Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран усклаў на Трампа адказнасьць за загінулых на пратэстах. Канфэрэнцыя ў Мюнхэне адбудзецца без іранцаў

Мурал з выявай вярхоўнага лідара Ірана аяталы Алі Хамэнэі і памерлага лідэра Ірана Хамэйні ў Тэгеране, Іран, 16 студзеня 2026 году
Мурал з выявай вярхоўнага лідара Ірана аяталы Алі Хамэнэі і памерлага лідэра Ірана Хамэйні ў Тэгеране, Іран, 16 студзеня 2026 году

Вярхоўны лідэр Ірану Алі Хамэнэі назваў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа адказным за колькасьць ахвяр і шкоду іранскаму народу падчас пратэстаў.

«Апошняе антыіранскае паўстаньне вызначалася тым, што прэзыдэнт ЗША асабіста ўмяшаўся», — працытавалі Алі Хамэнэі ляяльныя да іранскага ўраду СМІ, паведаміла агенцтва Reuters.

13 студзеня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў іранцаў працягваць пратэсты, «захопліваць урадавыя будынкі», фіксаваць імёны «забойцаў і цкавальнікаў».

На наступны дзень Трамп заявіў, што яму паведамілі аб спыненьні забойстваў на пратэстах, але канкрэтную крыніцу не назваў.

Афіцыйныя прадстаўнікі Ірану не прыедуць у Мюнхэн

Арганізатары Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў бясьпецы на тле жорсткага задушэньня пратэстаў скасавалі запрашэньне афіцыйнаму прадстаўніку Ірану на ўдзел у мерапрыемстве. Ва ўрадзе Нямеччыны палічылі ўдзел іранскага боку недарэчным.

Як паведаміла выданьне DW, раней плянавалася, што на канфэрэнцыю, якая адбудзецца 13-15 лютага, прыедуць міністар замежных спраў Ірану Абас Арагчы і ягоны намесьнік.

У прэсавай службе канфэрэнцыі адзначылі, што звычайна арганізатары не камэнтуюць сваю палітыку запрашэньняў, але ў гэтым выпадку вырашылі зрабіць вынятак, улічваючы высокую грамадзкую цікаўнасьць. У той жа час дадалі, што працэс фармаваньня сьпісу ўдзельнікаў фармальна завяршаецца толькі з пачаткам канфэрэнцыі, а арганізатары стала адсочваюць актуальныя палітычныя падзеі, каб забясьпечыць прадстаўніцтва ключавых меркаваньняў у сфэры бясьпекі.

У Міністэрстве замежных спраў Нямеччыны заявілі аб недарэчнасьці ўдзелу Абаса Арагчы ў канфэрэнцыі. У Бэрліне дадалі, што ўрад краіны толькі рэкамэндаваў скасаваць запрашэньне, а канчаткова рашэньні ўхвальваюць арганізатары.

Колькасьць ахвяр сярод пратэстоўцаў павялічваецца

Згодна зь інфармацыяй праваабарончай арганізацыі IHRNGO ад 16 студзеня, якая знаходзіцца ў Нарвэгіі, з 28 сьнежня 2025 году, калі пачаліся антыўрадавыя пратэсты, у Іране загінулі сама меней 3428 пратэстоўцаў і тысячы атрымалі раненьні. Гэтыя факты пацьвердзілі дзвьве незалежныя крыніцы і дакумэнтацыя лякарняў і моргаў. Праваабаронцы падкрэсьлілі, што рэальныя лічбы імаверна значна вышэйшыя.

Паводле ацэнак IHRNGO, у сувязі з пратэстамі арыштавалі больш за 20 000 чалавек.

У той жа час праваабарончая ініцыятыва HRANA, якая базуецца ў ЗША, паведаміла 16 студзеня, што агульная колькасьць пацьверджаных сьмерцяў дасягнула 3090, прычым 3882 выпадкі ўсё яшчэ вывучаюцца. Праваабаронцы паведамілі, што сама меней 2055 чалавек атрымалі цяжкія траўмы, а колькасьць арыштаваных павялічылася да 22 123.

Дакладную інфармацыю аб тым, што адбываецца ў Іране немагчыма атрымаць праз адключаныя па ўсёй краіне інтэрнэт.


Што варта ведаць пра Іран, цяперашні іранскі рэжым і яго стасункі з рэжымам у Беларусі

Іран (афіцыйная назва — Ісламская Рэспубліка Іран) мае тэрыторыю 1648 тыс. км². Гэта амаль у 8 разоў больш за тэрыторыю Беларусі. Насельніцтва Ірану каля 81 мільёна чалавек. 85% зь іх — мусульмане-шыіты, амаль 10% — мусульмане-суніты, каля 4% — хрысьціяне.

Краіна мяжуе з Азэрбайджанам, Армэніяй, Туркмэністанам, Іракам, Турэччынай, Афганістанам і Пакістанам.

У 1979 годзе ў Іране адбылася рэвалюцыя, якая зрынула шаха Рэзу Пэхлеві. Іран быў абвешчаны Ісламскай рэспублікай. Паводле новай тэакратычнай Канстытуцыі, лідэр рэвалюцыі аятала Хамэйні зрабіўся Найвышэйшым кіраўніком, прамысловасьць нацыяналізавалі, ува ўсіх сфэрах вырасла роля ісламу, «заходнія ўплывы» былі абмежаваныя.

Іран мае абраны насельніцтвам парлямэнт (Мэджліс), але ўсе законапраекты мае ўхваляць Рада вартавых канстытуцыі. У ёй 6 з 12 чальцоў прызначае Найвышэйшы кіраўнік, а яшчэ 6 — Мэджліс на прапанову Вярхоўнага суду.

Таксама ў Іране рэгулярна адбываюцца выбары прэзыдэнта. З 2024 году гэтую пасаду займае Масуд Пэзэшкіян. Аднак асноўную ўладу мае не прэзыдэнт, а Найвышэйшы кіраўнік. Ён вызначае агульную палітыку, камандуе Ўзброенымі сіламі і вайсковай выведкай, прызначае людзей на ключавыя пасады ў дзяржаве — старшыняў судоў, кіраўніка паліцыі і вайскаводаў усіх родаў войскаў.

Найвышэйшага кіраўніка абірае Рада экспэртаў (у ёй больш за 80 ісламскіх багасловаў) і тэарэтычна яна ж можа ў кожны момант памяняць першую асобу ў дзяржаве. На практыцы пасьля сьмерці аяталы Хамэйні ў 1989 годзе гэтую пасаду да сваёй гібелі 28 лютага займаў Алі Хамэнэі, які перад гэтым з 1981 году быў прэзыдэнтам Ірана.

У сьнежні 2025 году на фоне эканамічных цяжкасьцяў у краіне ўспыхнулі пратэсты. Іх асноўным рухавіком спачатку былі вулічныя гандляры, потым далучыліся студэнты, іншыя жыхары гарадоў. Пратэсты не спыняліся каля 50 дзён і былі жорстка задушаныя. Праваабаронцы з арганізацыі HRANA пацьвердзілі больш за 7 тысяч сьмерцяў падас пратэстаў, і працягваюць правяраць яшчэ амаль 12 тысяч паведамленьняў.

Стасункі зь Беларусьсю

У 2006 годзе Беларусь вырашыла наладзіць зборку іранскіх аўтамабіляў Samand. Да згортваньня праекту ў 2013-м удалося выпусьціць толькі 2000 машын.

Абʼём гандлю Беларусі з Іранам за 2023 год быў каля 140 мільёнаў даляраў. Паводле ўладаў, у 2024 годзе ён вырас на чвэрць.

У сакавіку 2023 году ў Тэгеране Аляксандар Лукашэнка правёў перамовы з тагачасным іранскім прэзыдэнтам Ібрагімам Раісі.

У жніўні 2025 году іранскі прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян сустрэўся з Лукашэнкам у Менску. Яны дамовіліся скасаваць візы і адкрыць авіярэйсы паміж Тэгеранам і Менскам.

У сьнежні 2025 году міністры замежных справаў Беларусі і Ірану Максім Рыжанкоў і Абас Аракчы падпісалі ў Менску шэраг дакумэнтаў, у тым ліку дэклярацыю аб супрацьдзеяньні санкцыям.

Супраца ў вайсковай сфэры

У ліпені 2023 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся ў Тэгеране зь міністрам абароны Ірану Мугамадам Ашт’яні. Яны падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў вайсковай супрацы.

У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны Ірану Саід Галяндары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў красавіку — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Мэхдзі Джафары.

У красавіку 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Мугамадам Ашт’яні заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацу з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў, а Ашт’яні падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерану да шчыльнейшай супрацы зь Менскам».

У траўні 2024 году беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у камандна-штабных вучэньнях «Пояс бясьпекі — 2024» у Тэгеране. А ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню быў акрэдытаваны вайсковы аташэ пры іранскай амбасадзе.

У ліпені 2024 году дэлегацыя Міністэрства абароны Ірану наведала Менск і абмеркавала зь беларускімі калегамі «пэрспэктывы супрацы ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня».

У жніўні 2024 году камандуючы вайскова-паветранымі сіламі Беларусі Андрэй Лук’яновіч у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Іран і правёў перамовы з галоўным вайскаводам арміі Ірану Абдулрагімам Мусаві і камандзірам ВПС Ірану Хамідам Вахэдзі.

У сакавіку 2025 году Менск наведаў міністар абароны Ірану Азіз Насірзадэ. Тады ён і міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявілі аб зацікаўленасьці ў інтэнсыфікацыі супрацы.

У сьнежні 2025 году падчас візыту ў Менск дэлегацыі іранскага Генэральнага штабу Беларусь і Іран падпісалі плян двухбаковай вайсковай супрацы на 2026 год і абвясьцілі пра намер правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG