Міністэрства энэргетыкі РФ «стрымана і з асьцярожнасьцю» ставіцца да ідэі будаўніцтва ў Беларусі другой атамнай электрастанцыі, заявіў намесьнік кіраўніка расейскага ведамства Павел Сьнікарс.
«Мы бачым, і мы адказваем за энэргетычныя магчымасьці. З пункту гледжаньня энэргетычных магчымасьцяў пакуль на ўзроўні тых тыпаў, памераў [рэактараў], якія маюцца зараз [у Беларусі], мы ня бачым у гэтым пляне [неабходнасьці будаўніцтва яшчэ адной АЭС]», — заявіў ён ТАСС 17 кастрычніка на XXVII Беларускім энэргетычным і экалягічным форуме, які адкрыўся ў Менску.
Таксама ён адзначыў, што, будуючы АЭС, «трэба разумець, хто будзе спажываць гэтую электраэнэргію».
«Задачы проста нешта пабудаваць, каб яно стаяла, няма», — дадаў Сьнікарс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Гэта правальныя паказчыкі». Беларуская АЭС у чаканьнях уладаў і ў рэальнасьці- Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра магчымасьць збудаваньня ў Беларусі яшчэ адной АЭС. Так, 28 студзеня ён адзначыў, што «поўны рашучасьці калі не пабудаваць, то пачаць будаўніцтва другой АЭС» і што ўжо «вядуцца дыялёгі зь некаторымі дзяржавамі, у тым ліку і з Расеяй» наконт будучага будаўніцтва.
- 19 траўня міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч заявіў, што ўлады «ўсё яшчэ разглядаюць» пытаньне будаўніцтва трэцяга энэргаблёка Беларускай АЭС ці другой атамнай станцыі.
- У пачатку верасьня расейская дзяржкарпарацыя «Расатам» заявіла, што гатовая дапамагчы Беларусі пабудаваць другую атамную электрастанцыю, калі адпаведнае рашэньне будзе прынятае ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Росатом» заяўляе, што гатовы дапамагчы Беларусі з будаўніцтвам другой АЭС- Беларуская АЭС працуе 2,5 года і за ўвесь гэты час агулам дала тыя самыя 18 мільярдаў кіляват-гадзін энэргіі. То бок выпрацоўка у 2,5 раза меншая, чым абяцалі чыноўнікі. Фізык-атамнік і актывіст беларускай антыядзернай кампаніі Андрэй Ажароўскі назваў гэтыя паказчыкі «правальнымі».
- На этапе адкрыцьця станцыі чыноўнікі чакалі, што яе запуск дазволіць скараціць спажываньне газу ў Беларусі на 4,5 мільярда кубамэтраў на год. Гэта б дазволіла зэканоміць каля паўмільёна даляраў на год. Тым часам імпарт газу пасьля адкрыцьця станцыі толькі вырас. У 2021 годзе Беларусь купіла 19,7 мільярда кубамэтраў газу, у 2022-м — таксама каля 19 мільярдаў кубамэтраў. То бок, калі газ і зэканомілі, то на аб’ёме ягоных закупак у Расеі гэта амаль не адбілася.
- Да запуску АЭС плянавалася, што энэргія будзе ісьці на экспарт. У 2020 годзе Беларусь прадала 653,2 мільёна кіляват-гадзін электраэнэргіі за мяжу, асноўныя пакупнікі — Украіна, Літва і Латвія. Пасьля ўводу АЭС у эксплюатацыю Вільня і Рыга адмовіліся купляць беларускую энэргію. Расея яе і так не набывала. Украіна зь лютага 2022 году таксама перастала купляць электраэнэргію ў Беларусі. Ці ідзе хоць нешта з таго, што вырабляе Астравецкая АЭС, на экспарт цяпер, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міністэрства энэргетыкі апраўдалася за «масавыя дэфэкты» на БелАЭС