Эўрапарлямэнт 22 студзеня прагаласаваў за рэзалюцыю, што асуджае дзеяньні палітычнага рэжыму ў Іране. Дакумэнт прынялі абсалютнай большасьцю галасоў — «за» прагаласавалі 562 эўрадэпутаты. Толькі 9 выступілі «супраць», а яшчэ 57 устрымаліся.
Парлямэнт заклікаў Эўрапейскую раду неадкладна прызнаць «Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі», уключаючы апалчэньне «Басідж» і «Сілы Кудс», тэрарыстычнымі арганізацыямі ў поўным аб’ёме.
Таксама дэпутаты патрабуюць пашырэньня і строгага выкананьня абмежавальных захадаў Эўразьвязу, уключна з замарозкай актываў і забаронай на выдачу візаў. У Эўрапарлямэнце павіталі нядаўнія санкцыі ЗША і заклікалі ЭЗ да неадкладных дзеяньняў у дачыненьні ўсіх чыноўнікаў і арганізацый, адказных за рэпрэсіі.
Рэзалюцыя асудзіла намаганьні рэжыму аяталы Хамэнэі цэнзураваць пратэсты шляхам адключэньня інтэрнэту і заклікала ЭЗ і ўсе дзяржавы-сяброўкі пашырыць тэхнічную і фінансавую падтрымку інструмэнтаў абыходу цэнзуры і сродкаў абароны ад інфармацыйных маніпуляцый іранскага ісламісцкага рэжыму.
Пратэсты пачаліся 28 сьнежня на рынках Тэгерана. Гандляры выйшлі на вуліцы праз жахлівы стан эканомікі, імклівую інфляцыю і абвал нацыянальнай валюты. Хваляваньні хутка ахапілі ўсю краіну і перарасьлі ў дэманстрацыі супраць уладаў, якіх пратэстоўцы вінавацяць у падзеньні ўзроўню жыцьця і задушэньні свабодаў.
Паводле праваабарончай групы HRANA, якая базуецца ў ЗША, пацьверджаная колькасьць загінулых дасягнула 4519 чалавек, яшчэ 9049 паведамленьняў пра сьмерці правяраюцца. Прынамсі 5811 чалавек атрымалі сурʼёзныя раненьні, агульная колькасьць затрыманых складае 26 314 чалавек. Многіх зь іх можа чакаць сьмяротнае пакараньне.
Жыхары Тэгерану апісваюць сытуацыю ў горадзе як фактычнае ваеннае становішча. Людзі спрабуюць бяз дай прычыны не выходзіць з дому, а крамы і рэстараны зачыняюцца яшчэ да вечару. Жаўнеры, агенты ў цывільным і сілавікі парамілітарнага фармаваньня «Басідж» патрулююць ня толькі цэнтар, але і ўскраіны сталіцы Ірану. Тое ж самае і ў іншых рэгіёнах краіны, асабліва тых, дзе жыве курдзкая меншасьць.
Форум