Дзявятая сустрэча краін Канвэнцыі аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансьмежавым кантэксьце (Espoo) завяршылася ў Жэнэве сустрэчай прадстаўнікоў на высокім узроўні. На ёй, як інфармуе reform. by, прынялі паўторнае рашэньне аб БелАЭС.
У сустрэчы ўзялі ўдзел 300 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі урадаў 46 краін, а таксама міжнародных і няўрадавых арганізацый.
Для Літвы найважнейшымі сталі рашэньне аб невыкананьні Беларусьсю сваіх абавязаньняў у Канвэнцыі Espoo пры эксплюатацыі БелАЭС і рашэньне аб неадпаведнасьці нацыянальнага заканадаўства Беларусі гэтай Канвэнцыі.
У рашэньні па БелАЭС бакі Канвэнцыі Espoo аднагалосна пацьвердзілі парушэньні, дапушчаныя Беларусьсю пры распрацоўцы гэтага праекту, абавязалі яе належным чынам стасаваць патрабаваньні Канвэнцыі ў будучыні і адзначылі недастатковы прагрэс у выкананьні рэкамэндацый Камітэту выкананьня Канвэнцыі Espoo.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Першы энергаблёк БелАЭС запусьцілі пасьля чарговага плянавага рамонту«У рашэньні аб неадпаведнасьці заканадаўства Беларусі ня толькі канстатуецца факт неадпаведнасьці, але і даюцца рэкамэндацыі аб тым, якія дзеяньні трэба прыняць Беларусі для належнага пераносу патрабаваньняў Канвэнцыі Espoo ў нацыянальнае заканадаўства», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя Літвы.
«Літва як суседняя зь Беларусьсю дзяржава вітае гэтыя рашэньні бакоў Канвэнцыі Espoo, што накіраваныя на забесьпячэньне належнага выкананьня ацэнкі транспамежнага ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, празрыстых працэдураў і адэкватнага інфармаваньня грамадзкасьці і ўстаноў суседніх краін», — сказала ў камэнтары Рамінта Радавічэне, намесьніца міністра навакольнага асяродзьдзя Літвы, якая была на паседжаньні.
- 16 сьнежня першы энэргаблёк БелАЭС уключылі ў сетку пасьля плянава-папераджальнага рамонту, паведамляе Міністэрства энэргетыкі.
- Першы энэргаблёк Беларускай АЭС вывелі ў чарговы рамонт 6 кастрычніка, ён доўжыўся 10 тыдняў. Летась такі рамонт праводзілі 198 дзён, хоць папярэдне плянавалі завяршыць за 80.
- Першы блёк БелАЭС увялі ў прамысловую эксплюатацыю 10 чэрвеня 2021 году. З моманту яго ўключэньня (3 лістапада 2020 году) блёк выпрацаваў каля 18,5 мільярдаў кіляват-гадзін электраэнэргіі. Як адзначаюць экспэрты, выпрацоўка у 2,5 раза меншая, чым абяцалі чыноўнікі.
- За час сваёй працы першы энэргаблёк БелАЭС спыняўся некалькі дзясяткаў разоў. Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі ў сваёй справаздачы адзначала, што ў 2022 годзе першы энэргаблёк БелАЭС не вырабляў электраэнэргію 54,6% часу.
- Тым часам, ад пачатку працы АЭС электрычнасьць у Беларусі падаражэла на 21–22% залежна ад тарыфу.