абаронцу нацыянальнага праекту Беларусі.

Памёр 28 сьнежня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG