Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэс-інкубатары, рэформы і прыватызацыя. Што Сяргей Чэрачань сказаў на БТ


Сяргей Чэрачань, архіўнае фота

21 ліпеня кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань упершыню зьвярнуўся праз тэлевізію да сваіх выбарцаў.

Што трэба зрабіць, на думку Сяргея Чэрачня, сьцісла:

  • мінімізаваць ролю дзяржавы,
  • скараціць колькасьць праверак,
  • дапамагчы бізнэсу, стварыць бізнэс-інкубатары,
  • прыбраць прывілеі для «сваіх бізнэсоўцаў»,
  • увесьці льготы ня толькі для айцішнікаў,
  • замест калгасаў стварыць фэрмэрскія гаспадаркі,
  • разьвіваць прыватызацыю,
  • адмяніць сьмяротнае пакараньне,
  • зьменшыць бюракратыю ў школах,
  • зрабіць жыльлё даступным для ўсіх грамадзянаў,
  • стварыць безбарʼернае асяродзьдзе «не на паперы».

Свой выступ Сяргей Чэрачань прысьвяціў эканамічным і сацыяльным рэформам. Ён выказаўся за тое, каб у Беларусі не было закрытых мэдцэнтраў для чыноўнікаў.

Рашэньні ў сфэры аховы здароўя павінны прымаць лекары, а не чыноўнікі, лічыць Чэрачань.

Сяргей Чэрачань выказаўся за свабодныя выбары. Ён лічыць, што кіраўнікоў гарадоў трэба абіраць, а не прызначаць зьверху.

Кандыдат выступіў за разьвіцьцё беларускай мовы і за вяртаньне нацыянальных сымбаляў: герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сьцяга. Гэтае пытаньне «варта вынесьці на рэфэрэндум», — лічыць Чэрачань. Таксама, на думку Чэрачня, варта адмяніць сьмяротнае пакараньне.

Сяргей Чэрачань заявіў пра неабходнасьць зьменаў у Канстытуцыю, але не вяртаньня да Канстытуцыі 1994 году.

Ён таксама выказаўся за ўзмацненьне ролі парлямэнту.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG