Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гатовыя выканаць любы загад». BYPOL аб перастаноўках у сілавых ведамствах


Нарада сілавікоў у Лукашэнкі, 11 сакавіка. Зьлева стаіць Дзьмітрый Гара.
Нарада сілавікоў у Лукашэнкі, 11 сакавіка. Зьлева стаіць Дзьмітрый Гара.

На гэтым тыдні Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка Сьледчага камітэта. Ім стаў Дзьмітрый Гара, раней — намесьнік генэральнага пракурора. Ён ужо заявіў, што кардынальных зьмен у дзейнасьці ведамства ня будзе.

Дзьмітрый Гара — ураджэнец Грузіі. Адукацыю атрымаў у Маскве. З 1993 года працаваў у Камітэце дзяржбясьпекі Беларусі. Быў начальнікам сьледчага ўпраўленьня КДБ. Па дадзеных СМІ, менавіта Гара ў мінулым годзе ўзначаліў міжведамасную камісію па праверцы фактаў зьдзекаў і жорсткага абыходжаньня падчас затрыманьня грамадзян на пратэстных мітынгах. Яе стварылі пасьля выбараў, але пра вынікі працы гэтай камісіі нічога невядома. Гара зьмяніў папярэдняга кіраўніка Сьледчага камітэта Івана Наскевіча. Аляксандр Лукашэнка адправіў яго ў адстаўку. Наскевіч узначальваў ведамства на працягу 6 гадоў.

З чым зьвязаная адстаўка Івана Наскевіча і чаму Сьледчы камітэт называюць самым неляяльным да ўлады сілавым ведамствам? Пра гэта тэлеканал «Настоящее время» пагутарыў з прадстаўніком ініцыятывы BYPOL Ігарам Лобанам.

— Сьледчы камітэт Беларусі стаў апошнім сілавым ведамствам, дзе Аляксандр Лукашэнка зьмяніў кіраўніка за апошнія месяцы. Пра што кажуць гэтыя перастаноўкі?

— Відавочна, што перастаноўкі, ператасоўкі ў кіраўніцтве сілавога блёка — гэта, скажам так, узмацненьне сваіх пазыцый. На кіруючыя пасады прызначаныя людзі, якія гатовыя выканаць любы загад, які аддасьць Лукашэнка. Чаму мы гаворым менавіта пра адданых людзях — таму што калі паглядзець біяграфію таго ж Гары, то гэта чалавек, які аддаў усё сваё жыцьцё служэньню ў КДБ, не падвёў, даказаў сваю адданасьць. Той жа Сіняўскі, які быў прызначаны на пасаду міністра па надзвычайных сытуацыях, доўгі час служыў у Службе бясьпекі прэзыдэнта. То бок, гэта проста свае людзі, да якіх ёсьць давер.

— А папярэдні кіраўнік СК Іван Наскевіч ня быў сваім?

— Ён, скажам так, трапіў у няласку. Быў такі выпадак, калі ён на дакладзе паведаміў, што неабходна каля 20 крымінальных спраў распачаць у дачыненьні да супрацоўнікаў сілавых ведамстваў па фактах катаваньняў, па фактах перавышэньня ўлады, за што ў прамым сэнсе быў выгнаны з кабінэта. Калі да гэтага моманту Сьледчы камітэт не асабліва шчыраваў у палітычных справах, то пасьля разносу ад Лукашэнкі аўтаматычна, па-мойму, у лістападзе, калі быў марш у Курапатах, была ўзбуджаная крымінальная справа, у якой 200 зь лішнім адразу падазраваных зьявілася, то бок [ справа была ўзбуджаная] у дачыненьні да ўсіх затрыманых. З тых часоў да яго сталі прыглядацца.

Плюс тут яшчэ такая сытуацыя. Даходзілі чуткі пра тое, што распрацоўвалася магчымасьць вяртаньня Сьледчага камітэта назад у МУС, але паколькі гэта вельмі дорага і гэта дало б магчымасьць многім сьледчым звольніцца без наступстваў. То бок, гэта рэарганізацыя, ты маеш права не заключаць новы кантракт, адпаведна, такім чынам атрымаць свабоду, не выплачваць кантрактныя грошы. Таму было прынятае рашэньне зрабіць усё прасьцей: прызначыць чалавека, які будзе проста жалезным кулаком трымаць гэтае ведамства, і ўсё.

— Новы кіраўнік СК — ураджэнец Тбілісі. І увогуле кіраўнікамі сілавых ведамстваў часта становяцца не беларусы. Гэта выпадковасьць або тэндэнцыя?

— Як кажуць, выпадковасьці не выпадковыя. Тэндэнцыя такая ёсьць. Нават калі паглядзець на Міністэрства ўнутраных спраў, дзеючы міністар Кубракоў — гэта першы ўраджэнец Беларусі за доўгі час. Але тут, наколькі мне вядома, ёсьць роднасная сувязь зь сям’ёй, таму ён атрымаў такі давер.

— У СМІ цыркулюе інфармацыя, што ў цэлым Сьледчы камітэт самае неляяльнае да Лукашэнкі сілавое ведамства. Што кажуць вашы крыніцы?

— Так, гэта праўда, па тых зьвестках, якія атрымліваем мы. Зноў жа, фідбэк пасьля прызначэньня (Гары) пацьвярджае гэта. Прынамсі, у нас былі такія зьвесткі, што каля 70% сьледчых аддалі галасы ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты. Адпаведным чынам прагаласавалі на выбарах, ня падтрымаўшы Лукашэнку.

— Новы кіраўнік СК Дзьмітрый Гара ўжо пасьпеў заявіць, што ніякіх кардынальных зьменаў у ведамстве ня будзе. На ваш погляд, што нешта зьменіцца?

— Тэндэнцыя як ішла, так і ідзе да ўзмацненьня рэпрэсій. Што тычыцца зьменаў унутры ведамства — я ня ведаю, наўрад ці. Магчыма, проста будзе зьменены шэраг ключавых кіраўнікоў на сярэдніх пазыцыях, якія будуць больш ляяльныя. Глябальна, у прынцыпе, я думаю, нічога не зьменіцца. Можа быць, у самым ведамстве проста пачнецца закручваньне гаек, як гэта адбываецца па ўсёй краіне. Гэта магчыма, гэта, хутчэй за, так і будзе, але гэтага не будзе відаць звонку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG