Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспарт дэмакратыі? Пра што падзеі ў Вэнэсуэле і Іране кажуць беларусам


Целы загінулых падчас пратэстаў каля цэнтру судова-мэдычнай экспэртызы ў Тэгеране. Студзень 2026 году
Целы загінулых падчас пратэстаў каля цэнтру судова-мэдычнай экспэртызы ў Тэгеране. Студзень 2026 году

Сьцісла

  • Спробы ЗША экспартаваць дэмакратыю за мяжу апошнімі дзесяцігодзьдзямі былі ня вельмі пасьпяховымі.
  • Важным чыньнікам палітыкі зьяўляецца народ на вуліцах.
  • У Вэнэсуэле пасьля захопу Мадура на вуліцу амаль ніхто не выйшаў. Дык якія прэтэнзіі да Трампа?
  • Адна з важных праблем апазыцыі ў трох краінах — адсутнасьць лідэраў у самой краіне. Усе яны за мяжой.

Падзеі вакол Вэнэсуэлы і Ірана сталі палітычнымі землятрусамі, якія моцна ўсхвалявалі беларускую дэмакратычную супольнасьць. Сугучнасьць зь беларускімі надзеямі дае спадзевы многім на дэмакратычныя перамены.

Вэнэсуэльскія калізіі

Выкраданьне амэрыканцамі і арышт кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура выклікаў чаканьні, што існы палітычны рэжым абрынецца, у краіне запануе дэмакратыя. Аднак усё пайшло ня так. Хутка высьветлілася, што цалкам зрынаць уладу ў гэтай краіне і перадаваць кіраўніцтва апазыцыі амэрыканцы не зьбіраюцца.

У сусьветных мэдыя зроблена шмат высноў, што, маўляў, цяперашняя адміністрацыя прэзыдэнта ЗША ня моцна заклапочаная праблемамі дэмакратыі і правоў чалавека. Але, падаецца, насамрэч усё складаней.

Найперш варта згадаць, што спробы ЗША экспартаваць дэмакратыю за мяжу апошнімі дзесяцігодзьдзямі былі ня вельмі пасьпяховымі. У якасьці прыкладу можна прывесьці гісторыі з вайсковым умяшаньнем Злучаных Штатаў у Іраку і Аўганістане. У першым выпадку новы палітычны рэжым атрымаўся вельмі няўстойлівым, а ў Аўганістане пабудаваць дэмакратыю не атрымалася зусім.

На вуліцу амаль ніхто ня выйшаў. Грамадзтва нібы не заўважыла зьмену прэзыдэнта краіны

Тут важным чыньнікам зьяўляецца народ на вуліцах. Раней вэнэсуэльцы шмат пратэставалі. Уся іхняя гісторыя апошніх гадоў — гэта частыя вулічныя супрацьстаяньні паміж дэманстрантамі і паліцыяй, вынікам чаго былі ахвяры, новыя палітвязьні.

І вось цяпер, калі лідэр дыктатарскага рэжыму Мадура вывезены ў ЗША, кіроўная эліта разгубленая, узьнік пэўны вакуўм улады, здавалася б, зьявіўся зручны момант для праціўнікаў рэжыму памяняць сытуацыю. Але, які ні дзіўна, у Вэнэсуэле поўная палітычная цішыня. На вуліцу амаль ніхто ня выйшаў. Грамадзтва нібы не заўважыла зьмену прэзыдэнта краіны.

Канешне, можна згадаць пра ўзброеных да зубоў сілавікоў, якія пільна патрулявалі вуліцы. Але сілавікі шчыравалі і падчас усіх мінулых акцый пратэсту апазыцыі. І масавыя рэпрэсіі былі. Аднак гэта на палохала і не адштурхоўвала людзей ад пратэсту.

Магчыма, была нейкая патаемная дамова паміж адміністрацыяй Трампа і атачэньнем Мадуры. Але ці яна паўплывала на паводзіны грамадзтва?

Вядома, што любы аўтакратычны рэжым найбольш уразьлівы якраз у момант транзыту ўлады. Шмат хто зь беларускіх экспэртаў лічыць, што калі раптам ня стане Аляксандра Лукашэнкі на ўладным троне, то гэта дасьць шанец на перамены.

Дык вось, калі б народ Вэнэсуэлы выйшаў на вуліцы пасьля амэрыканскай вайсковай апэрацыі супраць Мадура, то, можна меркаваць, пазыцыя адміністрацыі ЗША магла б быць іншай. Вось жа на пратэсты ў Іране Дональд Трамп рэагуе, ён іх вітае. Але ў Вэнэсуэле фактычна палітычны штыль. Магчыма гэта тлумачыцца масавай эміграцыяй з краіны (выехала каля чвэрці насельніцтва), а гэта якраз былі незадаволеныя грамадзяне, найбольш рэвалюцыйны элемэнт. Дык калі народ маўчыць, нічога не патрабуе, то якія прэтэнзіі да Трампа?

Калі б народ Вэнэсуэлы выйшаў на вуліцы пасьля амэрыканскай вайсковай апэрацыі супраць Мадура, то, можна меркаваць, пазыцыя адміністрацыі ЗША магла б быць іншай

Тым часам 15 студзеня Дональд Трамп плянуе сустрэцца з лідэрам вэнэсуэльскай апазыцыі і Нобэлеўскай ляўрэаткай Марыяй Мачада. Гэта нейкі аналяг Сьвятланы Ціханоўскай. Аднак розьніца ў тым, што Мачада не ўдзельнічала ў прэзыдэнцкіх выбарах, бо яе не дапусьцілі да іх. У любым выпадку гэта сымбалічны знак палітычнай падтрымкі апазыцыі Вэнэсуэлы і дэманстрацыя гатоўнасьці да супрацы з рознымі палітычнымі сіламі гэтай краіны.

Пад ціскам ЗША ў Вэнэсуэле пачалі вызваляць палітвязьняў. Сьледам за гэтым выйшлі на волю і палітзьняволеныя яшчэ ў адной краіне з аўтарытарным рэжымам — Нікарагуа, прычым там іх ня сталі выганяць за мяжу. Магчыма, у гэтым пляне нечага падобнага можна чакаць і на Кубе. Палітычны землятрус ад «эфэкту Мадуры» распаўсюджваецца хвалямі па сьвеце.

Ці хопіць ягонай сілы, каб дасягнуць Беларусі? Дональд Трамп памятае пра беларускіх палітвязьняў, неаднаразова ўзгадваў іх.

Урокі іранскіх пратэстаў

Цяпер усе назіраюць за драматычнымі падзеямі ў Іране. Там масавыя пратэсты такія частыя, што сталі амаль што нормай палітычнага жыцьця. Яны адбываліся ў 2009, 2017, 2019, 2022 гадах. У Беларусі рэвалюцыйная энэргія назапашваецца даўжэй.

Трыгерам тамтэйшых пратэстаў сталі эканамічныя прычыны, рэзкае падзеньне курсу нацыянальнай валюты (рыяла). Эканоміка і ў Іране, і ў Вэнэсуэле на мяжы краху. Там выяўляецца няздольнасьць дзяржаўных інстытутаў выконваць асноўныя функцыі па забесьпячэньні жыцьцяздольнасьці людзей. Гэта пры тым, што абедзьве краіны маюць велізарныя запасы нафты. І тут выяўляецца заўважанае адрозьненьне ад Беларусі, дзе сытуацыя ў эканоміцы непараўнальна лепшая.

Да таго ж іранскі рэжым стаў уразьлівым, бо пацярпеў паразу ў вайне з Ізраілем, страціў свой геапалітычны ўплыў на Блізкім Усходзе. Гэта разбурае ідэалягічны падмурак палітычнай сыстэмы на чале з аятоламі.

Разам з тым іранскі рэжым непараўнальна больш жорсткі, чым беларускі. Падчас падаўленьня пратэстаў загінулі ўжо тысячы людзей.

Адна з важных праблем апазыцыі, аднолькава актуальных для Ірана, Вэнэсуэлы і Беларусі — адсутнасьць лідэраў у самой краіне. Усе яны за мяжой. У Іране на галоўную ролю прэтэндуе сын зрынутага ў 1979 годзе шаха Рэза Пэхлеві. Але гэта, выглядае, хутчэй, сымбалічны лідэр.

Дональд Трамп падтрымаў пратэсты ў Іране, паабяцаў умяшацца. Чаго не рабіла, напрыклад, адміністрацыя яго папярэдніка Джо Байдэна падчас пратэстаў 2022 года ў гэтай краіне. Іншае пытаньне, якім чынам тут ЗША могуць дапамагчы? Многія экспэрты мяркуюць, што вайсковае ўмяшаньне ня пойдзе на карысьць пратэстоўцам, бо спрацуе на афіцыйную вэрсію іранскіх уладаў, што пратэст арганізаваны замежнымі ворагамі, а ўсе, хто выступае супраць рэжыму, — гэта «амэрыканскія агенты» і «пятая калёна».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG