Верагоднасьць удараў ЗША па Іране «вельмі высокая» на фоне нарошчваньня войскаў і вучэньняў

Рэкламны шчыт на плошчы Энкелаб у Тэгеране адлюстроўвае іранскія ракеты, якія ўдарылі па амэрыканскім авіяносцы 26 студзеня.

Злучаныя Штаты накіроўваюць на Блізкі Ўсход зьнішчальнікі, сродкі супрацьпаветранай абароны і авіяносец з тысячамі вайскоўцаў. Гэты крок, паводле экспэртаў, прывёў да росту напружанасьці ў адносінах з Іранам і істотна павысіў імавернасьць вайсковых дзеяньняў.

Пра гэта гаворыцца ў публікацыі, падрыхтаванай іранскай службай Свабоды Radio Farda і аглядальнікам Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа Кіянам Шарыфі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней пагражаў Ірану вайсковымі ўдарамі пасьля таго, як улады краіны жорстка падавілі антыўрадавыя пратэсты, у выніку чаго загінулі тысячы людзей. Нядаўна Трамп адступіў ад гэтых заяваў, аднак не выключыў магчымасьці атакі на Ісламскую Рэспубліку.

Разбураныя мячэці, абгарэлыя будынкі, жудасная цішыня ў Тэгеране пасьля паўстаньня. ФОТА

Паводле экспэртаў, нарошчваньне вайсковай прысутнасьці ЗША, а таксама заплянаваныя марскія вучэньні ў рэгіёне павялічваюць ціск на Іран і пашыраюць наступальныя магчымасьці Вашынгтону ў выпадку прыняцьця рашэньня аб удары.

«Гэта можа быць сыгнал Ірану: мы гатовыя, нашы магчымасьці разгорнутыя», — заявіў у інтэрвію Radio Farda супрацоўнік Вашынгтонскага інстытуту блізкаўсходняй палітыкі Фарзін Надзімі.

Ён дадаў, што верагоднасьць удараў ЗША па Іране «вельмі высокая», спасылаючыся на «адкрыта агрэсіўнае» нарошчваньне вайсковых сілаў у Пэрсыдзкай затоцы.

Авіяносец USS Abraham Lincoln і тры эсмінцы суправаджэньня з больш як 5 тысячамі вайскоўцаў на борце накіроўваюцца на Блізкі Ўсход. Цэнтральнае камандаваньне ЗША паведаміла, што ў рэгіён таксама былі перакінутыя зьнішчальнікі F-15E Strike Eagle.

Між тым ваенна-паветраныя сілы ЗША 25 студзеня заявілі пра пачатак шматдзённых вайсковых вучэньняў на Блізкім Ўсходзе, мэта якіх — «прадэманстраваць здольнасьць разгортваць, расьсейваць і падтрымліваць баявую авіяцыю» у рэгіёне.

Гэтая актыўнасьць нагадвае падзеі мінулага году, калі ЗША перакінулі вайсковыя сродкі ў рэгіён напярэдадні таго, як Ізраіль, а затым і Вашынгтон, нанесьлі паветраныя ўдары па іранскіх ядзерных аб’ектах.

Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР) — элітнае падразьдзяленьне ўзброеных сілаў Ірану — у адказ падвысіў узровень баявой гатоўнасьці і заклікаў узброеныя групоўкі, якія падтрымліваюцца Іранам у Іраку, Лібане і Емэне, падтрымаць Тэгеран.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Time: Колькасьць загінулых падчас пратэстаў у Іране магла перавысіць 30 тысяч чалавек

Высокія рызыкі

Амэрыканскія СМІ паведамляюць, што Трамп разглядае шырокі спэктар вайсковых варыянтаў супраць Ірану — ад працяглай паветранай кампаніі, якая можа доўжыцца тыдні або месяцы, да абмежаваных і ў значнай ступені сымбалічных удараў па сілавых структурах Ірану. Таксама, паводле паведамленьняў, абмяркоўваюцца і невайсковыя меры, у тым ліку дадатковыя эканамічныя санкцыі.

Экспэрты папярэджваюць, што любыя вайсковыя дзеяньні ЗША супраць Ірану зьвязаныя з сур’ёзнымі рызыкамі і могуць уцягнуць увесь рэгіён у канфлікт. Тэгеран паабяцаў нанесьці ўдары па амэрыканскіх базах у Пэрсыдзкай затоцы, а таксама па Ізраілі — ключавым саюзьніку ЗША.

«Кошт такіх дзеяньняў непрадказальны — гэта могуць быць удары ў адказ па саюзьніках ЗША і атакі на суднаходзтва ў Пэрсыдзкай затоцы. Рэгіянальныя партнэры не жадаюць плаціць такую цану», — заявіў Radio Farda былы іранскі дыплямат Мехрдад Хансары.

Паводле ягоных словаў, краіны рэгіёну ў прыватным парадку заклікаюць Вашынгтон праявіць стрыманасьць, баючыся, што канфлікт паміж ЗША і Іранам можа перарасьці ў шырэйшую вайну.

Хансары таксама адзначыў, што адна толькі паветраная кампанія без наземнай апэрацыі не прывядзе да зьмены рэжыму, калі такая мэта ўвогуле стаіць перад Вашынгтонам.

Наземнае ўварваньне ў Іран — найбуйнейшую і самую населеную краіну Блізкага Ўсходу — большасьць вайсковых экспэртаў лічыць нерэалістычным.

«Гэта трымае сытуацыю ў падвешаным стане — як меч Дамокла над рэжымам, — але адны паветраныя ўдары не здольныя зрынуць уладу або зьнішчыць сілавыя структуры», — сказаў ён, выказаўшы здагадку, што ўрадавыя сілы проста схаваюцца падчас удараў і зьявяцца зноў пасьля іх заканчэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран усклаў на Трампа адказнасьць за загінулых на пратэстах. Канфэрэнцыя ў Мюнхэне адбудзецца без іранцаў

Як можа выглядаць удар

Фарзін Надзімі адзначыў, што заплянаваныя вайсковыя вучэньні ЗША ў бліжэйшыя дні могуць стаць прыкрыцьцём для рэальных апэрацыяў.

Паводле яго, ЗША могуць выкарыстаць сродкі радыёэлектроннай барацьбы і кібэратакі для вываду з ладу іранскіх радараў і сыстэмаў сувязі. Пасьля гэтага бамбавікі і зьнішчальнікі змогуць увайсьці ў паветраную прастору Ірану ў рэжыме радыёмаўчаньня і нанесьці ўдары па камандных цэнтрах і ракетных аб’ектах.

Аднак, як адзначаюць экспэрты, Іран не застанецца безабаронным у выпадку канфлікту.

Іран валодае крылатымі ракетамі, здольнымі пагражаць амэрыканскім ваенным караблям у цесных водах Пэрсыдзкай затокі, а таксама балістычнымі ракетамі, якія могуць паразіць базы ў рэгіёне. Улады Ірану нават намякнулі на гэта, усталяваўшы ў выходныя вялізны банэр на адной з галоўных плошчаў Тэгерану з выявай іранскіх ракетаў, якія ўдарылі па амэрыканскім авіяносцы 26 студзеня.

Нават калі Вашынгтон абмяжуецца ў значнай ступені сымбалічным ударам, Іран, найхутчэй, адкажа тым жа, адзначыў Надзімі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць «ценевага флёту» Ірану за здушэньне пратэстаў