Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская судзьдзя, якая ў 2020-м судзіла Ціханоўскага, прасілася на службу ў КДБ, але яе не ўзялі


КДБ Беларусі, ілюстрацыйнае фота
КДБ Беларусі, ілюстрацыйнае фота

З базы зваротаў у КДБ, якую выклалі ў сеціва «Кібэрпартызаны», стала вядома пра гісторыю былой гомельскай судзьдзі Алены Шайн, якая пісала ў галоўнае ўпраўленьне КДБ Беларусі з просьбай узяць яе на службу. Яе зварот заўважыла выданьне «Флагшток».

Алена Шайн адрасавала свой зварот першаму намесьніку старшыні КДБ Сяргею Церабаву, які раней працаваў начальнікам УКДБ па Гомельскай вобласьці. У звароце, датаваным 9 верасьня 2020 году, калі ў Беларусі адбываліся масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, судзьдзя прасіла ў Церабава прыняць яе асабіста і разгледзець пытаньне яе працаўладкаваньня.

У звароце Шайн патлумачыла, што з 2009 да 2015 году праходзіла службу ў органах дзяржаўнай бясьпекі, пасьля гэтага яе звольнілі ў запас у званьні старшага лейтэнанта ў сувязі з прызначэньнем на пасаду судзьдзі ўказам Лукашэнкі. Пасьля заканчэньня пяцігадовага тэрміну паўнамоцтваў судзьдзі Шайн захацела вярнуцца назад на службу ў КДБ.

«Гэтае рашэньне кадравым падразьдзяленьнем Упраўленьня было ўзгодненае з Вамі і мне было паведамлена кіраўніцтвам кадравага падразьдзяленьня, што Вы палічылі маю кандыдатуру прыдатнай. У далейшым я прайшла ўсе этапы, прадугледжаныя для кандыдата на службу, ня маю мэдыцынскіх супрацьпаказаньняў, не зьдзяйсьняла дыскрэдытуючых учынкаў, станоўча характарызавалася як у пэрыяд працы сьледчым, так і судзьдзёй, кіраўніцтва УКДБ па Гомельскай вобласьці хадайнічала аб прыёме мяне на службу», — напісала ў сваім звароце судзьдзя Алена Шайн.

Аднак 1 верасьня 2020 году Шайн даведалася, што ў прыёме на службу ў КДБ ёй адмовілі, «бо гэта прызнана немэтазгодным». Тады яна папрасіла Церабава «запатрабаваць з УКДБ па Гомельскай вобласьці» яе асабістую справу і хадайнічаць перад тагачасным старшынём КДБ Валерыем Вакульчыкам пра перагляд кадравага пытаньня.

«Я зьяўляюся кваліфікаваным юрыстам, валодаю высокім аб’ёмам ведаў і практычных навыкаў, якія хачу прымяняць, вырашаючы, у межах кампэтэнцыі, задачы, якія стаяць перад Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі. Я ганаруся тым, што зьяўляюся афіцэрам запасу, шчыра жадаю працягнуць службу», — напісала пра сябе Шайн, дадаўшы, што яна гатовая служыць на любой пасадзе і ў любой мясцовасьці, «дзе гэта будзе максымальна адпавядаць мэтам і задачам» КДБ.

Аднак у выніку былая судзьдзя пайшла ў дэкрэт. У канцы 2022 году Шайн згадваецца як вядучы спэцыяліст апэратыўнага аддзяленьня штабу УУС Гомельскага аблвыканкаму, сябра нізавой арганізацыі Беларускага саюзу жанчын. У той час паведамлялася, што яна знаходзіцца ў сацыяльным адпачынку і гадуе дачку.

Падчас працы ў судзе Савецкага раёну Гомля Алена Шайн выносіла абвінаваўчыя прысуды і ў палітычна матываваных справах. Так, у пачатку 2020 году яна судзіла Сяргея Ціханоўскага. Падчас працэсу Ціханоўскі спытаў у судзьдзі, ці праўда, што яна працуе ў КДБ, Шайн не адказала на пытаньне і прысудзіла Ціханоўскаму адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе судзіла тых, хто выйшаў на пратэст супраць дэкрэту № 3 аб «дармаедах»: тады, напрыклад, яна прысудзіла буйны штраф журналісту Яўгену Меркісу (цяпер асуджаны паводле крымінальных артыкулаў, прызнаны палітвязьнем) за стрым каля будынка суду.

У 2021 годзе Шайн праходзіла пацярпелай у справе супраць гарадзенца, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады і прызначылі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 4 гады 6 месяцаў у калёніі ўзмоцненага рэжыму. Шайн запрасіла на судзе і атрымала ад яго 1500 рублёў матэрыяльнай кампэнсацыі маральнай шкоды за камэнтар у інтэрнэце. Пасьля яе згадалі на сайце МУС у сувязі з «добрай справай»: яна перадала ў адрас дзіцячага гематалягічнага аддзяленьня РНПЦ грошы, атрыманыя ад асуджанага.

Запомнілася яна і прынамсі адным справядлівым рашэньнем. Менавіта Шайн у 2016 годзе спыніла адміністрацыйную справу ў дачыненьні да журналісткі Ларысы Шчыраковай (цяпер асуджанай паводле крымінальных артыкулаў). Тады міліцыя склала на Шчыракову пратакол за працу без акрэдытацыі на тэлеканал «Белсат», аднак доказаў не прадставіла. У выніку Шайн пагадзілася з довадамі журналісткі і спыніла справу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG