Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк пра Антона Шукелойця: «Асоба беларускага духу, беларускай гісторыі і беларускай шляхетнай этыкі»


Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк

14 студзеня на беларускіх могілках Божай Маці Жыровіцкай у Іст-Брансўіку ў штаце Нью-Джэрзі будзе пахаваны вядомы дзяяч беларускай эміграцыі ў ЗША Антон Шукелойць, які памёр 7 студзеня на 102-м годзе жыцьця.

Разьвітацца з Антонам Шукелойцем паедзе ягоны сябра, адзін з заснавальнікаў і лідэр Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк. У 2003 годзе Пазьняк выдаў кнігу «Гутаркі з Антонам Шукелойцем», а напярэдадні разьвітаньня падзяліўся сваімі ўспамінамі.

100-гадовы юбілей Антона Шукелойця
100-гадовы юбілей Антона Шукелойця

Зянон Пазьняк: "Я ведаю Антона Шукелойця з 1991 году. На працягу свайго доўгага жыцьця ён апынуўся ў такіх абставінах, калі вырашаліся пэўныя лёсавызначальныя моманты — і ў 1920-х, і ў 1930-х, і асабліва ў часы нямецкай акупацыі. Акрамя таго, што ён знаходзіўся на пульсе гэтых падзей і ўдзельнічаў у іх як шараговец, Шукелойць вылучаўся вельмі аналітычным розумам і народнай мудрасьцю. Зь ім было вельмі цікава гаварыць. Ён вельмі дакладна ацэньваў сытуацыю, якая адбывалася ў сьвеце, у беларускай палітыцы. Ягоная памяць, энцыкляпэдычныя веды стваралі такі флёр аўтарытэту, прыхільнага чалавека, ад якога можна шмат даведацца.

Я ніколі ня бачыў, каб Шукелойць злаваўся, хаця былі і вялікія цяжкасьці. У яго была народная, разьмераная натура, разумная і талковая. Умеў памаўчаць, умеў прыгожа і разумна сказаць. І гэта прыцягвала да яго ўсіх — і маладых, і старых.

Шукелойць ведаў практычна ўсіх нашых беларускіх дзеячоў, усіх добра памятаў, даваў характарыстыкі і ацэнкі, якія нідзе ня знойдзеш, ні ў якіх дакумэнтах. Ён быў дырэктарам Беларускага музэю ў часы нямецкай акупацыі і выратаваў шмат каштоўнасьцяў, напрыклад, абраз Менскай Божай маці, які бальшавікі хацелі зьнішчыць, а Шукелойць знайшоў, трымаў у музэі, а потым перадаў у царкву.

Ён добра ведаў нямецкую адміністрацыю, выдатна ведаў Кубэ, спатыкаўся зь ім, размаўляў, езьдзіў зь ім у адной машыне. Ведаў Готбэрга, іначай не называў яго як сукіным сынам. Гэты Готбэрг і забіў Кубэ. Ён знутры бачыў, што адбывалася за нямецкай акупацыяй, чаго ня знойдзеш ні ў якіх дакумэнтах і кнігах. Шукелойць быў хадзячай гісторыяй.

Калі ўжо трапіў у эміграцыю, доўгі час ён быў кіраўніком Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня, грамадзкай арганізацыі, якая адыгрывала вялікую ролю. І мушу сказаць, што ў часы, калі кіраваў Шукелойць, не было ніякіх сварак у гэтай арганізацыі. У яго быў такі характар, што калі нешта зьяўлялася, ён умеў ціха, спакойна і незаўважна разьвесьці, і ўсё ішло разьмераным крокам.

Шукелойць — гэта найперш асоба беларускага духу, беларускай гісторыі і беларускай шляхетнай этыкі.

Я зь ім стала кантактаваў. Калі ён быў ужо хворы і знаходзіўся ў шпіталі, я езьдзіў да яго і нават рабіў некаторыя запісы на магнітафон. Ён вельмі добра ведаў майго дзеда, Яна Пазьняка, жыў у ягонай хаце, у якой дзед аддаваў вялікі пакой студэнтам. Гэта была зусім ня тая эпоха, як цяпер. Гэта былі людзі, якія жылі для Беларусі і ахвяравалі ўсім — і сваім асабістым, і часам, і маёмасьцю. І паслухаць такога чалавека, які спалучае ў сабе некалькі эпохаў, які пражыў амаль 102 гады, гэта амаль тое самае, што прачытаць сотні харошых кніг.

Дзякуй Богу, што Шукелойць пражыў доўгае і прыстойнае жыцьцё. Ягонае жыцьцё і ягоная асоба — гэта наш духоўны здабытак".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG