Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З адыходам у лепшы сьвет спадарыні Юлі Андрусышын шмат што абарвалася — для многіх.

Найперш, канешне для Данчыка, якога яна прывяла ў сьвет і далучыла да Беларусі.

Страціла беларуская дыяспара — бо цягам дзесяцігодзьдзяў (фактычна, паўстагодзьдзе!) кватэра Андрусышыных на Іст-12 стрыт была тым месцам, дзе штотыдзень зьбіраліся нью-ёрскія беларусы. Пэўна, не было ніводнай колькі—небудзь вядомай асобы, якая б не адведала гасьціннасьці спадарыні Юлі. Дастаткова сказаць, што менавіта ў сям’і Андрусышыных спынялася нашая выбітная паэтка Натальля Арсеньнева, калі наведвала Нью-Ёрк.

Страцілі ўсе, хто ведаў спадарыню Юлю, хто спазнаў яе дабрыню ды спагаду. Разам зь Зянонам Пазьняком мне давялося адчуць гасьціннасьць яе дому ў 1996 годзе, у даволі драматычны для нас час. Гасьцінным домам зрабілася кватэра і для новай хвалі беларускай эміграцыі, і для тых беларусаў, хто наведваў Нью-Ёрк.

Пікет у абарону беларускіх палітвязьняў, сакавік 1998, Нью-Ёрк. Юлія Андрусышын крайняя справа (па цэнтру - Івонка Сурвіла)
Пікет у абарону беларускіх палітвязьняў, сакавік 1998, Нью-Ёрк. Юлія Андрусышын крайняя справа (па цэнтру - Івонка Сурвіла)

Увогуле, дыяспара — гэта даволі вузкае кола, і як у кожным соцыюме такога кшталту тут непазьбежныя дыскусіі, спрэчкі, якія часам пераходзяць у сваркі, у зацяжныя канфлікты — аж на дзесяцігодзьдзі. Нічога падобнага ў кватэры Андрусышыных я ня бачыў, такое было выключана, але здаралася, што абмеркаваньне справаў дыяспары было вельмі эмацыйным. На фоне падвышаных галасоў гаворка спадарыні Юлі вылучалася разважлівасьцю і спакоем.

Юля Андрусышын нарадзілася ў 1932 годзе і магла толькі чуць пра родных братоў сваёй бабулі — стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі Івана ды Антона Луцкевічаў, але ў маленстве бачыла Янку Купалу — іх дамы былі на адной вуліцы. (Напэўна, спадарыня Юля была апошнім з нашых сучасьнікаў, хто бачыў жывога Купалу — вось і абарвалася нашая жывая сувязь з нацыянальным геніем. Гэтак жа, як яе маці Яніна Каханоўская была апошняй нашай сучасьніцай, якая магла сказаць, што бачыла Максіма Багдановіча (паэт трымаў яе на руках). Яна расла і выхоўвалася ў беларускім асяродку нагэтулькі моцнай нацыянальнай канцэнтрацыі, што пранесла Беларускую ідэю, беларускае слова праз дзесяцігодзьдзі жыцьця на чужыне.

Ёй давялося перажыць вайну ў акупаваным немцамі Менску, потым — лягер для «перамешчаных асобаў» у Нямеччыне, а з 1950 году — Амэрыка, Нью-Ёрк. Тут яна выйшла замуж за ўкраінца Паўло Андрусышына, нарадзіла дваіх сыноў — Юрку і Багдана.

Спадарыня Юля падтрымлівала ў сям’і, у сваім доме атмасфэру беларускасьці, гэта ад яе (а яшчэ — і ад бабці, Юлінай маці, Яніны Каханоўскай) пачуў Данчык беларускія песьні. Увогуле, як ён прызнаецца, менавіта пад яе ўплывам пачаў сьпяваць — і менавіта маці наладзіла першы прыезд Данчыка ў Беларусь у 1989 годзе, канцэрты пры перапоўненых залях, якія сёньня ўсьведамляюцца як значная падзея апошняй хвалі Адраджэньня.

Ёй давялося перажыць вайну ў акупаваным немцамі Менску, потым — лягер для «перамешчаных асобаў» у Нямеччыне, а з 1950 году — Амэрыка, Нью-Ёрк.

У 2015 годзе ў выдавецтве «Лімарыус» выйшла кніга «Забыцьцю не адданае», дзе надрукаваны ейны дзёньнік таго самага цяпер ужо гістарычнага падарожжа Данчыка па Беларусі. Тут жа, пад адной вокладкай, сабраныя ўспаміны Юлі Андрусышын, яе перапіска, дзесяткі ўнікальных фотаздымкаў — у тым ліку і тыя, якія маленькая Юля ў самаробны заплечнік, калі разам з маці пакідала Менск.

«Чым больш я разьбіраю нашыя сямейныя справы, — тым часьцей прыходжу да высновы, што я мела вельмі добрую сям’ю — і вялікую, і разумную, і цікавую. Часам думаю, ці ёсьць з маіх знаёмых нехта, зь кім я хацела б замяніцца перажытым. Пакуль што не знайшла, дзякуй Богу» — гэтымі словамі Юля Андрусышын завяршыла кнігу сваіх успамінаў.

Шчасьлівым была яна чалавекам.

Вечная памяць.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG