Літва накіравала Беларусі ноту пратэсту ў сувязі з загрузкай паліва на БелАЭС

БелАЭС, архіўнае фота

Міністэрства замежных справаў Літвы 7 жніўня накіравала ў амбасаду Беларусі ноту пратэсту ў сувязі з пачаткам загрузкі ядзернага паліва на Беларускую АЭС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На БелАЭС пачалі загрузку ядзернага паліва, энэргетычны пуск плянуюць у чацьвёртым квартале 2020 году

У ноце сьцьвярджаецца, што «дзеяньні Беларусі ў рэалізацыі праекту АЭС парушаюць прынцыпы адкрытасьці, празрыстасьці і добрасуседзтва, а дзейнасьць АЭС побач зь літоўскай сталіцай Вільняй стварае непасрэдную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, навакольнаму асяродзьдзю і насельніцтву Літвы празь нявырашаныя праблемы ядзернай бясьпекі».

Літва заклікае прыпыніць запуск атамнай электрастанцыі ў Астраўцы да выкананьня рэкамэндацыяў па стрэс-тэставаньні ад Эўразьвязу, а таксама ў поўнай меры супрацоўнічаць з Эўрапейскай групай рэгулятараў ядзернай бясьпекі, Эўрапейскай камісіяй і іншымі міжнароднымі арганізацыямі.

Міністэрства згадвае, што 6 жніўня міністар замежных справаў Лінас Лінкявічус інфармаваў вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі аб будучым запуску БелАЭС і падкрэсьліваў, што Літва чакае актыўнага ўдзелу інстытуцыяў Эўразьвязу. Таксама пытаньне БелАЭС сярод іншых Лінкявічус абмеркаваў зь міністрам замежных справаў суседняй Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта праблема ЭЗ», — кіраўнік МЗС Літвы пра Астравецкую АЭС