Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка заявіў аб пашырэньні супрацоўніцтва з расейскай дзяржаўнай карпарацыяй атамнай энэргіі «Росатом» у рамках падпісанай у пачатку 2024 году комплекснай праграмы ў галіне атамных неэнэргетычных і неатамных праектаў.
«Мы, безумоўна, зацікаўленыя ў разьвіцьці ўсебаковага дзелавога ўзаемадзеяньня з дзяржкарпарацыяй па ўсіх кірунках. Цяпер, на мой погляд, галоўная задача — актывізаваць практычную работу», — працытавала Рамана Галоўчанку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Прэм’ер Беларусі на сустрэчы з генэральным дырэктарам «Росатома» Аляксеем Ліхачовым паведаміў, што 26 лістапада бакі падпішуць дапаўненьне да гэтай праграмы. Цяпер у Беларусі знаходзіцца вялікая дэлегацыя расейскай дзяржаўнай карпарацыі.
Раман Галоўчанка таксама ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды расейцам «за ўнёсак у рэалізацыю праекту па будаўніцтве БелАЭС».
У прыватнасьці, ордэн Пашаны атрымалі расейскі амбасадар у Беларусі Барыс Грызлоў, першы намесьнік гендырэктара – галоўны інжынэр Беларускай АЭС Анатоль Бондар, а таксама прадстаўнікі «Росатома» і прадпрыемстваў гэтай карпарацыі Аляксандар Лакшын, Віталій Палянін і Андрэй Пятроў.
Яшчэ некалькі расейцаў, якія прадстаўляюць арганізацыі і дзяржаўныя органы Расеі, што мелі дачыненьне да будаўніцтва АЭС, атрымалі падзякі Аляксандра Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Другі энэргаблёк БелАЭС уключылі ў сетку пасьля рамонту. Ён прастойваў 79 дзён