Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшла з жыцьця вэтэран Свабоды, супрацоўніца першай рэдакцыі Радыё Вызваленьне 1954 году Галіна Руднік. Яна памерла 13 верасьня ў Мюнхэне ў веку 87 гадоў ад анкалягічнай хваробы.

Усім сваім лёсам Галіна Руднік дае нам прыклад, як зь нягод, вайны і зла выйсьці жывой, моцнай, аптымістычнай. Гэта мудрая і яркая жанчына мела шчасьце прайсьці сваю дарогу разам з унікальнымі сучасьнікамі.

Галіна Руднік (з дому Ганчарэнка) нарадзілася ў Бабруйску ў 1930 годзе і ўжо ў восем год з-за сталінскіх рэпрэсій засталася фактычна сіратой. Бацьку-вайскоўца расстралялі ў 37-м, маці арыштавалі і засудзілі праз год. Ад дзіцячага дому ўратавала цётка, опэрная сьпявачка Барбара Вержбаловіч, якая забрала дзяўчынку ў Менск. Потым у сваіх мэмуарах Галіна напіша: «У той час я зайздросьціла толькі дзьвюм дзяўчатам: Сьвятлане Сталінай і той дзяўчынцы, чыя мама працавала прыбіральшчыцай у менскім НКВД. Я была пэўная, што вось у іх ніколі не адбяруць маму». Пазьней Сьвятлана Сталіна, якая ўцякла з СССР на Захад, перадасьць свае мэмуары для чытаньня на Радыё Свабода. Голас дачкі Шаляпіна ёй не спадабаецца, яна выбера талент Галіны, дачкі «ворагаў народа».

Галіна Руднік: “Што я магу лічыць вынікам маёй працы?”

У акупаваным Менску, дзе было дазволена працаваць тэатру, Галіна-школьніца разам з цёткай ўпісвала ў рускія лібрэта опэр «Евгений Онегин», «Пиковая дама», «Кармэн» беларускія пераклады, якія рабіла паэтка Натальля Арсеньнева. Пад канец вайны Цэнтральная Беларуская рада прапануе артыстам, якіх чакала непазьбежная кара за ўдзел у беларусізацыі пры немцах, выяжджаць на Захад. У 14 гадоў Галіна апынаецца пад бамбёжкай ужо ў Бэрліне, побач з той жа Натальльяй Арсеньневай, якую выцягне з завалу і выратуе ёй жыцьцё.

Унівэрсытэты Галіны пачнуцца ў лягерах «перамешчаных асобаў» і працягнуцца ў Амэрыцы. З карабля, што прывёз іх праз акіян, Галіна з Барбарай Вержбаловіч сыходзяць з пяцьцю далярамі ў кішэні, беларускім строем і акардэонам. Апынуўшыся ў Нью Ёрку, Галіна вучыцца, падпрацоўвае і ўключаецца ў беларускае жыцьцё. На літургіі ў беларускай царкве кампазытар Мікола Равенскі, які адчуў сябе дрэнна, ставіць яе замест сябе кіраваць хорам. У Нью-Ёрку яны зноў сустрэнуцца зь Янінай Каханоўскай, якая раздавала ім праз «Самапомач» выратавальную зупу ў акупаваным галодным Менску. А Галіна пазнаёміць яе дачку — Юлю з украінцам Паўлам Андрусышыным, будучым бацькам Данчыка.

Заканчваючы Нью Ёрк Сіці каледж, Галіна марыць працаваць у нядаўна заснаванай ААН. Аднак прэзыдэнт БНР Мікола Абрамчык рэкамэндуе яе на працу ў Беларускую рэдакцыю Радыё Вызваленьне, што адкрывалася ў Мюнхэне. Атрымаўшы дыплём і захапіўшы цёцю, Галіна вяртаецца ў Эўропу. Фота з чэрвеня 1954-га, калі яны сыходзяць з трапу самалёта, падпісана яе рукой: «Птушкі пералётныя». Гэтую назву Галіна Руднік выбрала і для сваіх мэмуараў, што выйшлі ў Бібліятэцы Свабоды. Кнігу Галіна прысьвяціла сваім сынам — Аляксандру і Юрыю.

Радыё Свабода яна аддала больш як сорак гадоў. Яе мультылінгвістычныя здольнасьці, рэдактарская разважнасьць і выразны голас былі запатрабаваныя ня толькі ў беларускай, але і ўкраінскай ды рускай рэдакцыях. Галіна была прыхільніцай апавядальнай размовы са слухачамі, яе радыйнай манэрай гаварыць было «як госьць у доме». Галіну прызначалі дарадцай і асыстэнтам амэрыканскіх мэнэджэраў, урэшце яна стала кіраваць вялікім аддзелам прадукцыі. Саракавы юбілей Радыё Свабода Галіне давялося адзначаць разам з Гарбачовым у Маскве. Тады, на пачатку дзевяностых, маскоўскі таксісіт быў уражаны, што вязе некага з той самай Свабоды, спыніўся і папрасіў у Галіны аўтограф, каб дома паверылі. Сама Галіна лічыла галоўным вынікам сваёй працы тое, што Савецкі Саюз распаўся, а Беларусь стала незалежнай.

Галіна Руднік: “Пад сьцяной нашага будынку ўзарвалася бомба”
Галіна Руднік: “Аддзел прадукцыі быў вельмі калярытны...”
Галіна Руднік: “Я пераканалася, што мае дзеці ў добрых руках”
Галіна Руднік: “ Астранаўты прывадніліся дагары нагамі... ”
Галіна Руднік: “Голас дачкі Сталіна на хвалях нашага радыё была такая сэнсацыя”
Галіна Руднік: “Мы не сумняваліся, што на Радыё Свабода мусілі быць шпіёны”
Галіна Руднік: “Радыё павінна было гучаць як “госьць у хаце слухача”
Галіна Руднік: “ Маме сказалі, што мы загінулі падчас бамбёжкі”
Галіна Руднік: “Як сказаць па-ангельску “падымаць цаліну”?”
Галіна Руднік: “Наша бесклапотнае жыцьцё ў Мюнхэне хутка скончылася”
Галіна Руднік: “Падставы верыць, што нас слухаюць на Бацькаўшчыне, былі”
Галіна Руднік: “Абрамчык знайшоў кандыдатку ў беларускую рэдакцыю”
Галіна Руднік: "У Юлі і Паўла гэта было каханьне з першага погляду"
Галіна Руднік: “Пастар у часе вячэры сказаў: We are pregnant”
Галіна Руднік: “Заставалася толькі пераплыць акіян...”
Галіна Руднік: “Злучаныя Штаты, і ўсё!”
Галіна Руднік: “У беларускай гімназіі ўвесь час хацелася есьці...”
Галіна Руднік: “Такая дылда, а ня ведае, дзе яна нарадзілася!”
Галіна Руднік: “Радзіма чакае, Радзіма ўсё даравала”
Галіна Руднік: “У часе вайны ў Нямеччыне кожны крадзеж караўся расстрэлам”
Галіна Руднік: «У Бэрлін мы трапілі выпадкова»
Галіна Руднік. Танцуем з дзедам на пагарэлішчы
Галіна Руднік. Як мы ўпісвалі пераклады Арсеньневай у опэрныя лібрэта
Галіна Руднік. Чым закончыліся анэкдоты на кухні Шчагловых
Галіна Руднік: Тайна маёй лялькі
Галіна Руднік: Мамін лягер згадваў і Салжаніцын
Галіна Руднік: У сям’і камуніста нам сказалі, каб болей не прыходзілі
Галіна Руднік: “Колькі ворагаў народу аказалася на адной Пушкінскай вуліцы...”
Галіна Руднік: “У трыццаць сёмым мне было 7 гадоў...”
«Птушкі пералётныя». Прэм'ера да дня народзінаў "Свабоды"

  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG