Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве судзяць 18-гадовага хлопца за надпісы на асфальце, якія даўно змыліся


Ілюстрацыйнае фота

У Ленінскім раённым судзе пачаўся суд над за «палітычныя» надпісы на асфальце. Надпісы сьцерліся, а крымінальная справа засталася.

Судзьдзя Аксана Ратнікава разглядае ўчынак Сяргея Турунава, дзеяньні якога ў жніўні 2020 году сьледчыя органы кваліфікавалі як «пашкоджаньне маёмасьці» (арт. 341 Крымінальнага кодэксу), піша 6tv.by.

Журналісты, якія сочаць за працэсам, адзначаюць, што крымінальная справа вядзецца за нанесеныя паўгода таму надпісы, хаця фарба даўно змылася з асфальту.

Згодна з матэрыяламі справы, 18-гадовы Турунаў у ноч на 15 жніўня з кампаніяй невядомых людзей нанёс надпісы на асфальт у магілёўскім мікрараёне Юбілейны. Абвінавачанага зь белай фарбай і пэндзлем затрымаў старшы прапаршчык вайсковай часткі № 6713 унутраных войскаў МУС Яўген Марчанка. Прапаршчык тады якраз вяртаўся з працы.

У Ленінскім РАУС на хлопца склалі адміністрацыйны пратакол паводле арт. 17.3 КаАП за зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап’яненьня. За гэта ён атрымаў штраф у 5,4 рубля.

Аднак у канцы лістапада сілавікі раптоўна паднялі старую справу. Пракуратура ўгледзела ў дзеяньнях Турунава злачынства. У сьнежні ішло папярэдняе сьледзтва, апытвалі сьведак.

Хлопец прызнаў сваю віну і раскаяўся. З абвінавачаньнем Турунаў згадзіўся, але адзначыў, што дзейнічаў ня ў групе асобаў, а самастойна. Ён вырашыў выказаць нязгоду з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў. Дзеля гэтага ноччу ён узяў белую фарбу і пэндзаль і пайшоў па сваім мікрараёне, наносячы на асфальт надпісы «3%», «Дзе 80%?» і лічбу 80 у знаку сэрца.

Прапаршчык Марчанка пацьвердзіў словы падсуднага, што той маляваў лічбы самастойна. Але сьведка, якім у судзе выступае супрацоўнік Ленінскага РАУС Дзяніс Бодзін, у сваіх паказаньнях зазначыў, што іншыя людзі пасьля затрыманьня маладога чалавека «проста разьбегліся».

Сяргею Турунаву пагражаюць грамадзкія работы, штраф ці арышт. Акрамя таго, дарожна-маставое прадпрыемства заявіла пазоў да яго аб шкодзе амаль на 57 рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG