Беларусь пачала распрацоўку пагадненьня зь дзяржаўнай карпарацыяй «Расатам» аб будаўніцтве 3-га блёку на Беларускай АЭС у Астраўцы, заявіў у нядзелю ў камэнтары для Першага тэлеканалу Беларусі міністар энэргетыкі краіны Дзяніс Мароз.
Ён скахаў, што ў адпаведнасьці з даручэньнем Лукашэнкі «мы пачалі працаваць над разьвіцьцём атамнай энэргетыкі ў Беларусі ў выглядзе 3-га блёку на Беларускай АЭС»:
«Каб пачаць рэалізацыю гэтага праекту, нам трэба падрыхтаваць пакет дакумэнтаў. Мы пачынаем распрацоўку канкрэтнага пагадненьня зь дзяржаўнай карпарацыяй „Росатом“, у якім будуць указаныя тэхнічныя і эканамічныя ўмовы рэалізацыі гэтага праекту», — сказаў Мароз.
Ён дадаў, што на ўзроўні Міністэрства энэргетыкі Беларусі і «Расатаму» створаная працоўная група для распрацоўкі пагадненьня, адзначае Інтэрфакс.
«Гэтая працоўная група ўжо правяла некалькі пасяджэньняў, і зараз ідзе падрабязнае абмеркаваньне. Кароткатэрміновая мэта — распрацаваць пагадненьне, а таксама падрыхтаваць і прадставіць ураду падрабязны плян, які будзе ўключаць праграму дзеяньняў усіх дзяржаўных органаў наконт будаўніцтва ў краіне ядзернага аб’екту ў выглядзе энэргаблёку № 3 на Беларускай АЭС».
Гаворачы пра задачы на 2026 год, ён заявіў што пастаўленая мэта распрацаваць пагадненьне, падрыхтавацца да падпісаньня кантракту і падпісаць міжурадавае пагадненьне паміж Рэспублікай Беларусь і Расеяй пра будаўніцтва аб’екту.
Раней Мароз ужо гаварыў пра пляны Беларусі на трэці блёк. Ён адзначаў, што ён будзе магутнасьцю 1200 МВт, а ягонае падлучэньне да агульнай сыстэмы АЭС плянуецца на 2035 год.
Акрамя таго, міністар адзначаў, што адначасна ідзе праца наконт вывучэньня пэрспэктыў будаўніцтва ў Магілёўскай вобласьці другой атамнай станцыі.