У сілавікоў з чатырох навінаў тры — пра затрыманьне пратэстоўцаў. Што статыстыка МУС кажа пра «стабільнасць»

Праваахоўнікі і ўзброены баец без апазнавальных знакаў у Менску, 1 лістапада 2020 году

«Сытуацыя стабільная», — так кіраўнік КДБ Іван Тэртэль ацаніў 9 сакавіка пратэставую абстаноўку ў Беларусі. Глядзім, што пра гэта кажуць лічбы саміх сілавікоў.

631 чалавек пад крыміналкай за пратэсты і абразы сілавікоў

У Генпракуратуры назвалі колькасьць крымінальных спраў, зьвязаных з абразамі і гвалтам супраць сілавікоў, хуліганствам і апаганьваньнем маёмасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 468 крымінальных спраў супраць 631 асобы — статыстыка перасьледу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Спраў за катаваньні няма

Больш за 400 чалавек ужо асудзілі, паведамляе прэс-служба ведамства.

Па стане на сярэдзіну сакавіка пракуроры накіравалі ў суды 468 крымінальных спраў у дачыненьні да 631 асобы.

Акцыя пратэсту ў Менску, 23 жніўня 2020 году, ілюстрацыйнае фота

Справы, зьвязаныя з удзелам у «незаконных масавых мерапрыемствах і дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, гвалтам і пагрозай яго прымяненьня да прадстаўнікоў праваахоўнага блёку, іх публічнай абразай, апаганьваньнем надпісамі чужой маёмасьці, хуліганствам, зьдзекам зь дзяржаўнай сымболікі».

631 асоба пад крымінальнай справай — гэта многа ці мала? Напрыклад, у 2019 годзе агулам асудзілі па крымінальных справах 38 726 чалавек. Найбольш судзілі за крадзяжы розным шляхам — 13 976 чалавек.

Напрыклад, за атрыманьне хабару ў 2019 годзе судзілі толькі 336 чалавек, а за пратэсты ад часу выбараў пад крыміналкай ужо 631 асоба — амаль удвая болей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 0,29% апраўдальных выракаў, 1007 асуджаных за карупцыю

Большасьць навінаў ад сілавікоў — пра затрыманьні пратэстоўцаў

Глядзім тэлеграм-канал МУС. 17 сакавіка там было апублікавана 4 навіны — тры зь іх пра затрыманьні за пратэсты тым ці іншым чынам: «крадзеж дзяржаўнага сьцяга ў Пінску», «затрыманьне адміністратараў тэлеграм-каналаў», «затрыманьне за абразу міліцыянта». І толькі адна навіна пра ДТЗ.

18 сакавіка на другую гадзіну дня ў тэлеграм-канале міліцыі 4 навіны, тры зь іх пра затрыманьні пратэстоўцаў, адна — пра конкурс для СМІ.

У тэлеграм-канале Сьледчага камітэту за 17 сакавіка 5 пастоў, два зь іх зьвязаныя з пратэстамі ў Беларусі: адзін тычыцца крымінальнай справы супраць адміністратараў тэлеграм-каналу, другі — пра загадкавую сьмерць Мікіты Крыўцова, які ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў Маладэчне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BYPOL апублікаваў гуказапіс голасу, падобнага на экс-міністра Караева, які раіць ГУБАЗіКу: «Находите эту тварь и убирайте»

160 выпадкаў блякаваньня чыгуначных рэек

Ад пачатку 2020 году МУС Беларусі зафіксавала звыш паўтары сотні фактаў накладаньня дроту на рэйкі і выявіла 29 падазраваных у гэтым.

Як паведамілі ў сілавым ведамстве, летась па ўсёй Беларусі выяўлена каля 160 спробаў блякаваньня чыгуначных рэек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 160 выпадкаў блякаваньня дротам. МУС падвяло вынікі пасьлявыбарчай «рэйкавай вайны»

293 «злачынствы супраць міліцыянтаў»

Начальнік менскай міліцыі Міхаіл Грыб расказаў пра 293 злачынствы супраць міліцыянтаў пасьля выбараў. І гэта толькі ў Менску. Гэта дзеяньні ў адносінах да супрацоўнікаў і іх маёмасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве судзяць 18-гадовага хлопца за надпісы на асфальце, якія даўно змыліся

13 затрыманых у звычайны дзень

16 сакавіка, у звычайны дзень, калі ў Менску не было абвешчана і не праводзілася ніякіх акцый, сілавікі паведамілі пра затрыманьне 13 чалавек у мікрараёне Новая Баравая. Пры затрыманьні ў пад’ездах дамоў, па словах жыхароў, адключалі электрычнасьць, каб не працавалі камэры відэаназіраньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС заявіла, што затрымала кіраўніка чату Новай Баравой. Агулам там узялі каля 13 чалавек

Сілавікі кажуць, што дваровых чатаў «звыш тысячы»

Супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС выявілі шэраг адміністратараў дваровых чатаў. Цяпер іх дзеяньням будзе дадзеная прававая ацэнка на прадмет «стварэньня або кіраваньня экстрэмісцкімі фармаваньнямі», паведамляе прэс-служба ведамства. Гаворка пра «звыш тысячы» дваровых чатаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК выкрыў звыш 1000 дваровых чатаў. Адміністратарам найбольш «радыкальных» прыгразілі 10 гадамі турмы