Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вось і ўсё... А што застанецца?». Вянок памяці Вікторыі Ткачук


Вікторыя Ткачук

8 ліпеня ў Менску пахаваюць Вікторыю Ткачук — грамадзкую актывістку, якая літаральна за месяц «згарэла» ад анкалягічнай хваробы. Ёй было 39 гадоў.

Вікторыя была пасьпяховым маркетолягам. Актыўная грамадзянская пазыцыя не дазваляла засяродзіцца толькі на працы, некалькі апошніх гадоў безь яе не абыходзілася ніводная талака ў Курапатах, яна была ў ліку тых, хто змагаўся за Народны мэмарыял.

Зьбірала сродкі для абаронцаў кіеўскага Майдану і пацярпелых у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе, апекавалася беларускімі палітвязьнямі, у тым ліку фігурантамі «справы патрыётаў».

Да апошніх дзён побач зь Вікторыяй была кінарэжысэрка, актывістка Вольга Мікалайчык. Кажа, што заставаліся спадзевы на хіміятэрапію, але сяброўка паступова згасла ад таго, што не магла нічога есьці:

«Віку я ведаю гадоў пяць ці шэсьць: яшчэ калі сядзелі Аўтуховіч, Парфянкоў, мы шмат рабілі і для хлопцаў, і для іхных сваякоў. Што да хваробы, то, як сказаў лекар, пухліна разьвівалася апошні год, проста гэта не адчувалася. Віка была непітушчая, не паліла, нібыта ў такім узросьце не было ніякай падставы для хваробы падстраўнікавай залозы. А таму гэта стала абсалютнай нечаканасьцю.

Вікторыя Ткачук (крайняя зьлева) і Вольга Мікалайчык (другая справа)
Вікторыя Ткачук (крайняя зьлева) і Вольга Мікалайчык (другая справа)

Месяц таму ёй зрабілася кепска пасьля канцэрту Вайцюшкевіча пад Лідай, мы там разам былі. Значыць, пачала імкліва разьвівацца пухліна, ёй стала балюча есьці. Тады яна стала хуценька абсьледавацца. На жаль, вельмі цяжка патрапіць на якасную дыягностыку — ня можаш прыйсьці і нават за грошы зрабіць, калі табе зручна. Талёнчык на УГД у лепшым выпадку атрымаеш на наступны месяц. А гэты месяц для Вікі быў якраз вырашальны».

У нацыянальным руху Вікторыя Ткачук больш за дзесяць гадоў, яна сябра аргкамітэту гісторыка-культурніцкага аб’яднаньня «Вяртаньне памяці». Як кажа Вольга Мікалайчык, за адносна невялікі прамежак часу гэтая сьціплая жанчына зрабіла проста незьлічоную колькасьць добрых справаў:

«Яна дапамагала матэрыяльна і маральна сем’ям, чые родныя трапілі ў бяду, параненым Майдану і АТА — разам зь ёй мы езьдзілі ва Ўкраіну. Вельмі шмат працавала ў Курапатах, практычна штотыдзень. І гэта таксама паўплывала, бо фізычная праца ўплывае на падстраўнікавую залозу. Выходзілі 5 жанчын і 2 мужчын, трэба было працаваць нароўні. Літаральна за пару тыдняў да хваробы зачышчалі ахоўную зону пад „Бульбаш-холам“: хлопцы высякалі, а мы цягалі дрэвы, кусты, гальлё. Дарэчы, я ўпэўненая: каб у Вікі запытаць, дзе яна хацела б быць пахаваная, то адказала б, што ў Курапатах...

Вікторыя Ткачук разам зь іншымі валянтэрамі ў Курапатах
Вікторыя Ткачук разам зь іншымі валянтэрамі ў Курапатах

Беларускія жанчыны моцныя, ня будуць скардзіцца, што баліць, трэба справу рабіць. Віка была сапраўдная шляхотная беларуска, у найлепшым Боскім выкананьні. Яна і верыла, і адукаваная была, і вельмі прыстойная, і таленавітая — вершы пісала, у Фэйсбуку на старонцы Вічка Крывічка...».

Апошні верш, месяц таму надрукаваны на старонцы Vička Kryvička, нібыта прарочы. І разьвітальны...

Вось і ўсё...

А што застанецца?

Чым пасьпела адзначыць шлях?

Можа, ў нечым гукнецца сэрцы

Успамін, што калісьці была?

Можа, пара нязграбных вершаў,

Напісаных крыху ня ў лад,

У кагосьці абудзяць усьмешку...

Недарэмна тады была...

​Паводле Вольгі Мікалайчык, апошнія дні Вікторыі Ткачук былі вельмі пакутлівымі — вымушанае галадаваньне прывяло да поўнага зьнясіленьня:

«Яна страшна схуднела, не магла есьці — пухліна папросту не прапускала ежу. Месяц фактычна не харчавалася. Я ёй казала: Віка, уяві, што ты Каваленка, Аўтуховіч ці Саўчанка, хто з нашых падоўгу ў турмах галадаваў. Да апэрацыі трэба пратрымацца, ня так шмат засталося. Мы вельмі верылі ў хімію, бо лекар сказаў, што яна дапаможа. Але проста не пасьпела, ад голаду зусім аслабела. На жаль, папярэдняя апэрацыя не дапамагла, каб чалавек мог самастойна харчавацца. І агульная аслабленасьць не дала шанцаў на хімію, на ўратаваньне...

Мы да яе да апошняга прыходзілі, яна ўсьміхалася. Нешта ўспаміналі, жартавалі, стараліся, каб гэтыя пакутлівыя дні былі больш вясёлымі, больш жыцьцёвымі. Каб яна не згасала, а жыла паўнавартасным жыцьцём. Таму вакол увесь час былі людзі, нас доктар ужо нават выганяў — маўляў, не санаторыя. А нас у палату набівалася па 5-6 чалавек».

Вікторыя Ткачук
Вікторыя Ткачук

Вікторыя Ткачук будзе пахаваная 8 ліпеня на Заходніх могілках у Менску. Разьвітаньне адбудзецца ў рытуальнай залі № 1 на вуліцы Альшэўскага, 12. Пачатак аб 11-й гадзіне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG