Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадоў восем таму за вельмі кароткі пэрыяд мая мама перажыла тры крытычныя сытуацыі са здароўем і прайшла тры вельмі небясьпечныя курсы лячэньня.

Пачалося з падазронага ўтварэньня ў ніжняй сківіцы, якое, на шчасьце, аказалася дабраякасным, але апэрацыя яго выдаленьня была доўгая і пакутлівая.

Неўзабаве пасьля таго закупорка сардэчнай артэрыі запатрабавала ангіяплястыкі або ўсталяваньня стэнта.

Урэшце ўсяго празь некалькі месяцаў, у выніку павышанага ціску здарылася кровазьліцьцё ў мозг. Спатрэбілася хірургічнае ўмяшаньне для ўскрыцьця чэрапа і аслабленьня ціску ад назьбіранай крыві. Дактары папярэдзілі маці, што яна можа не перажыць апэрацыю; тым ня менш мама цьвёрдай рукою падпісала заяву аб згодзе.

Празь некалькі тыдняў пасьля таго, я сядзеў на кансультацыі мамы зь яе шматгадовым доктарам. Памятаю, як яна апісвала ўсе гэтыя жахлівыя дыягназы і працэдуры зь неверагодным стаіцызмам. Выслухаўшы ўсё гэта, доктар Койн глядзеў на яе вельмі ўважліва можа цэлую хвіліну і ўрэшце сказаў: «Julia, you are one tough lady!» «Юля, вы нязломная жанчына!»

«Магчыма», — адказала доктару мама, — «але амэрыканцы такія слабакі. Нейкая малая драпінка — і адразу бягуць да доктара. А мы вайну перажылі!»

Думаю, мамін характар і сфармавалі вайна і цяжкое дзяцінства. Праўда, мама была нязломная, але яна была таксама вельмі мяккая. Як і шмат хто з нас, яна спалучала ў сабе самыя розныя супярэчныя рысы асобы.

Юлія ў маладосьці
Юлія ў маладосьці

Мама была надзвычай шчодрая і велікадушная, асабліва ў дачыненьні да незаможных людзей, і дасылала пасылкі з гасьцінцамі тым, хто быў у цяжкім фінансавым становішчы, нават калі ў яе самой было няшмат чаго даслаць. З другога боку, яна была значна менш марнатраўнай, калі ішлося пра тое, каб нечым пацешыць сябе. Замест таго, каб купляць сукенкі, якія яна не магла сабе дазволіць, яна навучылася шыць сама. Замест таго, каб хадзіць «на сапраўдную працу» ў офіс, яна заснавала свой уласны малы бізнэс і прадавала вырабленыя ёй сувэніры з вышытымі на іх цудоўнымі беларускімі ўзорамі — фотаальбомы, адразныя кніжкі, лялькі, закладкі для кніг, упрыгожаньні. Гэта прыносіла ёй толькі невялічкі даход, але ў пакупнікоў заставалася нешта значна больш каштоўнае і ўнікальнае.

На прэзэнтацыі кнігі «Забыцьцю не адданае» Юліі Андрусышын. Ліпнень 2015 году.
На прэзэнтацыі кнігі «Забыцьцю не адданае» Юліі Андрусышын. Ліпнень 2015 году.

Мама была мудрая і — магчыма праз абставіны яе маладосьці (яна была дзіцем у сямʼі, якая распалася пасярод вайны, калі зь неба падалі бомбы, а на вуліцах віселі на шыбеніцах людзі) — была змушаная зь вельмі маладых гадоў паводзіць сябе і думаць як дарослы чалавек.

Я прыгадваю гісторыю пра тое, як сямʼя мамы, якой тады было дванаццаць гадоў, пасьпешліва пакідала Менск, калі саветы пачалі наступ на горад. У хаосе і сумятні гэтая маладая дзяўчына спакойна зьняла абрус з абедзеннага стала і пашыла зь яго заплечнік. У яго яна склала тое, што яна ў тым юначым узросьце падсьвядома лічыла найбольшымі сямейнымі каштоўнасьцямі: не лялькі ці нейкія цацкі — а ўлюбёнага ката і альбомы зь сямейнымі фатаграфіямі. Гэта шмат што кажа пра яе сыстэму каштоўнасьцяў.

Кот уцёк, калі цягнік, у якім яны выехалі, падарваўся на міне, але фатаграфіі дажылі да гэтых дзён. Уратаваныя больш за паўстагодзьдзя таму з абгарэлых руінаў іх менскага дома ў 1944 годзе, гэтыя здымкі прыдаліся маме, калі яна ня так даўно выдала поўныя ілюстрацыяў успаміны пра яе ўлюбёную вялікую сямʼю і папярэднія пакаленьні, яе ня менш улюбёны горад Менск і яе заўсёдны гонар за сваю беларускасьць. Улічваючы, што яе здароўе тады імкліва пагаршалася, публікацыю кнігі можна лічыць важным дасягненьнем.

Шмат хто зь сяброў часта казалі, што мама мела галаву і характар, зь якімі яна магла б стаць выдатнай начальніцай. Гэта была праўда: у яе быў аналітычны розум і схільнасьць да пэрфэкцыянізму. З другога боку, магчыма пад уплывам таго вельмі нялёгкага дзяцінства, яна была таксама вельмі сьціплая і няўпэўненая ў сабе, яна ненавідзела ў сабе гэтыя якасьці, але ніколі не магла канчаткова ад іх пазбавіцца.

Па сутнасьці, мая маці была вельмі прыстойным чалавекам, яна заўсёды імкнулася трымацца праўды, паводзіцца слушна, шукаць справядлівасьці. У гэтым яна была бескампрамісная як у дачыненьні да іншых, гэтак і да самой сябе. Гэтая рыса характару, напэўна, паходзіць ад яе прыроджанай любові да людзей і веры ў іх. Яна рэдка калі казала пра некага нешта дрэннае, яна заўсёды была рада далучыцца да кампаніі, наведаць вечарынку. І таму, тая цішыня, якая агарнула яе дом у апошнія гады, думаю, адбілася на ёй вельмі цяжка...

​Як маці яна была поўная любові і ласкі, але таксама патрабавальная, часам нават занадта. І хоць я ніколі не любіў гэтае «занадта», мушу прызнацца, што калі б ня мама — якая цэлы час падшуквала мне песьні, напявала мэлёдыі, шукала ноты, разьбірала тэксты, злавалася, калі я фальшывіў (у яе быў вельмі добры слых), і, так, выштурхоўвала мяне на сцэну — я б ніколі не зрабіўся «славутым» беларускім сьпеваком з чатырма дыскамі беларускіх песьняў.

Вечарынка ў "Родным куце". 1987 год.
Вечарынка ў "Родным куце". 1987 год.

Так што гэтыя чатыры музычныя альбомы, як і яе вышываныя сувэніры — гэта яе і толькі яе дасягненьне. Гэта галоўная матэрыяльная спадчына, якую яна пакідае па сабе. Маме варта было больш ганарыцца і адным і другім, але ганарыстасьць не была ў яе натуры.

Апошняй, найвялікшай і найдаўжэйшай была бітва маёй мамы з жорсткай і разбуральнай дэмэнцыяй. Занадта доўга яна балюча і рэзка ўсьведамляла, што «зь яе розумам робіцца нешта страшнае». І нават усьведамляючы гэта, мама праяўляла характэрную ёй адвагу і заўзятасьць; яна змагалася з хваробай на кожным кроку, як сапраўдны ваяр.

Для мяне яна, вядома ж, была незаменнай мамай, але разам з тым яна была таксама маёй сяброўкай і маёй адданай прыхільніцай. Я меў шчасьце, што яна была са мной амаль шэсьцьдзесят гадоў, і я ўдзячны за гэта.

Лішне казаць, што мне будзе яе страшна не хапаць да маіх апошніх дзён.

  • 16x9 Image

    Данчык

    Багдан Андрусышын нарадзіўся ў 1958 годзе ў Ню-Ёрку. Скончыў Унівэрсытэт Ню-Ёрку са ступеньню бакаляра журналістыкі. Працуе на Свабодзе з 1992 году. Ведамы ў Беларусі як сьпявак Данчык. Аўтар і выканаўца беларускіх песьняў, выдаў шэсьць альбомаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG