Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую ролю адыгрывае Іран у вайне Расеі супраць Украіны?


Грузавік перавозіць ударныя бесьпілётнікі «Герань» падчас рэпэтыцый сьвяткаваньня дня перамогі ў Маскве 7 траўня 2025 года. Іран перадаў Расеі тэхналёгіі і забясьпечыў навучаньне, а завод у расейскім рэгіёне Татарстан вырабляе такія бесьпілётнікі.
Грузавік перавозіць ударныя бесьпілётнікі «Герань» падчас рэпэтыцый сьвяткаваньня дня перамогі ў Маскве 7 траўня 2025 года. Іран перадаў Расеі тэхналёгіі і забясьпечыў навучаньне, а завод у расейскім рэгіёне Татарстан вырабляе такія бесьпілётнікі.

Іран на працягу апошніх гадоў быў адным з галоўных пастаўшчыкоў ваеннай тэхнікі для Расеі, асабліва пасьля таго, як Крэмль у 2022 годзе распачаў паўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну.

Аднак, як адзначаюць экспэрты ў камэнтарах для Свабоды, цяпер гэтая падтрымка ўжо не адыгрывае вызначальнай ролі ў ваенных намаганьнях Масквы, піша міжнародны карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рэй Фурлонг.

Продажы іранскіх ракет Расеі, у тым ліку ракет супрацьпаветранай абароны і балістычных ракет, з кастрычніка 2021 года склалі 2,7 мільярда долараў ЗША, паведамляе агенцтва Bloomberg у матэрыяле ад 12 студзеня са спасылкай на неназванага заходняга службоўца ў сфэры бясьпекі.

Масква публічна не раскрывае аб’ёмы гэтага гандлю, а Іран адмаўляе пастаўкі ў Расею.

«Пакуль паміж бакамі працягваецца канфлікт, Іран будзе ўстрымлівацца ад аказаньня любой формы ваеннай дапамогі любому з бакоў», — заявіла пастаяннае прадстаўніцтва Ірана пры ААН у траўні.

Аднак існуюць доказы адваротнага, у прыватнасьці масавае выкарыстаньне Расеяй іранскіх ударных бесьпілётнікаў «Шахед» на пачатковым этапе паўнамаштабнай вайны. У той жа час цяпер значнасьць гэтай падтрымкі выглядае значна меншай.

Дроны

«Хоць пэўныя пастаўкі іранскіх бесьпілётнікаў працягваліся прынамсі да мінулага года, у тым ліку перадаваліся і новыя мадэлі, я лічу, што пік іранскіх абаронных паставак у Расею мы даўно ўжо мінулі», — сказала ў камэнтары для Радыё Свабода Ганна Нотэ, кіраўніца эўразійскай праграмы Цэнтра дасьледаваньняў нераспаўсюджваньня імя Джэймса Марціна.

Падобнай думкі прытрымліваецца і аналітык Цэнтра новых эўразійскіх стратэгій Руслан Сулейманаў.

«Расея ўжо не настолькі залежыць ад іранскага ўзбраеньня, як чатыры гады таму. Тыя ж бесьпілётнікі „Шахед“ вырабляюцца на тэрыторыі Расеі пад назвай „Герань“, і... каля 90 працэнтаў усяго вытворчага цыклу гэтых дронаў ужо цалкам засяроджана ў Расеі, без дапамогі Ірана», — сказаў ён.

Аскепак расейскага дрона "Герань-3"
Аскепак расейскага дрона "Герань-3"

Іран перадаў Расеі тэхналёгіі і навучаньне, а завод у Алабузе ў Татарстане масава вырабляе бесьпілётнікі «Герань».

Паводле дадзеных Украіны, Расея штомесяц вырабляе каля 5 тысяч дальнабойных бесьпілётнікаў розных тыпаў. Да іх адносяцца ўдарны дрон «Герань» і «Гербера» — бесьпілётнік без баявой часткі, які выкарыстоўваецца як прынада для перагрузкі сыстэм супрацьпаветранай абароны Ўкраіны.

Ракеты

У красавіку генэрал Крыстафэр Каволі, які на той момант узначальваў Цэнтральнае камандаваньне ЗША, паведаміў Камітэту па справах узброеных сіл Сэната ЗША, што «Іран таксама працягваў матэрыяльную падтрымку Расеі, перадаўшы больш за 400 балістычных ракет малой далёкасьці і сотні тысяч артылерыйскіх снарадаў».

У траўні 2025 года агенцтва Reuters паведаміла, што Іран меў намер перадаць пускавыя ўстаноўкі для ракет Fath-360, аднак Тэгеран гэта адмаўляў. Раней, у верасьні 2024 года, прэс-сакратар Пэнтагона Пэт Райдэр заявіў, што ракеты Fath-360 ужо былі пастаўлены.

Іранская ракета Fath-360, якую, паводле паведамленьняў, атрымала Расея (архіўнае фота).
Іранская ракета Fath-360, якую, паводле паведамленьняў, атрымала Расея (архіўнае фота).

Гэтаму папярэднічалі санкцыі ЗША ў кастрычніку 2024 года супраць дзьвюх расейскіх суднаходных кампаній за пастаўку абсталяваньня для бесьпілётнікаў і боепрыпасаў праз Касьпійскае мора для выкарыстаньня ва Ўкраіне.

«Дзяржаўны дэпартамэнт сёньня прымае захады, каб абмежаваць далейшую дэстабілізуючую дзейнасьць Ірана, у тым ліку перадачу балістычных ракет Расеі», — гаварылася ў заяве.

Праз некалькі дзён Эўрапейскі Зьвяз пайшоў тым жа шляхам, увёўшы санкцыі супраць трох іранскіх авіякампаній і дзьвюх закупачных кампаній «пасьля перадачы Іранам ракет і бесьпілётнікаў Расеі».

Аднак паведамленьняў пра выкарыстаньне ракет Fath-360 ва Ўкраіне не было. Нотэ адзначыла, што гэта можа тлумачыцца тым, што пускавыя ўстаноўкі так і не былі дастаўлены, або тым, што Расеі не спатрэбілася іх ужываць, бо яна нарошчвала ўнутраную вытворчасьць і атрымлівала пастаўкі з Паўночнай Карэі.

У лютым мінулага года лёнданскі аналітычны цэнтар RUSI у справаздачы адзначаў, што Міністэрства абароны Расеі плянавала вырабіць каля 750 балістычных і 560 крылатых ракет у 2025 годзе. З таго часу ўкраінская вайсковая выведка ацэньвала маштабы гэтай вытворчасьці як яшчэ большыя. «Магчыма, расейцам проста ня трэба было выкарыстоўваць гэтыя іранскія ракеты», — сказала Нотэ.

Баепрыпасы

Паводле ацэнак, з 2022 года Іран пастаўляў Расеі значныя аб’ёмы боепрыпасаў і снарадаў. Расьсьледаваньне The Wall Street Journal у 2023 годзе называла лічбы ў 300 тысяч артылерыйскіх снарадаў і каля мільёна адзінак іншых боепрыпасаў.

Украінскія ўдары бесьпілётнікамі ў 2025 годзе сьведчылі пра тое, што пастаўкі ваенных матэрыялаў працягваліся. У красавіку расейскія СМІ паведамлялі пра першыя атакі на касьпійскі порт Оля, а ў жніўні — пра далейшыя ўдары.

Олю лічаць асноўным хабам для паставак іранскіх ваенных матэрыялаў.

Порт Оля, Астраханская вобласьць Расеі.
Порт Оля, Астраханская вобласьць Расеі.

Аналіз Кіеўскай школы эканомікі за мінулы год падрабязна апісваў аб’ёмы матэрыялаў, якія транспартаваліся марскім і чыгуначным шляхам з Ірана і Паўночнай Карэі. У ім адзначалася, што цяпер пастаўкі з Паўночнай Карэі складаюць 58% імпарту выбуховых рэчываў у Расею.

Нотэ дадала, што аналягічным чынам паўночнакарэйскія снарады і кулі па маштабах ужо пераўзышлі іранскія пастаўкі.

«Украінцы ў мінулым годзе ацэньвалі, што 50% усіх боепрыпасаў, якія Расея выкарыстоўвала ва Ўкраіне, паступалі з КНДР. Таму, на маю думку, пасьля таго як КНДР стала асноўным пастаўшчыком узбраеньня для Расеі, проста, верагодна, не ўзьнікла патрэбы атрымліваць іранскія боепрыпасы», — сказала Нотэ.

Што варта ведаць пра Іран, цяперашні іранскі рэжым і яго стасункі з рэжымам у Беларусі

Іран (афіцыйная назва — Ісламская Рэспубліка Іран) мае тэрыторыю 1648 тыс. км². Гэта амаль у 8 разоў больш за тэрыторыю Беларусі (207,6 тыс. км²). Насельніцтва Ірану каля 81 мільёна чалавек (у Беларусі цяпер афіцыйна крыху болей за 9 мільёнаў).

Каля 85% насельніцтва Ірану — мусульмане-шыіты. Амаль 10% — мусульмане-суніты, каля 4% — хрысьціяне і каля 2% іншых рэлігійных меншасьцяў.

На поўначы краіна мяжуе з Азэрбайджанам, Армэніяй і Туркмэністанам; на захадзе — з Іракам і Турэччынай; на ўсходзе — з Афганістанам і Пакістанам.

У 1979 годзе ў Іране адбылася рэвалюцыя, якая зрынула шаха Рэзу Пэхлеві. Іран быў абвешчаны Ісламскай рэспублікай. Паводле новай тэакратычнай Канстытуцыі, лідэр рэвалюцыі аятала Хамэйні зрабіўся Найвышэйшым кіраўніком (Рахбарам), прамысловасьць нацыяналізавалі, ува ўсіх сфэрах вырасла роля ісламу і абмежаваныя «заходнія ўплывы».

Іран мае абраны насельніцтвам парлямэнт (Мэджліс), але ўсе законапраекты мае ўхваляць Рада вартавых канстытуцыі. У ёй 6 з 12 чальцоў прызначае Найвышэйшы кіраўнік, а яшчэ 6 — Мэджліс на прапанову Вярхоўнага суду.

Таксама ў Іране рэгулярна адбываюцца выбары прэзыдэнта краіны. Цяперашні прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян быў абраны ў ліпені 2024 году. Аднак асноўную ўладу мае не прэзыдэнт, а Найвышэйшы кіраўнік. Ён вызначае агульную палітыку краіны, ён жа галоўны вайскавод узброеных сілаў Ірану і кіраўнік вайсковай выведкі. Найвышэйшы кіраўнік прызначае людзей на ключавыя пасады ў дзяржаве: старшыняў судоў, кіраўніка паліцыі і вайскаводаў усіх родаў войскаў.

Найвышэйшага кіраўніка абірае Рада экспэртаў (у ёй больш за 80 ісламскіх багасловаў) і тэарэтычна яна ж можа ў кожны момант памяняць першую асобу ў дзяржаве. На практыцы пасьля сьмерці аяталы Хамэйні ў 1989 годзе гэтую пасаду нязьменна займае Алі Хамэнэі, які да таго быў прэзыдэнтам Ірану.

Стасункі зь Беларусьсю

Улады Беларусі і Ірану летась адзначалі, што за 2024 год аб’ём гандлю паміж дзьвюма краінамі вырас на чвэрць. Але не называліся канкрэтныя лічбы, якія б паказалі абʼём такога гандлю. З ранейшых паведамленьняў можна зрабіць выснову, што абʼём гандлю за 2023 год быў каля 140 мільёнаў даляраў.

У сакавіку 2023 году ў Тэгеране Аляксандар Лукашэнка правёў перамовы з тагачасным іранскім прэзыдэнтам Ібрагімам Раісі. У жніўні 2025 году іранскі прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян наведаў Беларусь. Міністар турызму Ірану Рэза Салехі Аміры тады паведаміў, што на перамовах Пэзэшкіяна з Аляксандрам Лукашэнкам бакі канчаткова дамовіліся ўзаемна скасаваць візы і адкрыць беспасярэднія авіярэйсы паміж Тэгеранам і Менскам.

15 сьнежня 2025 году міністры замежных справаў Беларусі і Ірану Максім Рыжанкоў і Абас Аракчы падпісалі ў выніку сустрэчы ў Менску шэраг дакумэнтаў, у тым ліку дэклярацыю аб супрацьдзеяньні санкцыям.

Найбольш актыўная супраца паміж кіраўніцтвам Беларусі і Ірану ідзе ў вайсковай сфэры.

  • У ліпені 2023 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін быў з афіцыйным візытам у Іране, дзе сустрэўся зь міністрам абароны Ірану Мугамадам Ашт’яні. Тады міністры падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў вайсковай супрацы.
  • У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сіл Ірану Саід Галяндары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў канцы красавіка — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Мэхдзі Джафары.
  • 27 красавіка 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Мугамадам Ашт’яні заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацу з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў, а Ашт’яні падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерану да шчыльнейшай супрацы зь Менскам».
  • У пачатку траўня 2024 году стала вядома, што беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у камандна-штабных вучэньнях «Пояс бясьпекі 2024» у Тэгеране.
  • 16 траўня 2024 году ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню з моманту завязаньня беларуска-іранскіх дыпляматычных адносінаў (у 1993 годзе) быў акрэдытаваны вайсковы аташэ пры амбасадзе Ірану ў Расеі і Беларусі (з сумяшчэньнем) — капітан першага рангу Рэза Хусраві Мугадам.
  • 31 ліпеня 2024 году дэлегацыя Міністэрства абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Ірану наведала Менск і абмеркавала зь беларускімі калегамі «пэрспэктывы супрацы ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня».
  • У жніўні 2024 году камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі СПА Беларусі генэрал-маёр Андрэй Лук’яновіч у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Іран і правёў перамовы з галоўным вайскаводам арміі Ірану генэрал-маёрам Абдулрагімам Мусаві і камандзерам ВПС Ірану брыгадным генэралам Хамідам Вахэдзі.
  • У сакавіку 2025 году Менск наведаў міністар абароны Ірану Азіз Насірзадэ. Тады ён і міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін падпісалі выніковы пратакол візыту, а на перамовах заявілі аб зацікаўленасьці ў інтэнсыфікацыі супрацы.
  • У сьнежні 2025 году падчас візыту ў Менск дэлегацыі іранскага Генэральнага штабу Беларусь і Іран падпісалі плян двухбаковай вайсковай супрацы на 2026 год і маюць намер правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG