Урадавая камісія падпісала акт прыёму другога блёку Астравецкай АЭС у прамысловую эксплюатацыю

Мясцовасьць побач з Астравецкай АЭС, архіўнае фота

Улады патлумачылі, на падставе чаго прынятае рашэньне.

Прыёмачная камісія пад старшынствам намесьніка прэм’ер-міністра Пятра Пархомчыка падпісала акт прыёмкі ў эксплюатацыю пускавога комплексу другога энэргаблёку Беларускай АЭС, паведамілі БелТА ў прэс-службе Міністэрства энэргетыкі.

Рашэньне камісіі грунтуецца на станоўчых заключэньнях наглядных органаў і працоўнай камісіі БелАЭС, а таксама на падставе выдадзенай МНС ліцэнзіі на прамысловую эксплюатацыю другога энэргаблёку.

Да работы прыёмачнай камісіі, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Мінэнэрга, МНС, Дзяржстандарту, Мінбудархітэктуры, Мінпрыроды, Міністэрства аховы здароўя, МУС, Горадзенскага аблвыканкаму, ДВА «Белэнэрга», а таксама прадстаўнікі расейскіх кампаній «АСЭ», «Атамбудэкспарт», «Атамтэхэнэрга», шырока прыцягваліся таксама профільныя спэцыялісты, экспэрты і вучоныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейцы патлумачылі, чаму пабудавалі БелАЭС з затрымкай. Лукашэнка хоча ад іх кампэнсацыі

Ацэнку ажыцьцяўлялі па ключавых напрамках: праверка гатоўнасьці тэхналягічных сыстэм і абсталяваньня да асваеньня цеплавой і электрычнай магутнасьці, падрыхтоўка пэрсаналу, гатоўнасьць сыстэм бясьпекі, ядзерны нагляд і іншае.

Цяпер блёк працуе на намінальнай магутнасьці. З моманту яго ўключэньня ў аб’яднаную энэргасыстэму ён выпрацаваў больш за 2 млрд квт/г электраэнэргіі, сьцьвярджаюць улады.

30 кастрычніка міністар эканомікі Аляксандар Чарвякоў заявіў, што Беларусь вызначыла стратэгічным аб’ектам «другую АЭС». Таксама ён назваў эканамічныя патрабаваньні для таго, каб пачаць працу па яе праектаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністар эканомікі заявіў, што Беларусь вызначыла стратэгічным аб’ектам «другую АЭС»