Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр навуковец Аляксандар Крывіцкі, знаўца беларускіх дыялектаў. Водгукі калегаў

абноўлена

Аляксандар Крывіцкі
Аляксандар Крывіцкі

30 чэрвеня на 90-м годзе пайшоў з жыцьця вядомы навуковец-мовазнаўца, аўтар навуковых прац у галіне беларускай дыялекталёгіі і лінгвагеаграфіі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, вэтэран вайны Аляксандар Крывіцкі.

Генадзь Цыхун: Замены ніколі не бывае, калі чалавек цалкам адданы справе

Пра свайго былога калегу згадвае доктар філялягічных навк, прафэсар Генадзь Цыхун:

Генадзь Цыхун
Генадзь Цыхун

Цыхун: Гэта — вялікі чалавек зь вялікім даробкам. Мы зь ім шмат езьдзілі па Палесьсі, Тураўскі слоўнік разам рабілі. Былі і ў іншых экспэдыцыях. Гэта верны, высокаінтэлектуальны і высокамаральны чалавек. Я шмат разоў назіраў ягонае вельмі паважнае стаўленьне да людзей, зь якімі ён размаўляў падчас экспэдыцый. Ня так, як некаторыя, што ўспрымаюць іх як матэрыял... Ва ўсіх адносінах ён быў станоўчы чалавек. Прайшоў вайну, быў паранены, вызваляў Вугоршчыну.

У самую пасьляваенную галадуху вучыўся ў Магілёўскім пэдінстытуце, і там нехта ініцыятыўны ўцягнуў яго ў дыялекталёгію. Пасьля ён працаваў на Гарадзеншчыне ў сельскай школе, а пасьля прыйшоў у Інстытут мовазнаўства і вельмі актыўна ўзяўся за працу. Ён не рабіў кар’еры, як гэта шмат з кім бывае, але адказна займаўся той справай, для якой прыйшоў у навуку. Найперш гэта бясконцыя экспэдыцыі. Ён вельмі шмат езьдзіў па ўсёй краіне.

Аднойчы ён мне расказваў, як трапіў у Мэрлінскія хутары, адкуль паходзіць род Вячоркаў, і расказваў, што там захаваліся старадаўнія звычаі і ўяўленьні, а пасьля, як вядома, людзей адтуль выселілі і зрабілі вайсковы палігон.

Пасьля адной паездкі я сказаў, што Тураўшчына — гэта нейкая архаічная праславянская тэрыторыя, давай будзем рабіць слоўнік. Ён пагадзіўся, і мы гадоў дзесяць разам езьдзілі туды, рабілі слоўнік у пяці тамах.

Абламейка: Як вы ацэньваеце навуковы даробак Крывіцкага?

Цыхун: Па-першае, вельмі яго важная і значная праца, гэта «Беларуская дыялекталёгія». Гэта найлепшая праца па дыялекталёгіі, бо паказвае ўсю яе гісторыю. Пасьля разам з Падлужным ён рабіў фанэтыку — Падлужны літаратурнай мовы, Крывіцкі — дыялектную. Там найбольш сыстэмна выкладзена ўся фанэтыка беларускай дыялекталёгіі.

Абламейка: Я бачу, што гэта цяжкая страта. Таму пытаньне — ці ёсьць дастойная замена?

Цыхун: Замены ніколі не бывае, калі чалавек цалкам адданы справе. Цяжка мець надзею, што нехта будзе такім жа адданым... Вядома, ёсьць людзі... Але ўся наша лінгвістыка ў цяжкім стане: хто паўміраў, а новыя на такія грошы ісьці ня хочуць.

Пётра Садоўскі: Адыходзяць людзі, якія яшчэ чулі жывую мову і нараджалі яе бясконцасьць

Кандыдат філялягічных навук Пётра Садоўскі некалі працаваў з Аляксандрам Крывіцкім у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі Навук Беларусі.

Пётра Садоўскі
Пётра Садоўскі

Садоўскі: Успамін пра Аляксандра Антонавіча заўсёды выклікае ў мяне вельмі станоўчыя эмоцыі. І як жывы быў, і цяпер, калі ён памёр. Мы на працы былі суседзі: ён працаваў у сэктары дыялекталёгіі, а я — у сэктары экспэрымэнтальнай фанэтыкі. Давялося тры разы быць зь ім у экспэдыцыях. Напрыклад, калі Тураўскі слоўнік складаўся... Ну і наагул на Палесьсі. Гэта быў надзвычай дасьведчаны і добразычлівы чалавек.

Абламейка: А калі гаварыць пра ягоны даробак?

Садоўскі: Калі гаварыць пра даробак, дык гэта кнігі «Беларуская дыялекталёгія, „Атляс“, усе гэтыя тонкія і тоўстыя вялікія кніжкі ў выглядзе альбомаў — там уся ягоная праца. Ён ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР за гэта. Таксама ён з Падлужным рабіў кніжку „Беларуская мова для небеларусаў“.

Абламейка: Як бы вы ацанілі гэтую страту?

Садоўскі: Я, чалавек ужо не малады, гляджу на гэта ўсё зь вялікай насьцярожанасьцю і заклапочанасьцю. Адыходзяць людзі, якія яшчэ чулі жывую мову і нараджалі яе бясконцасьць. Мы былі яшчэ ў стане нарадзіць нешта такое, чаго ў прыродзе няма, але гэта будзе натуральна і адпаведна ўнутраным законам таго моўнага асяродку, у якім расьлі. А з новым пакаленьнем ужо ня так... Яны мову „набылі“, а кніжак чытаць ня хочуць, бо там, як яны кажуць, пра саветы і пра калгас...

Фёдар Клімчук: Аляксандар Крывіцкі — выдатны беларускі навуковец з сусьветным імем

Беларускі мовазнавец, кандыдат філялягічных навук Фёдар Клімчук быў знаёмы з Аляксандрам Крывіцкім больш за 50 гадоў:

Клімчук: Аляксандар Крывіцкі — выдатны беларускі навуковец з сусьветным імем. Яго ведаюць навукоўцы многіх краін Эўропы. Я зь ім сумесна працаваў у Агульнаславянскім лінгвістычным атлясе, у Эўрапейскім Атлясе. Мы былі знаёмыя шмат дзесяцігодзьдзяў, я зь ім пазнаёміўся яшчэ тады, калі працаваў настаўнікам і першы раз прыехаў у Менск.

Абламейка: Як вы ацэньваеце ягоны даробак?

Клімчук: Выдатна. Многа цудоўных прац. Адзін з выбітных навукоўцаў, найперш па беларускай дыялекталёгіі. Ён аўтар прац па вельмі важных праблемах — напрыклад, па праблеме чляненьня беларускай мовы, па пытаньнях генэзісу, сувязі зь іншымі славянскімі мовамі. Ён быў кандыдат навук, але зробленае ім дазваляе лічыць яго доктарам навук. Ён аўтар некалькіх выданьняў «Беларускай дыялекталёгіі» і яшчэ шмат якіх кніг і прац, напрыклад кнігі «Наша родная мова», якая вытрымала некалькі выданьняў. Шмат кніжак у яго.

Абламейка: Наколькі незваротная гэта страта? Хто ідзе на зьмену?

Клімчук: Новыя кадры слабейшыя... Для дасьледаваньняў беларускай мовы і беларускай дыялекталёгіі былі вельмі важныя пасьляваенныя часы. Тады было шмат зроблена, у тым ліку Крывіцкім. Ну але цяпер працягваюць, нельга сказаць, што зьмены няма. Проста малавата, менш, чым было раней.

Эльжбета Смулкова: трэба перавыдаць «Дыялекталёгію» Крывіцкага з мапамі

На сьмерць Аляксандра Крывіцкага адгукнулася і польская мовазнаўца, былая амбасадарка Польшчы ў Беларусі прафэсарка Эльжбета Смулкова:

Эльжбета Смулкова
Эльжбета Смулкова

«Пішу ў падтрымку ўсяго таго, што вышэй сказалі Калегі Цыхун, Садоўскі і Клімчук пра нашага супольнага сябра Аляксандра Крывіцкага, аднаго з самых сьветлых людзей, якіх мне пашчасьціла ведаць. Прозьвішча Аляксандра знаходзіцца сярод аўтараў усіх найбуйнейшых дыялекталягічных беларускіх калектыўных выданьняў. Сёньня гартаю дзьве ягоныя кніжкі: „Наша родная мова“ (1973) і „Дыялекталогія беларускай мовы“ (2003) з асабістымі аўтарскімі дэдыкацыямі. Колькі паэтычнасьці у першай: „Незвычайнае хараство і зладжанасьць чуецца нам у гучаньні роднага слова. Яно то ласкавае і пяшчотнае, як подых летняга ветру, то шырокае і плаўнае, як далячынь палёў і азёрныя блакіты, то звонкае і пералівістае, як празрыстыя крыніцы і песьні птушак, то суровае і грознае, як навальнічныя хмары (с. 4)“. Выданьне падручніка дыялекталёгіі напоўніла аўтара смуткам — выдаўцы адкінулі ўсе карты. Уявіце сабе „Лінгвістычную геаграфію“ бяз картаў. Аўтару было вельмі прыкра, калі ўручаў мне гэтую кнігу. Можа гэтыя недрукаваныя карты недзе захоўваюцца і можна апублікаваць новае папоўненае выданьне „Дыялекталёгіі“ ў памяць яе аўтара? Вечная памяць Аляксандру, а яго блізкім словы спачуваньня і падтрымкі».

***

Як паведамляецца на сайце Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, разьвітаньне пройдзе 4 ліпеня ў рытуальнай залі ў Менску па вуліцы Чырвонаармейскай, 10 (ад 12:00 да 15:00).

Аляксандар Крывіцкі нарадзіўся 15 жніўня 1927 году ў сялянскай сямʼі на Мсьціслаўшчыне. У 16-гадовым узросьце прызваны ў Чырвоную Армію, ваяваў на 2-м Украінскім фронце, удзельнік баёў у Аўстрыі, Вугоршчыне, Чэхаславаччыне.

Пасьля дэмабілізацыі ў 1947 годзе паступіў на філялягічны факультэт Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту. Яшчэ ў студэнцкія гады пачаў вывучэньне беларускіх народных гаворак, арганізаваў дыялекталягічны гурток і ўсе гады вучобы быў яго старастам. У 1959-м абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Формы асабовых і зваротнага займеньнікаў сучаснай беларускай мовы ў іх гісторыі».

Пачынаў настаўнікам у Карэлічах, а больш за паўстагодзьдзя (ад 1952 да 2007 году) — навуковы супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі. Езьдзіў у дыялекталягічныя экспэдыцыі, складаў карты для «Дыялекталягічнага атляса беларускай мовы».

Арганізатар дасьледаваньня лексыкі беларускіх народных гаворак. Зь яго ініцыятывы Інстытут мовазнаўства падрыхтаваў і выдаў лексыкаграфічныя зборнікі «З народнага слоўніка», «Народная лексыка», «Жывое слова» і іншае.

У шэрагу сваіх прац Аляксандар Крывіцкі раскрыў узаемаадносіны і ўзаемадзеяньне літаратурнай і дыялектнай разнавіднасьцяў нацыянальнай мовы сярод іншых славянскіх моваў. Дасьледаваў актуальныя аспэкты граматыкі, марфалёгіі, фанэтыкі, анамастыкі старабеларускай пісьмовай мовы 15–18 стагодзьдзяў, разьвіцьцё славістыкі ў Беларусі.

Вынікам асэнсаваньня шляхоў разьвіцьця беларускай дыялекталягічнай навукі на працягу ўсёй гісторыі яе функцыянаваньня стала манаграфія «Дыялекталёгія беларускай мовы».

Займаўся Аляксандар Крывіцкі і лексыкаграфіяй. Галоўным набыткам у гэтай галіне стаў «Тураўскі слоўнік», зборы дыялектнай лексыкі «Жывёльны сьвет. Тэматычны слоўнік», «Расьлінны сьвет. Тэматычны слоўнік», «Чалавек. Тэматычны слоўнік».

У 1971 годзе Аляксандар Крывіцкі стаў ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР, у 2001-м узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG