Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі б ня Галя, мяне б сёньня наогул не было». Данчык узгадвае Галіну Руднік


Галя была ня толькі маёй сяброўкай, яна была таксама вялікай сяброўкай маёй бабулі і маіх бацькоў.

Фактычна, з кожным з бацькоў яна пазнаёмілася асобна яшчэ да таго, як яны пажаніліся, і пазнаёміла маю маці з маім бацькам у Нью Ёрку ў 1953 годзе. Праз год яна была дружкай на іхным вясельлі.

Так што, фактычна, калі б ня Галя, мяне б сёньня наогул не было. Я літаральна абавязаны ёй сваім жыцьцём на гэтай зямлі.

Усё маё жыцьцё я захапляўся і працягваю захапляцца гэтай надзвычайнай жанчынай — ня толькі за яе сілу і трываласьць насуперак жыцьцёвым нягодам, але і за яе бліскучы розум, яе мудрасьць, яе вялікую шчодрасьць і спагаду да зьнядоленых.

Амаль шэсьцьдзесят гадоў яна была побач з усімі намі, рэдка калі абмінаючы нагоду наведаць нашу сямʼю ў Нью Ёрку падчас яе шматлікіх паездак у Амэрыку. Заўсёды вясёлая, заўсёды поўная цудоўных апавяданьняў, заўсёды з падарункамі.

Апошнімі гадамі мы часта кантактавалі з Галяй праз тэлефон. Падчас гэтых гутарак я заўсёды мог разьлічваць на яе разважлівыя парады.

Апошнімі месяцамі Галіна мужнасьць і вытрымка пры такім жахлівым дыягназе і прагнозах выклікалі проста неверагодную павагу. Яна пражыла жыцьцё высакародна і адышла зь яго зь вялікім спакоем і годнасьцю.

«Цяпер твая мама у такім цяжкім стане», сказала мне Галя пра апошняй нашай гутарцы. «Калі яе ня стане, то хоць бы я ў цябе яшчэ засталася».

Я прызнаўся ёй, што мне будзе яе вельмі й вельмі не хапаць.

  • 16x9 Image

    Данчык

    Багдан Андрусышын нарадзіўся ў 1958 годзе ў Ню-Ёрку. Скончыў Унівэрсытэт Ню-Ёрку са ступеньню бакаляра журналістыкі. Працуе на Свабодзе з 1992 году. Ведамы ў Беларусі як сьпявак Данчык. Аўтар і выканаўца беларускіх песьняў, выдаў шэсьць альбомаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG