Сяргей Чэрачань адмаўляецца ад пікетаў. Але будзе агітаваць за сябе

Сяргей Чэрачань ля ЦВК пасьля атрыманьня пасьведчаньня кандыдата ў прэзыдэнты. Менск, 14 ліпеня 2020 году

Штаб кандыдата на прэзыдэнта Сяргея Чэрачня цалкам адмовіўся ад правядзеньня пікетаў, каб не «размываць» галасы. Аднак Сяргей Чэрачань будзе працягваць агітацыйную кампанію: выступаць па радыё і тэлебачаньні, удзельнічаць у дэбатах, даваць інтэрвію.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Цяпер ёсьць кандыдат, якога падтрымлівае вялікая колькасьць насельніцтва. Ёсьць наша пазыцыя: мы засяроджваемся на іншай мэтавай аўдыторыі — бізнэс-супольнасьці, інтэлігенцыі. А ў іх крыху іншая аўдыторыя.

Але мы цудоўна разумеем, што ім патрэбная падтрымка. Калі мы зараз актыўна пачнём агітаваць і ў пэўнай ступені „размываць“ галасы, у дадзенай сытуацыі гэта ня будзе стратэгічна правільным рашэньнем. З гэтай прычыны мы сапраўды пакуль не праводзім пікеты», — патлумачыў Сяргей Чэрачань.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Бізнэс-інкубатары, рэформы і прыватызацыя. Што Сяргей Чэрачань сказаў на БТ

Раней штаб Сяргея Чэрачня падаў 6 паведамленьняў аб правядзеньні 138 пікетаў.

Аднак адмена пікетаў не азначае, што каманда Чэрачня зусім ня будзе праводзіць агітацыйную кампанію.

«Я буду выступаць па радыё і тэлебачаньні, у тэледэбатах, даваць інтэрвію і даносіць тую канцэпцыю, тую праграмную частку, якую распрацавала наша каманда. То бок мы будзем паўнавартасна ўдзельнічаць у гэтай кампаніі. Але пытаньне па агітацыі пакуль у падвешаным стане Якраз з прычыны таго, што мы разумеем складанасьць сытуацыі і не хацелі б нашкодзіць», — кажа Сяргей Чэрачань.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань першым апублікаваў перадвыбарчую праграму