Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Юлія Андрусышын, маці Данчыка


Данчык (Багдан Андрусышын) і ягоная маці Юлія на яе 85-годзьдзе, 19 чэрвеня 2017 году.

16 верасьня 2017 году ў Нью-Ёрку памерла дзяячка беларускай эміграцыі Юлія Андрусышын. У апошнія хвіліны яе трымаў за руку сын Багдан Андрусышын (Данчык). Юліі Андрусышын у чэрвені споўнілася 85 годоў.

Юлія Андрусышын нарадзілася ў 1932 годзе ў Менску. У яе радаводзе перапляліся чатыры шляхоцкія роды: Луцкевічы — Песьлякі — Шабуні — Каралёвы.

Дванаццацігадовай дзяўчынкай Юлія пакінула родны Менск, каб наведаць яго толькі праз 45 гадоў разам з дарослым і славутым сынам.

Ёй давялося перажыць вайну ў акупаваным немцамі Менску, потым — лягер для «перамешчаных асобаў» у Нямеччыне, а з 1950 году — Амэрыка, Нью-Ёрк. Тут яна выйшла замуж за ўкраінца Паўла Андрусышына, нарадзіла дваіх сыноў — Юрку і Багдана.

У 2015 годзе ў выдавецтве «Лімарыус» выйшла кніга ўспамінаў Юліі Андрусышын «Забыцьцю не адданае», дзе сярод іншага надрукаваны яе дзёньнік падарожжа з Данчыкам па Беларусі.

Разьвітальная імша па Юліі Андрусышын адбудзецца ў Maliszewski Funeral Home (South River, New Jersey) у аўторак, 19 верасьня ад 18 да 20 гадзіны, пахаваньне — у сераду, 20 верасьня на беларускіх могілках у East Brunswick (New Jersey).

Данчык пра Маці

Гадоў восем таму за вельмі кароткі пэрыяд мая мама перажыла тры крытычныя сытуацыі за здароўем і прайшла тры вельмі небясьпечныя курсы лячэньня.

Пачалося з падазронага ўтварэньне ў ніжняй сківіцы, якое, на шчасьце, аказалася дабраякасным, але апэрацыя яго выдаленьня была доўгая і пакутлівая.

Неўзабаве пасьля таго закупорка сардэчнай артэрыі запатрабавала ангіяплястыкі або ўсталяваньня стэнта.

Урэшце ўсяго празь некалькі месяцаў, у выніку павышанага ціску здарылася кровазьліцьцё ў мозг. Спатрэбілася хірургічнае ўмяшаньне для ўскрыцьця чэрапа і аслабленьня ціску ад назьбіранай крыві. Дактары папярэдзілі маці, што яна можа не перажыць апэрацыю; тым ня менш мама цьвёрдай рукою падпісала заяву аб згодзе.

Празь некалькі тыдняў пасьля таго, я сядзеў на кансультацыі мамы зь яе шматгадовым доктарам. Памятаю, як яна апісвала ўсе гэтыя жахлівыя дыягназы і працэдуры зь неверагодным стаіцызмам. Выслухаўшы ўсё гэта, доктар Койн глядзеў на яе вельмі ўважліва можа цэлую хвіліну і ўрэшце сказаў: «Julia, you are one tough lady!» «Юля, вы нязломная жанчына!»

«Магчыма», — адказала доктару мама, — «але амэрыканцы такія слабакі. Нейкая малая драпінка — і адразу бягуць да доктара. А мы вайну перажылі!»

Думаю, мамін характар і сфармавалі вайна і цяжкое дзяцінства. Праўда, мама была нязломная, але яна была таксама вельмі мяккая. Як і шмат хто з нас, яна спалучала ў сабе самыя розныя супярэчныя рысы асобы.

Юлія ў маладосьці
Юлія ў маладосьці

Мама была надзвычай шчодрая і велікадушная, асабліва ў дачыненьні да незаможных людзей, і дасылала пасылкі з гасьцінцамі тым, хто быў у цяжкім фінансавым становішчы, нават калі ў яе самой было няшмат чаго даслаць. З другога боку, яна была значна менш марнатраўнай, калі ішлося пра тое, каб нечым пацешыць сябе. Замест таго, каб купляць сукенкі, якія яна не магла сабе дазволіць, яна навучылася шыць сама. Замест таго, каб хадзіць «на сапраўдную працу» ў офіс, яна заснавала свой уласны малы бізнэс і прадавала вырабленыя ёй сувэніры з вышытымі на іх цудоўнымі беларускімі ўзорамі — фотаальбомы, адразныя кніжкі, лялькі, закладкі для кніг, упрыгожаньні. Гэта прыносіла ёй толькі невялічкі даход, але ў пакупнікоў заставалася нешта значна больш каштоўнае і ўнікальнае.

​Мама была мудрая і — магчыма праз абставіны яе маладосьці (яна была дзіцем у сямʼі, якая распалася пасярод вайны, калі зь неба падалі бомбы, а на вуліцах віселі на шыбеніцах людзі) — была змушаная зь вельмі маладых гадоў паводзіць сябе і думаць як дарослы чалавек.

Маме варта было больш ганарыцца і адным і другім, але ганарыстасьць не была ў яе натуры.

Я прыгадваю гісторыю пра тое, як сямʼя мамы, якой тады было дванаццаць гадоў, пасьпешліва пакідала Менск, калі саветы пачалі наступ на горад. У хаосе і сумятні гэтая маладая дзяўчына спакойна зьняла абрус з абедзеннага стала і пашыла зь яго заплечнік. У яго яна склала тое, што яна ў тым юначым узросьце падсьвядома лічыла найбольшымі сямейнымі каштоўнасьцямі: не лялькі ці нейкія цацкі — а ўлюбёнага ката і альбомы зь сямейнымі фатаграфіямі. Гэта шмат што кажа пра яе сыстэму каштоўнасьцяў.

Кот уцёк, калі цягнік, у якім яны выехалі, падарваўся на міне, але фатаграфіі дажылі да гэтых дзён. Уратаваныя больш за паўстагодзьдзя таму з абгарэлых руінаў іх менскага дома ў 1944 годзе, гэтыя здымкі прыдаліся маме, калі яна ня так даўно выдала поўныя ілюстрацыяў успаміны пра яе ўлюбёную вялікую сямʼю і папярэднія пакаленьні, яе ня менш улюбёны горад Менск і яе заўсёдны гонар за сваю беларускасьць. Улічваючы, што яе здароўе тады імкліва пагаршалася, публікацыю кнігі можна лічыць важным дасягненьнем.

Шмат хто зь сяброў часта казалі, што мама мела галаву і характар, зь якімі яна магла б стаць выдатнай начальніцай. Гэта была праўда: у яе быў аналітычны розум і схільнасьць да пэрфэкцыянізму. З другога боку, магчыма пад уплывам таго вельмі нялёгкага дзяцінства, яна была таксама вельмі сьціплая і няўпэўненая ў сабе, яна ненавідзела ў сабе гэтыя якасьці, але ніколі не магла канчаткова ад іх пазбавіцца.

Па сутнасьці, мая маці была вельмі прыстойным чалавекам, яна заўсёды імкнулася трымацца праўды, паводзіцца слушна, шукаць справядлівасьці. У гэтым яна была бескампрамісная як у дачыненьні да іншых, гэтак і да самой сябе. Гэтая рыса характару, напэўна, паходзіць ад яе прыроджанай любові да людзей і веры ў іх. Яна рэдка калі казала пра некага нешта дрэннае, яна заўсёды была рада далучыцца да кампаніі, наведаць вечарынку. І таму, тая цішыня, якая агарнула яе дом у апошнія гады, думаю, адбілася на ёй вельмі цяжка...

Я меў шчасьце, што яна была са мной амаль шэсьцьдзесят гадоў, і я ўдзячны за гэта.

Як маці яна была поўная любові і ласкі, але таксама патрабавальная, часам нават занадта. І хоць я ніколі не любіў гэтае «занадта», мушу прызнацца, што калі б ня мама — якая цэлы час падшуквала мне песьні, напявала мэлёдыі, шукала ноты, разьбірала тэксты, злавалася, калі я фальшывіў (у яе быў вельмі добры слых), і, так, выштурхоўвала мяне на сцэну — я б ніколі не зрабіўся «славутым» беларускім сьпеваком з чатырма дыскамі беларускіх песьняў. Так што гэтыя чатыры музычныя альбомы, як і яе вышываныя сувэніры — гэта яе і толькі яе дасягненьне. Гэта галоўная матэрыяльная спадчына, якую яна пакідае па сабе. Маме варта было больш ганарыцца і адным і другім, але ганарыстасьць не была ў яе натуры.

Апошняй, найвялікшай і найдаўжэйшай была бітва маёй мамы з жорсткай і разбуральнай дэмэнцыяй. Занадта доўга яна балюча і рэзка ўсьведамляла, што «зь яе розумам робіцца нешта страшнае». І нават усьведамляючы гэта, мама праяўляла характэрную ёй адвагу і заўзятасьць; яна змагалася з хваробай на кожным кроку, як сапраўдны ваяр.

Для мяне яна, вядома ж, была незаменнай мамай, але разам з тым яна была таксама маёй сяброўкай і маёй адданай прыхільніцай. Я меў шчасьце, што яна была са мной амаль шэсьцьдзесят гадоў, і я ўдзячны за гэта.

Лішне казаць, што мне будзе яе страшна не хапаць да маіх апошніх дзён.

Уладзімер Арлоў пра Юлію Андрусышын: «Веру, што і там Вы будзеце чуць нашыя песьні...»

«Спадар Арлоў», — упершыню ў жыцьці мяне назвала так Юлія Андрусышын. «Я не пані, а спадарыня», — мякка паправіла яна. — А вы — спадар».

Я паказваў ёй і Данчыку Полацак у час яе першага пасьля вайны прыезду ў Беларусь у 1989-м. Потым былі дранікі, хатняя вішнёўка, канцэрт у Багаяўленскім саборы, калі ня толькі твар спадарыні Юлі, але ўся яна сьвяцілася шчасьцем і гонарам за сына. І — раскоша чалавечых стасункаў з мудрай і сьветлай жанчынай, якую, здавалася, ведаў не два дні, а — пасьля доўгіх і надзіва шчырых размоваў — цэлае жыцьцё.

У Нью-Ёрку мы сустрэліся ўжо як даўнія сябры. Я быў проста атулены цеплынёю ды клопатамі спадарыні Юлі, і яе мамы Яніны Каханоўскай, роднай пляменьніцы Івана і Антона Луцкевічаў, — і на горным лецішчы Андрусышыных з падобнымі да нашых хрушчоў птушачкамі-калібры над белымі, крэмавымі і ружовымі кветкамі духмянае табакі, і ў нью-ёрскай кватэры з густоўнымі лялькамі ды іншымі Юлінымі творамі-сувэнірамі, нязьменна аздобленымі беларускім арнамэнтам.

Кватэра тады была гасьцінна аддадзеная нядаўнім эмігрантам Зянону Пазьняку і Сяргею Навумчыку. У тых сьценах, дарэчы, нарадзілася маё эсэ «Вустрыцы а пятай раніцы». Так я назаву цяпер кнігу сваіх выбраных эсэ, сярод герояў якой і Юлія Андрусышын. А яшчэ я абавязкова напішу пра яе ў «Імёнах свабоды».

Чую Юлін густы і цёплы непаўторны голас: «Спадар Арлоў...»

Бывайце, дарагая спадарыня Юля! Я веру, што і там Вы будзеце чуць нашыя песьні і Данчыкаву гітару.

Сяргей Навумчык: «Гаспадыня гасьціннага дому»

З адыходам у лепшы сьвет спадарыні Юлі Андрусышын шмат што абарвалася — для многіх.

Найперш, канешне для Данчыка, якога яна прывяла ў сьвет і далучыла да Беларусі.

Страціла беларуская дыяспара — бо цягам дзесяцігодзьдзяў (фактычна, паўстагодзьдзе!) кватэра Андрусышыных на Іст-12 стрыт была тым месцам, дзе штотыдзень зьбіраліся нью-ёрскія беларусы. Пэўна, не было ніводнай колькі—небудзь вядомай асобы, якая б не адведала гасьціннасьці спадарыні Юлі. Дастаткова сказаць, што менавіта ў сям’і Андрусышыных спынялася нашая выбітная паэтка Натальля Арсеньева, калі наведвала Нью-Ёрк.

Страцілі ўсе, хто ведаў спадарыню Юлю, хто спазнаў яе дабрыню ды спагаду. Разам зь Зянонам Пазьняком мне давялося адчуць гасьціннасьць яе дому ў 1996 годзе, у даволі драматычны для нас час. Гасьцінным домам зрабілася кватэра і для новай хвалі беларускай эміграцыі, і для тых беларусаў, хто наведваў Нью-Ёрк.

Увогуле, дыяспара — гэта даволі вузкае кола, і як у кожным соцыюме такога кшталту тут непазьбежныя дыскусіі, спрэчкі, якія часам пераходзяць у сваркі, у зацяжныя канфлікты — аж на дзесяцігодзьдзі. Нічога падобнага ў кватэры Андрусышыных я ня бачыў, такое было выключана, але здаралася, што абмеркаваньне справаў дыяспары было вельмі эмацыйным. На фоне падвышаных галасоў гаворка спадарыні Юлі вылучалася разважлівасьцю і спакоем.

Пікет у абарону беларускіх палітвязьняў, сакавік 1998, Нью-Ёрк. Юлія Андрусышын крайняя справа (у цэнтры Івонка Сурвіла)
Пікет у абарону беларускіх палітвязьняў, сакавік 1998, Нью-Ёрк. Юлія Андрусышын крайняя справа (у цэнтры Івонка Сурвіла)

Спадарыня Юля падтрымлівала ў сям’і, у сваім доме атмасфэру беларускасьці.

Юля Андрусышын нарадзілася ў 1932 годзе і магла толькі чуць пра родных братоў сваёй бабулі — стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі Івана ды Антона Луцкевічаў, але ў маленстве бачыла Янку Купалу — іх дамы былі на адной вуліцы. (Напэўна, спадарыня Юля была апошняй з нашых сучасьнікаў, хто бачыў жывога Купалу — вось і абарвалася нашая жывая сувязь з нацыянальным геніем. Гэтак жа, як яе маці Яніна Каханоўская была апошняй нашай сучасьніцай, якая магла сказаць, што бачыла Максіма Багдановіча (паэт трымаў яе на руках). Яна расла і выхоўвалася ў беларускім асяродку нагэтулькі моцнай нацыянальнай канцэнтрацыі, што пранесла Беларускую ідэю, беларускае слова праз дзесяцігодзьдзі жыцьця на чужыне.

Ёй давялося перажыць вайну ў акупаваным немцамі Менску, потым — лягер для «перамешчаных асобаў» у Нямеччыне, а з 1950 году — Амэрыка, Нью-Ёрк. Тут яна выйшла замуж за ўкраінца Паўла Андрусышына, нарадзіла дваіх сыноў — Юрку і Багдана.

Спадарыня Юля падтрымлівала ў сям’і, у сваім доме атмасфэру беларускасьці, гэта ад яе (а яшчэ — і ад бабці, Юлінай маці, Яніны Каханоўскай) пачуў Данчык беларускія песьні. Увогуле, як ён прызнаецца, менавіта пад яе ўплывам пачаў сьпяваць — і менавіта маці наладзіла першы прыезд Данчыка ў Беларусь у 1989 годзе, канцэрты пры перапоўненых залях, якія сёньня ўсьведамляюцца як значная падзея апошняй хвалі Адраджэньня.

Ёй давялося перажыць вайну ў акупаваным немцамі Менску, потым — лягер для «перамешчаных асобаў» у Нямеччыне, а з 1950 году — Амэрыка, Нью-Ёрк.

У 2015 годзе ў выдавецтве «Лімарыус» выйшла кніга «Забыцьцю не адданае», дзе надрукаваны ейны дзёньнік таго самага цяпер ужо гістарычнага падарожжа Данчыка па Беларусі. Тут жа, пад адной вокладкай, сабраныя ўспаміны Юлі Андрусышын, яе перапіска, дзесяткі ўнікальных фотаздымкаў — у тым ліку і тыя, якія маленькая Юля ў самаробны заплечнік, калі разам з маці пакідала Менск.

«Чым больш я разьбіраю нашыя сямейныя справы, — тым часьцей прыходжу да высновы, што я мела вельмі добрую сям’ю — і вялікую, і разумную, і цікавую. Часам думаю, ці ёсьць з маіх знаёмых нехта, зь кім я хацела б замяніцца перажытым. Пакуль што не знайшла, дзякуй Богу» — гэтымі словамі Юля Андрусышын завяршыла кнігу сваіх успамінаў.

Шчасьлівым была яна чалавекам.

Вечная памяць.

Алена Радкевіч: «Зь ёй усе адчувалі сябе як зь сяброўкай»

Спадарыняй Юляй ачароўваліся ўсе. Памятаю, як мой сын, пазнаёміўшыся зь ёй, сказаў: «Празь пяць хвілінаў адчуваеш сябе, як са старой сяброўкай». Яму тады было 20, ёй за 70, і словаў «сяброўка» у дачыненьні да людзей так сталага веку я ніколі дагэтуль ад яго ня чула. Я і сама пачувалася ў яе кампаніі надзвычай лёгка: яна ахвотна і прыветна ўсьміхалася, імкнулася быць карыснай безь мітусьні, мела арыстакратычныя і простыя манеры — іх хацелася пераймаць. Да яе ўвогуле хацелася быць падобнай.

Алена Радкевіч і Юлія Андрусышын, Нью-Ёрк, 2004 год.
Алена Радкевіч і Юлія Андрусышын, Нью-Ёрк, 2004 год.

Мы з сынам спыняліся ў яе ў Нью-Ёрку, і ня раз замест таго, каб блукаць па легендарным горадзе, заседжваліся з размовамі са спадарыняй Юляй: зь ёй было цікава, камфортна.

Асобна хачу сказаць пра Данчыка. Ягоныя паводзіны — сапраўдны сынавы подзьвіг. Апошнія гады ён разрываўся паміж дзьвюма краінамі, вёў бясконцыя кансультацыі з дактарамі, дагаджаў сядзелкам, закалыхваў і супакойваў маці. Ейны сон, здароўе, настрой сталі ягоным штохвілінным клопатам. Ён фактычна ня спаў некалькі гадоў, ушчэнт змарнеў, стрэс стаў ягоным звыклым станам. З маўклівай горыччу ўспрыняў уцёкі ад хворай маці тых беларусаў, каму спадарыня Юля дапамагала ў іх эмігранцкім жыцьці, калі яны мелі ў ёй патрэбу.

Трымайся, Данчык. Кожная маці ганарылася б такім сынам.

У мяне засталіся кашуля і кулён-вышыванка, зробленыя спадарыняй Юляй. Засталіся ўспаміны. І сябар Данчык.

Юлія Андрусышын: Гэта быў самы шчасьлівы момант у маім жыцьці (з архіву Свабоды)

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG