У жывым этэры ПіКу Свабоды з Ганнай Соўсь у 16:30 менскага часу абмяркоўваем падзеі ў Вэнэсуэле і іх значэньне для Беларусі. Чаму Трамп ня верыць апазыцыям у выгнаньні? У чым памылілася Ганна Канапацкая? Як улады выкарыстоўваюць абвешчаны «год жанчыны»? Што нарабіў цыклён «Улі» ў Беларусі, і ці могуць улады кантраляваць сытуацыю? У дыскусіі ўдзельнічаюць: грамадзкі дзяяч Мікалай Халезін, журналістка Кацярына Базанава, якая спэцыялізуецца на лацінаамэрыканскай тэматыцы, былая дэпутатка Віцебскага гарсавету, кіраўніца «Нашага дому» Вольга Карач, гендэрная і мэдыяэкспэртка Ірына Сідорская.
Глядзець відэаінтэрвію цалкам
0:00 Вольга Карач: што выявіў цыклён «Улі» ў камунальнай сфэры Беларусі
10:30 Журналістка Кацярына Базанава: што цяпер адбываецца ў Вэнэсуэле
22:50 Мікалай Халезін: урокі для Лукашэнкі і апазыцыі з амэрыканскай апэрацыі ў Вэнэсуэле
47:07 Ірына Сідорская: сапраўдныя праблемы жанчын, якія варта вырашыць у «год жанчыны»
Тут фрагмэнт размовы зь Мікалаем Халезіным
— У чацьвер пасьля амаль тыднёвай паўзы Аляксандар Лукашэнка ўпершыню выказваецца пра амэрыканскую апэрацыю ў Вэнэсуэле, сказаўшы, што вэнэсуэльскі варыянт у Беларусі нерэальны, што апэрацыя ЗША ў Вэнэсуэле — гэта саступкі Трампа вайскоўцам, што ў Беларусі разьмеркавалі ролі на выпадак раптоўнага зьнікненьня самога Лукашэнкі. Які ўрок вынес Лукашэнка з амэрыканскай апэрацыі ў Вэнэсуэле? І ці сапраўды яна нерэальная ў Беларусі?
Мікалай Халезін: У яго гэта заўсёды выклікала паталягічны страх, зь кім бы тое ні адбывалася. Нават калі былі такія «мяккія» сыходы, як у Ахмадзінежада, ці сьмерць Чавеса, — усё гэта заўсёды моцна па ім біла. Бо ён усё роўна ставіць сябе ў гэты шэраг. Ён — член гэтага клюба і нікуды ад гэтага не дзенецца і ня зможа падзецца да канца свайго жыцьця. Таму ў яго заўсёды будзе страх перад тым, што яго выкрадуць, страх перад тым, што яго заб’юць. У яго будзе дакладна такі ж страх за сваіх дзяцей, асабліва за малодшага. І гэта тое, з чым ён жыве і з чым будзе жыць да апошніх дзён. Бо такі лёс дыктатара. Іншая справа, што калі ён глядзіць на Вэнэсуэлу, я ня думаю, што ён настолькі моцна прыкладае гэтую мадэль да сябе. Бо ён разумее, што сытуацыя сёньня з боку Злучаных Штатаў цынічная. Ён разумее, што ён у чарзе хоць і вельмі блізка, але ўсё ж пакуль гэтая чарга да яго не падбіраецца з той прычыны, што Амэрыка цяпер занятая сваімі рэгіянальнымі гісторыямі. Калі казаць пра ўспрыманьне сытуацыі збоку — і Лукашэнкі ўнутры яе, і вэнэсуэльскай сытуацыі ўвогуле, мяне некалькі зьбянтэжыла, што людзі так захапляліся арыштам Мадура. У мяне, напрыклад, ні на хвіліну не ўзьнікла ні радасьці, ні адчуваньня, што «труп ворага плыве па рацэ». Не, на жаль, бо сытуацыя сумная.
— Пасьля арышту Мадура экс-кандыдатка на прэзыдэнта Ганна Канапацкая ў пасьце ў сваіх сацсетках намякнула Лукашэнку на неабходнасьць рыхтаваць транзыт улады. Праўда, пасьля Канапацкай давялося пісаць новы пост і тлумачыць, што яны мела на ўвазе «ня тое». Сам Лукашэнка, камэнтуючы ў чацьвер падзеі ў Вэнэсуэле, тлумачыў гэта здрадай. Мікалай, ці застрахаваны Лукашэнка ад здрады — той жа праўладнай Канапацкай і значна больш уплывовых фігураў у яго атачэньні?
— Кожны дыктатар, кожны рэжым, нават рэжым аятол у Іране, думае, што ніхто ім ніколі не здрадзіць. Але мы цяпер бачым, што адбываецца ў Іране, як у тым ліку, гарадзкія ўлады, сілавыя структуры пераходзяць на бок паўстанцаў. І калі ёсьць жаданьне як-небудзь ацаніць беларускую сытуацыю, я б больш глядзеў на сытуацыю ў Іране, а не на сытуацыю ў Вэнэсуэле. Бо ў Вэнэсуэле мы разумеем, на чым грунтуецца ўгода, а па Беларусі пакуль гэта не праглядаецца. Я маю на ўвазе чыста камэрцыйную зьдзелку, якую цяпер адну за адным заключае Дональд Трамп. Я ня вельмі веру ў тое, што ў цяперашнім урадзе ці ў сілавых структурах Лукашэнкі можа ўзьнікнуць нейкая фронда і што могуць зьявіцца людзі, якія вырашаць яго здаць. Але заўсёды ёсьць «але» — да той пары, пакуль яны не адчуюць, што сытуацыя зьмянілася. І вось тут ужо — хто першы дабяжыць, той першы і дабяжыць, каб здаць шэфа з патрахамі. Гэта заўсёды адбываецца прыблізна аднолькава. Я магу хоць у васьмідзесятыя гады гістарычна вярнуцца і расказаць пра велізарную колькасьць здрады або здачы сваіх лідараў, у тым ліку камуністычных лідараў, якія здаваліся цалкам непахіснымі ў сваёй гісторыі. Але ў выніку гэта адбывалася. Пытаньне ж заўсёды ў моманце — у тым моманце, які зьяўляецца ключавым.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.