Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр аўтар опэр «Францішак Скарына» і «Сівая легенда» Дзьмітры Смольскі


Дзьмітры Смольскі

29 верасьня памёр кампазытар, народны артыст Беларусі Дзьмітры Смольскі. Яму быў 80 гадоў. Пра гэта у Facebook паведаміла музычны крытык Юлія Андрэева.

Паводле музычнай бібліяграфіі, Дзьмітры Смольскі — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі, кавалер ордэна Францішка Скарыны, сябра Саюзу кампазытараў Беларусі, прафэсар Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі.

Зь сям’і музыказнаўцы

Ён нарадзіўся ў Менску ў сям’і музыказнаўцы Браніслава Смольскага. Скончыў спэцшколу пры кансэрваторыі, Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю па клясе кампазыцыі прафэсара Анатоля Багатырова, а затым асьпірантуру Пэдагагічнага інстытуту імя Гнесіных у Маскве.

Некаторы час Дзьмітры Смольскі займаўся выкладчыцкай дзейнасьцю ў Магілёўскай музычнай вучэльні, а з пачатку 1960-х — у Беларускай акадэміі музыкі. Ад 1986-га — прафэсар гэтай установы.

Аўтар знакавых опэр

У творчым багажы кампазытара — сымфанічная, камэрная, інструмэнтальная музыка, таксама ён пісаў для кіно.

У канцы 1970-х стварыў опэру «Сівая легенда» на лібрэта Ўладзімера Караткевіча, пастаноўка атрымала Дзяржаўную прэмію. Опэра запісана для фонду Беларускага радыё, на тэлебачаньні на аснове фанаграмы быў пастаўлены аднайменны фільм-опэра.

Пазьней Дзьмітры Смольскі напісаў іншыя знакавыя опэры, сярод іх «Францішак Скарына» і «Апалён-заканадаўца».

Ягоны сын Віктар Смольскі – вядомы рок-музыка. Выступаў у англамоўным гурце Inspector, які ў канцы 1980-х першым зь Беларусі выправіўся заваёўваць заходнюю публіку. Жыве ў Нямеччыне, шмат гадоў адыграў у складзе культавага мэтал-калектыву Rage.

XS
SM
MD
LG