Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён аддаляў беларускую мову ад польскай і расейскай», — Акадэмія навук прысьвяціла круглы стол Тарашкевічу


20 студзеня ў Менску ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбыўся круглы стол «Роля і месца акадэміка Браніслава Тарашкевіча ў беларускім нацыянальным адраджэньні», прымеркаваны да 125-годзьдзя з дня нараджэньня аўтара першай беларускай граматыкі.

Зь вітальным словам да ўдзельнікаў зьвярнулася дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. Яна назвала жыцьцёвы шлях Браніслава Тарашкевіча «прыкладам для любога пакаленьня беларусаў».

«Калі глядзіш на беларускую гісторыю праз прызму постацяў і асобаў, якія ў ёй былі, то бачыш колькі выдатных дзеячоў, выхадцаў зь Беларусі, што прысьвяцілі сябе іншым краінам. Людзі, якія тут нараджаюцца, яны надзвычай таленавітыя, але абставіны так складаюцца, што рэалізоўваюць яны сябе на карысьць іншых народаў — такіх прыкладаў шмат. Што тычыцца Браніслава Тарашкевіча, то гэта такая асоба, якая якраз усёй сваёй дзейнасьцю служыла Беларусі. Вядома, шлях у яго быў няпросты, няпросты быў час. Таленавіты ад нараджэньня, ён ня толькі здолеў закласьці цэлы падмурак для разьвіцьця беларускай літаратурнай мовы, але яшчэ і ўвасабляў сабой выдатнага грамадзкага дзеяча і, што самае важнае, ён служыў менавіта свайму народу», — падкрэсьліла яна.

Першы намесьнік дырэктара Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандар Лукашанец у сваім выступе адзначыў, што граматыка Тарашкевіча замацоўвала нацыянальную адметнасьць беларускай мовы ад суседніх.

«Прысутнасьць расейскай і польскай мовы ў культурнай прасторы беларусаў абумоўлівала актуальнасьць тэндэнцыі на аддаленьне пісьмовай беларускай мовы ад польскай і расейскай», — канстатаваў акадэмік.

Польска-расейскі ўплыў падштурхоўваў у сваю чаргу да выкарыстаньня фанэтычнага прынцыпу ў беларускай граматыцы. Пры гэтым, выпрацоўваючы літаратурныя нормы, Тарашкевіч мог абапірацца толькі на непрацяглую пісьмовую традыцыю, якая яшчэ не набыла статусу ўстойлівай.

Дацэнт катэдры гісторыі беларускай мовы БДУ Сяргей Запрудзкі нагадаў, што першыя чатыры выданьні граматыкі Тарашкевіча друкаваліся чатыры гады запар з 1918 па 1921 год безь якіх-небудзь зьменаў. Гэта, мяркуе навуковец, сьведчыць пра надзвычайную пасьпяховасьць выданьня.

«Граматыка Тарашкевіча надзвычай пасьпяхова ўварвалася ў арфаграфічна-граматычную прастору. Сам той факт, што яна чатыры гады запар выдавалася бязь зьменаў і безь ніякай крытыкі, шмат пра што сьведчыць. Нейкай сурʼёзнай крытыкі граматыкі Тарашкевіча ў той час проста не існавала. З аднаго боку, гэта можа сьведчыць пра стан нашых навуковых сілаў, а з другога боку — пра тое, што граматыка была вельмі пасьпяховай, яна не выклікала палемікі, спрэчак. Чатыры выданьня выйшлі год за годам, і ніхто не сказаў, што там нешта дрэнна», — адзначыў ён.

Глядзець камэнтары (7)

XS
SM
MD
LG